Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запавет Юрыя Хадыкі


Юры Хадыка, архіўнае фота
Юры Хадыка, архіўнае фота

23 чэрвеня споўнілася 85 гадоў з дня нараджэньня навукоўца і палітыка Юрыя Хадыкі, які памёр у 2016 годзе.

У глухія савецкія часы нас, студэнтаў – сяброў «Беларускай майстроўні», уразіла пагалоска, што ў Акадэміі навук доктар фізыка-матэматычных (!) навук Юры Хадыка чытае лекцыі пра старабеларускае мастацтва і хрысьціянскую культуру Эўропы.

Гэта былі незабыўныя глыткі сьвежага паветра — калі сапраўдныя, а ня дзьмутыя эстэтычныя вяршыні сьцьвярджаліся дакладнай аргумэнтацыяй.

Музэй старажытнабеларускае культуры, які ён разам з аднадумцамі ствараў і разьмяшчэньня якога ў Акадэміі навук дамогся, — наагул нешта фантастычнае для тае пары: прастора сапраўднай беларускай культуры, самабытнай і эўрапейскай, увайшоўшы ў якую, людзі ўмомант пазбаўляліся савецка-імпэрскага шалупіньня ў галаве і ўсьведамлялі сябе носьбітамі выдатнае традыцыі.

Юры Хадыка, 1976
Юры Хадыка, 1976

І ў палітыцы Юры Віктаравіч прапаноўваў рашэньні з навуковай дакладнасьцю, доказы апанэнтаў выслухоўваў добрасумленна і аргумэнтаваў добразычліва. І наагул быў увасабленьнем інтэлігентнасьці, адкрытасьці, чалавечнасьці. Ягоным усячасным прынцыпам было «хто ня вораг, той можа стаць саюзьнікам», ён быў маторам кааліцыйных паразуменьняў дэмакратычных сілаў, бо па-навуковаму разумеў: скансалідаваную дыктатуру адолець можна толькі разам.

Як фізык ён цалкам усьведамляў маштаб Чарнобыльскай катастрофы. Таму і арганізоўваў навуковыя канфэрэнцыі, незалежныя экспэртызы наступстваў Чарнобылю, але не абмяжоўваўся толькі навуковымі мэтадамі барацьбы за праўду і ратаваньне народу, а шмат гадоў быў нязьменным арганізатарам «Чарнобыльскага шляху».

Юры Хадыка ў СІЗА-1 Менску, 1996
Юры Хадыка ў СІЗА-1 Менску, 1996

І гатовы быў ахвяраваць сабою, як падчас галадаваньня 1996 году, калі яго пасьля «Шляху», які стаў і акцыяй пратэсту супраць зьнішчэньня незалежнасьці Беларусі, кінулі ў вязьніцу.

Гэты ўчынак цалкам адпавядаў ягонаму бачаньню місіі адказных беларусаў і складанасьці задачы, якая стаяла перад імі. У 1989 годзе, калі толькі пачынаўся масавы рух за незалежнасьць, выступаючы на 40-тысячным мітынгу БНФ на стадыёне «Дынама», Юры Віктаравіч згадаў ВКЛаўскую лёгкую кавалерыю, ваяры якой ахвяраваліся, запаўняючы сваімі целамі варожыя равы-пасткі, каб усьлед за імі — літаральна па іх — маглі пайсьці ў атаку наступнікі.

Сёньня яму было б 85. Некалі на будынку Інстытуту фізыкі Акадэміі навук, дзе быў Хадыкаў кабінэт, ператвораны з канца 1980-х у штаб-кватэру БНФ, зьявіцца памятны знак у гонар аднаго з тытанаў новага Беларускага Адраджэньня.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG