Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску разьвіталіся зь Юрыем Хадыкам — «чалавекам новага беларускага Адраджэньня»


Грамадзкае разьвітаньне зь Юрыем Хадыкам, былым намесьнікам старшыні БНФ і доктарам фізыка-матэматычных навук, адбылося ў грэка-каталіцкім цэнтры Сьвятога Язэпа.

«Тут тры гады таму мы, ягоныя сябры, разьвітваліся зь ім перад ягонай паездкай у ЗША. Паехаў, каб дапамагчы сыну, зьбіраўся хутка вярнуцца, спадзяваліся на сустрэчу, а цяпер даводзіцца разьвітвацца назаўсёды», — смуткуючы, сказала Сьвятлана Багдановіч, адна зь дзясяткаў аднадумцаў і аднаверцаў Юрася — як яго тут усе па-сяброўску называлі. Цягам некалькіх гадзін, пакуль ішло разьвітаньне і жалобная імша, людзі несьлі кветкі Юрасю Хадыку.

Разьвітальныя словы пра вядомага палітыка сказалі Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Алесь Бяляцкі, Валянціна Палевікова, Ян Грыб. Усе адзначалі найперш вялікі ўнёсак Юрыя Хадыкі ў змаганьне за незалежную і дэмакратычную Беларусь, захаваньне яе самабытнай культуры і мовы.

«Такіх дзеячоў новага беларускага Адраджэньня, як Юры Хадыка, нашчадкі ўпішуць у шэраг гістарычных постацяў, такіх, як айцы-заснавальнікі БНР», — сказаў старшыня БНФ на пачатку 2000-х гадоў Вінцук Вячорка.

Другі калега па кіраваньні БНФ — Лявон Баршчэўскі — адзначыў у прамове, што з прыходам Юрыя Хадыкі значна падняўся інтэлектуальны ўзровень Беларускага Народнага Фронту — у той час найбольш актыўнай апазыцыйнай арганізацыі ў Беларусі. «Ягоная моцная асоба прыцягвала найлепшых людзей», — сказаў Лявон Баршчэўскі.

Алесь Бяляцкі падзяліўся ўспамінамі, якія раскрывалі Юрыя Хадыку як выдатнага прапагандыста беларускай культуры. Праваабаронца Бяляцкі сядзеў на «Валадарцы» разам з Хадыкам, калі той трымаў галадоўку пратэсту. «Ён гадзінамі мог чытаць сукамэрнікам лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі», — гэтак было сказана пра Юрыя Хадыку, якога тады ўсе ведалі як фізыка паводле прафэсіі.

Таксама прамоўцы адзначылі такія рысы Хадыкі-палітыка, як здольнасьць размаўляць з апанэнтамі, знаходзіць зь імі агульнае, пераконваць тых, хто сумняецца, і дамаўляцца з палітычнымі саюзьнікамі.

Паводле Валянціны Палевіковай, у тым, што ў 2001 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах апазыцыі ўпершыню ўдалося дамовіцца пра вылучэньне адзінага кандыдата, ёсьць вялікая заслуга Юрыя Хадыкі.

Ня ўсё ўдалося, за што змагаўся Юры Хадыка, але ўсё ж праз гэтую барацьбу здолелі прытрымаць наступ дыктатуры і зьменшыць пагрозу незалежнасьці

Вінцук Вячорка таксама адзначыў, што ў вялікай ступені дзякуючы Хадыку ў канцы 90-х — пачатку 2000-х гадоў удалося правесьці некалькі кангрэсаў дэмакратычных сіл, зь якімі лічыліся ўлады. «Ня ўсё ўдалося, за што змагаўся Юры Хадыка, але ўсё ж праз гэтую барацьбу здолелі прытрымаць наступ дыктатуры і зьменшыць пагрозу незалежнасьці», — мяркуе Вінцук Вячорка.

Разьвітацца зь Юрыем Хадыкам прыйшлі таксама грамадзкія дзеячы і палітыкі Анатоль Лябедзька, Вячаслаў Сіўчык, Віктар Карняенка, пісьменьнік Уладзімер Арлоў і паэт Славамір Адамовіч, дзясяткі актывістаў БНФ розных часоў, прадстаўнікі іншых грамадзкіх арганізацыяў.

Урну з прахам Юрыя Хадыкі, якую сын палітыка Кастусь Хадыка прывёз з ЗША, падхавалі сёньня на Чыжоўскіх могілках у магілу жонкі Валянціны. Гэта адбылося на саракавы дзень ад сьмерці Юрыя Хадыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG