У ЗША ня бачаць прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі з Расеі ў Беларусь

Афіцыйны прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі. Архіўнае фота
Афіцыйны прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі. Архіўнае фота

Рада нацбясьпекі ЗША ацаніла заявы Лукашэнкі і Пуціна аб ядзернай зброі як безразважную і безадказную рыторыку.

Афіцыйны прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі заявіў, што ў ЗША пакуль ня бачаць прыкметаў таго, што ядзерная зброя ўжо перамяшчаецца з Расеі ў Беларусь.

«Мы ня бачылі ніякіх прыкмет таго, што перамяшчэньне ядзернай зброі непазьбежнае або адбываецца. І мы, вядома, не бачылі нічога, што прымусіла б нас зьмяніць нашу ўласную пазыцыю», — сказаў Джон Кірбі на брыфінгу 12 чэрвеня.

Паводле яго, заявы Аляксандра Лукашэнкі зьяўляюцца «безразважным і безадказным» падыходам у размовах аб ядзерным патэнцыяле.

На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 9 чэрвеня ў Сочы Пуцін заявіў, што «мерапрыемствы, зьвязаныя з разьмяшчэньнем» тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі пачнуцца адразу ж пасьля таго, як 7–8 ліпеня на яе тэрыторыі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў».

25 траўня ў Маскве Лукашэнка заявіў, што перасоўваньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусь ужо пачалося. На ўдакладняльнае пытаньне, ці знаходзіцца ўжо ядзерная зброя ў Беларусі, Лукашэнка адказаў: «Магчыма. Я прыеду — пагляджу».

Міністры абароны Беларусі і Расеі 25 траўня падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў Беларусі. Кіраўнік Мінабароны Расеі заявіў, што «кантроль над ім і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

​
XS
SM
MD
LG