У Сэнаце ЗША прапануюць расцэньваць выкарыстаньне Расеяй ядзернай зброі, у тым ліку зь Беларусі, як напад на NATO

Сэнат ЗША. Архіўнае фота
Сэнат ЗША. Архіўнае фота

Ініцыятары рэзалюцыі Сэнату ЗША заклікаюць да кансультацый зь іншымі краінамі NATO пасьля заяваў Лукашэнкі і Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Сэнаце Кангрэсу ЗША зарэгістравалі двупартыйны праект рэзалюцыі, якая папярэджвае, што выкарыстаньне Расеяй тактычнай ядзернай зброі са сваёй або зь беларускай тэрыторыі ва Ўкраіне будзе расцэньвацца як напад на NATO.

Як паведаміў «Голас Амэрыкі», праект такой рэзалюцыі распрацаваны ў адказ на перадачу расейскай тактычнай ядзернай зброі Беларусі. Гэты першы выпадак разгортваньня расейскіх ядзерных боегаловак за межамі Расеі з моманту распаду СССР.

Паводле сэнатараў, такі крок зьяўляецца сур’ёзнай пагрозай для глябальнай бясьпекі ў распал вайны ва Ўкраіне.

«Найлепшы спосаб стрымаць гэтую пагрозу — гэта дакладна данесьці да пуцінскай Расеі, што адбудзецца, калі яны выкарыстаюць ядзерную зброю. Наш сыгнал атачэньню Пуціна: калі вы на гэта пойдзеце і выканаеце ягоны загад, калі ён яго зробіць, вы можаце чакаць магутнага адказу з боку NATO. Вы будзеце ў стане вайны з NATO», — сказаў адзін з аўтараў рэзалюцыі, рэспубліканец Ліндсі Грэм.

У дакумэнце таксама ёсьць заклік да адміністрацыі Джо Байдэна правесьці адпаведныя кансультацыі зь лідэрамі краін Паўночнаатлянтычнага альянсу і іншымі эўрапейскімі партнэрамі для распрацоўкі адказу, калі канфлікт стане ядзерным.

Расейскі амбасадар у ЗША Анатоль Антонаў назваў гэтую ініцыятыву ў Сэнаце «ня проста чарговай бязглуздай ініцыятывай».

«Гэта ўзор таго, хто сапраўды вядзе лінію на прамы глябальны канфлікт паміж Расеяй і краінамі NATO на чале з ЗША», — сказаў ён, камэнтуючы праект рэзалюцыі.

Антонаў падкрэсьліў, што разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі не парушае ніякіх міжнародных абавязаньняў Расеі і Беларусі.

​
XS
SM
MD
LG