Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Юры Хадыка выклікаў рэпрэсіі на гістфаку БДУ


Юры Хадыка, архіўнае фота

Два гады таму, 11 верасьня 2016 году памёр Юры Хадыка — беларускі фізык, палітык, прафэсар, актыўны ўдзельнік незалежніцкага руху Беларусі. Апошнія некалькі год жыў у ЗША, у сям’і сына. Яму было 78 год.

За тры гады да таго Сяргей Абламейка расказаў на Свабодзе, як Хадыка выклікаў рэпрэсіі на гістфаку БДУ. Свабода прыводзіць гэты тэкст ніжэй.

Увосень 1984 году некалькі студэнтаў гістарычнага факультэту БДУ вырашылі стварыць Гурток гісторыі Беларусі. Было нас пяць-шэсьць чалавек, у тым ліку дзьве дзяўчыны.

Гурток быў беларускамоўны. На першых пасяджэньнях мы плянавалі будучую дзейнасьць і абмяркоўвалі тэмы дасьледаваньняў. Сярод іншага, было вырашана запрасіць для гадавога курсу лекцыяў пра гісторыю беларускага мастацтва Юрыя Хадыку. На той час прафэсар фізыкі Хадыка быў ужо шырока вядомы ў Менску актывіст акадэмічнага кола, якое двойчы сабрала экспазыцыю Музэю старажытнабеларускай культуры Акадэміі Навук.

Была атрыманая згода дэканату, з прафэсарам быў узгоднены графік яго лекцыяў, і вось нарэшце надышоў час першага выкладу. У адной з аўдыторыяў галоўнага корпусу БДУ сабраліся гурткоўцы і... усё кіраўніцтва факультэту — дэкан, яе намесьнікі, парторг і некаторыя загадчыкі катэдраў. Кіраўніцтва было болей, чым саміх гурткоўцаў.

Юры Хадыка прачытаў адну са сваіх выдатных лекцыяў, якую назваў «Увядзеньнем у вывучэньне беларускага царкоўнага жывапісу». Паўтары гадзіны мы слухалі ціхі аповед усьмешлівага прафэсара, глядзелі слайды з абразамі, задавалі пытаньні. Кіраўніцтва гістфаку пытаньняў не задавала і пасьля паседжаньня зьнікла моўчкі. Наступная лекцыя мелася адбыцца праз два тыдні.

Адразу пасьля першай лекцыі мы правялі сход і вырашылі тэрмінова выдаць насьценгазэту. Праца ішла цэлы вечар і ноч. Назаўтра на дошцы аб’яваў гістфаку зьявіўся першы нумар насьценгазэты, якую мы патэтычна назвалі «Зямля пад белымі крыламі». Цэнтральнай публікацыяй нумару быў мой вялікі рукапісны артыкул пра лекцыю Юрыя Хадыкі. Я пераказваў зьмест прафэсарскага аповеду, а мова ў ім ішла пра... уніяцкія абразы, уніяцкую архітэктуру і наогул пра уніяцкую царкву і яе мастацтва.

Юры Хадыка ў экспэдыцыі, 1969 год
Юры Хадыка ў экспэдыцыі, 1969 год


Газэта правісела палову дня. Назаўтра раніцай, прыйшоўшы на заняткі, мы знайшлі толькі яе абрыўкі, што засталіся пад кнопкамі на дошцы з раскладам. У той жа дзень нас выклікалі ў дэканат і паведамілі, што гурток распушчаны, пасяджэньняў больш ня будзе, і лекцыяў прафэсара Хадыкі таксама...

Дзейнасьць гуртка мы змаглі аднавіць толькі праз год, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

​Гэты кароткі ўспамін мне тут спатрэбіўся для таго, каб праілюстраваць шматбаковую падзьвіжніцкую дзейнасьць Юрыя Хадыкі на ніве беларушчыны. Тут пра ўсё і не раскажаш. Трэба было б падрабязна пісаць пра шматлікія экспэдыцыі па Беларусі і пошукі прадметаў старога беларускага мастацтва, пра ўратаваньне надмагільля Сапегаў з Гальшанаў, пра барацьбу за заснаваньне Музэю Старажытнабеларускай культуры, пра паездкі ў Маскву з мэтай вяртаньня ў Беларусь старых беларускіх абразоў, калі маскоўскія калегі выключалі сьвятло ў сховішчах, а беларусы былі вымушаныя навобмацак шукаць рэльефнае тло нашых старых іконаў... Пра шматлікія лекцыі ўсюды, дзе толькі можна, з мэтай прапаганды беларускай культуры.

А былі ж яшчэ і 19 гадоў у кіраўніцтве БНФ, першае палітзьняволеньне і першая месячная палітычная галадоўка ў лёхах Валадаркі... Больш пра ўсё гэта, спадзяюся, напіша некалі ён сам. Спадзяюся таксама, што неўзабаве мы зможам прачытаць і «Гісторыю беларускага мастацтва» ягонага аўтарства.

Зьлева направа: Алесь Суша, Зянон Пазьняк, Міхась Ткачоў і Юры Хадыка
Зьлева направа: Алесь Суша, Зянон Пазьняк, Міхась Ткачоў і Юры Хадыка


Я вельмі блізка супрацоўнічаў з прафэсарам Хадыкам, калі пяць гадоў (з 1990 па 1995) стараўся неяк замацаваць легальны статус Уніяцкай царквы ў Беларусі. Практычна на ўсе афіцыйныя паседжаньні і сустрэчы ва ўладных кабінэтах я прасіў пайсьці са мной Юрыя Хадыку, руплівага верніка менскай грэка-каталіцкай парафіі Сьвятога Язэпа ад першага дня яе існаваньня. Яго прыязная ўсьмешлівасьць і адначасова цьвёрдая настойлівасьць часта вырашалі справу на нашу карысьць.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG