Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка даведваецца ад Пуціна


9 чэрвеня адбылася чарговая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна — пятая з пачатку году. Гэтым разам галоўнай стала тэма хуткага разьмяшчэньня расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Пуцін расказаў Лукашэнку, што ў гэтай справе адбываецца на беларускай тэрыторыі.

Для Беларусі расейскі вэктар застаўся ці не адзіным кірункам замежнай палітыкі. Лукашэнка сустракаецца з расейскімі губэрнатарамі часам двойчы на тыдзень. І для Расеі з пачаткам расейскай агрэсіі супраць Украіны ўдзельная вага Беларусі ў яе замежнай палітыцы заўважна вырасла. Ужо даводзілася раней казаць, што для абодвух лідэраў такія сустрэчы маюць псыхатэрапэўтычны эфэкт. Гэта стала спосабам узаемнай падтрымкі адзін аднаго.

З тых агульных камплімэнтарных разваг з нагоды двухбаковага супрацоўніцтва, якія рабілі два лідэры перад тэлекамэрамі, найбольш зьвярнула на сябе ўвагу наступная заява Пуціна: «7–8 ліпеня заканчваецца падрыхтоўка адпаведных збудаваньняў, і адразу ж пачнем мерапрыемствы, зьвязаныя з разьмяшчэньнем на вашай тэрыторыі адпаведных відаў узбраеньняў».

Усе зразумелі, што размова ідзе пра ядзерную зброю. Варта заўважыць, што падчас вайны, у якой удзельнічаюць абедзьве краіны, ваенныя пляны, намеры бакоў, якія ваююць, — дзяржаўная таямніца. Іх усяляк хаваюць ад праціўніка.

А тут Пуцін дэманстратыўна перад тэлекамэрамі расказвае, калі і дзе Расея плянуе разьмясьціць ядзерную зброю. Гэта значыць, што ўвесь трэк пра ператварэньне Беларусі ў пярэдні край ваеннага супрацьстаяньня РФ з NATO мае для Масквы ня столькі ваенна-стратэгічнае, колькі палітычнае значэньне. Таму Пуцін так паказальна, на публіку, і абвяшчае свае пляны. Каб ворагі пачулі, спужаліся, запанікавалі і адступілі.

Другі момант. Ад пачатку практычнай рэалізацыі ідэі разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі ініцыятыва ўвесь час паходзіць з Масквы.

25 сакавіка Пуцін заявіў аб рашэньні разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі ядзерную зброю. 25 траўня Лукашэнка ў Маскве, адказваючы на пытаньні журналістаў пра сваю сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі, сказаў: «Ён мяне праінфармаваў, што падпісаў указ аб нашых дзеяньнях па разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі». І вось цяпер зноў Пуцін паведаміў Лукашэнку, што на тэрыторыі Беларусі (!) «заканчваецца падрыхтоўка адпаведных збудаваньняў» для захоўваньня ядзернай зброі. То бок расейскі кіраўнік расказвае беларускаму ўладару, што адбываецца на беларускай зямлі. Лукашэнка, як можна зразумець, прыняў інфармацыю да ведама.

Адметна, што тады ж, 25 траўня, Лукашэнка спачатку заявіў, што ўжо «пачалося перамяшчэньне ядзерных боепрыпасаў» на беларускую тэрыторыю, а потым удакладніў: «Магчыма. Я прыеду — пагляджу». Цяпер Пуцін яго праінфармаваў, што толькі пасьля 7–8 ліпеня пачнецца разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі.

Важная інфармацыя. Але дзеля яе атрыманьня цяпер Лукашэнку трэба адмыслова прыяжджаць у Маскву ці Сочы. Ад Пуціна ён цяпер даведваецца, што насамрэч робіцца на тэрыторыі Беларусі. Вось такі сёньня своеасаблівы беларускі сувэрэнітэт.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG