Зьнішчэньне Кахоўскай дамбы: вэрсіі і наступствы для экалёгіі, энэргетыкі і эканомікі Ўкраіны

абноўлена
Затоплены будынак у акупаванай Расеяй Новай Кахоўцы. 6 чэрвеня 2023
Затоплены будынак у акупаванай Расеяй Новай Кахоўцы. 6 чэрвеня 2023

Экспэрты заявілі, што пасьля зьнішчэньня дамбы Кахоўскага вадасховішча 7 чэрвеня адбудзецца пік падтапленьняў і толькі праз 3-4 дні вада пачне спадаць.

Ва ўмовах вялікай вады апынуліся каля 40 тысяч мясцовых жыхароў, як акупаваных Расеяй, так і падкантрольных Украіне тэрыторый.

Свабода сабрала вэрсіі таго, што адбылося 6 чэрвеня, факты другога дня пасьля разбурэньня дамбы і прагнозы наступстваў.

Падрыў або натуральнае разбурэньне пасьля ранейшых пашкоджаньняў

Украіна і Расея абвінавацілі адна адну ў падрыве плаціны. У абедзьвюх краінах завялі крымінальныя справы па аднолькавым факце з фармулёўкай «тэрарыстычны акт».

6 чэрвеня сьпікер апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» Натальля Гумянюк у тэлеэфіры заявіла, што прарыў дамбы адбыўся ня ў выніку абстрэлу, а здэтанавалі міны, якія раней закладвалі расейцы на выпадак наступу ўкраінскага войску.

Кахоўская ГЭС пасьля прарыву дамбы. Спадарожнікавы здымак Planet Labs, 6 чэрвеня 2023
Кахоўская ГЭС пасьля прарыву дамбы. Спадарожнікавы здымак Planet Labs, 6 чэрвеня 2023

Прадстаўнік Conflict Intelligence Team Руслан Лявіеў, аналізуючы спадарожнікавыя фатаздымкі, прыйшоў да высновы, што дамба паступова разбуралася сама пасьля пашкоджаньняў ад абстрэлаў, якія адбыліся ў лістападзе 2022 году. Паводле яго, ніводзін бок — ні Расея, ні Ўкраіна — не зацікаўленыя ў падрыве грэблі і такой катастрофе.

Журналіст амэрыканскага выданьня The Washington Post Эван Гіл таксама зьвярнуў увагу, што перад прарывам дамбы ўзровень вады ў вадасховішчы ўжо быў на «беспрэцэдэнтна высокім узроўні».

Пра гэта напісала і выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.

«Дамба ў Кахоўцы, якая знаходзіцца пад кантролем Расеі, часткова правалілася крыху раней за 03:00 па мясцовым часе 6 чэрвеня 2023 году. Да 12:00 уся ўсходняя частка дамбы і большая частка гідра- і інжынэрнай інфраструктуры была зьнесеная. Узровень вады ў Кахоўскім вадасховішчы перад абвалам быў рэкордна высокім, у выніку чаго асабліва вялікі аб’ём вады затапіў тэрыторыю ніжэй па цячэньні», — адзначаюць брытанскія выведнікі.

Паводле іх, канструкцыя дамбы, пэўна, яшчэ пагоршыцца цягам наступных некалькіх дзён і прывядзе да дадатковых падтапленьняў. У той жа час кіраўнік ураду Вялікай Брытаніі заявіў, што спэцслужбы краіны прадоўжаць вывучаць магчымыя прычыны разбурэньня дамбы.

У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны заявілі, што пакуль ня маюць дакладных доказаў, на падставе якіх можна было б упэўнена гаварыць пра адну зь некалькіх вэрсіяў, таму не змаглі прапанаваць незалежную ацэнку адказнасьці за зьнішчэньне дамбы.

Схема Кахоўскай ГЭС, інфаграфіка
Схема Кахоўскай ГЭС, інфаграфіка

Украінскія ўлады праводзяць эвакуацыю пад абстрэламі

Украінскія ўлады пачалі тэрміновую эвакуацыю грамадзян. Яны пазьбягалі публікацыі месцаў збораў, пабойваючыся расейскіх абстрэлаў і дадатковых ахвяр сярод цывільных.

Эвакуацыя жыхароў Херсону, 6 чэрвеня 2023
Эвакуацыя жыхароў Херсону, 6 чэрвеня 2023

Катастрофа не спыніла расейцаў. Паводле ўладаў Херсонскай вобласьці, якая найбольш пацярпела ў выніку штучнай паводкі, расейцы за адзін дзень нанесьлі 70 удараў па Херсонскай вобласьці з артылерыі, танкаў і авіяцыі і яшчэ 29 — па абласным цэнтры. У выніку абстрэлаў адзін цывільны загінуў і яшчэ адзін атрымаў раненьні.

Колькасьць ахвяраў паводкі пакуль невядомая. Расейскія акупацыйныя ўлады паведамілі аб тым, што ў Кахоўцы — эпіцэнтры падтапленьня — бязь вестак прапалі сем грамадзян. Крытычная сытуацыя адбываецца ў Алешках — з гэтага горада магчыма вывезьці людзей толькі на спэцыяльнай тэхніцы, бо ўсе дарогі затопленыя.

Што пагражае Запароскай АЭС

Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) заявіла, што пакуль ня бачыць непасрэднай пагрозы для бясьпекі Запароскай АЭС, якую кантралюе Расея.

Расейскі салдат на тэрыторыі Запароскай АЭС. 2022
Расейскі салдат на тэрыторыі Запароскай АЭС. 2022

Разам з тым кіраўнік арганізацыі Рафаэль Гросі заявіў, што ва ўмовах зьнішчэньня дамбы галоўнай мэтай застаецца падтрыманьне неабходнага ўзроўню вады ў сажалках-ахаладжальніках, бо нястача вады цягам доўгага пэрыяду часу можа выклікаць расплаўленьне паліва і выхад са строю аварыйных дызэль-генэратараў.

Кіраўнік МАГАТЭ заявіў, што тэрмінова наведае Запароскую АЭС.

У вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі перакананыя, што Запароская АЭС не сутыкнецца «з дадатковымі праблемамі бясьпекі ў выніку падзеньня ўзроўню вады ў вадасховішчы».

Як пацярпіць экалёгія

Ва Ўкраінскай кліматычнай сетцы, у якую ўваходзіць некалькі вялікіх экалягічных грамадзкіх арганізацый, заявілі, што маштабы нэгатыўных наступстваў для навакольля можна будзе ацаніць толькі праз пэўны час.

Украінцы пакідаюць Херсон разам са сваімі жывёламі, 6 чэрвеня 2023
Украінцы пакідаюць Херсон разам са сваімі жывёламі, 6 чэрвеня 2023

Сярод найбольш імаверных эколягі назвалі:

  • масавы мор рыбы, птушак і іншых прадстаўнікоў фаўны, масавая гібель свойскіх жывёлаў у часе разьліву вады;
  • пагроза эпідэмічнай сытуацыі ва ўсім Чарнаморскім рэгіёне;
  • зьнішчэньне біяразнастайнасьці ў прылеглых да раёну катастрофы тэрыторыях;
  • пападаньне ў ваду вялікай колькасьці шкодных рэчываў, такіх як паліва, хімічныя ўгнаеньні, каналізацыйныя сьцёкі і гэтак далей;
  • пагроза ядзернай катастрофы ў выпадку спыненьня ахалоджваньня рэактараў Запароскай АЭС.

Страты для сельскай гаспадаркі

У Міністэрстве аграрнай палітыкі і харчаваньня Ўкраіны падлічылі, што страты для галіны ў выніку зьнішчэньня дамбы перавысяць дзясяткі мільярдаў.

Паводле папярэдніх ацэнак, толькі на падкантрольнай Украіне тэрыторыі Херсонскай вобласьці будзе затоплена 10 тысяч гэктараў сельскагаспадарчых угодзьдзяў, у некалькі разоў больш — у акупаванай Расеяй частцы рэгіёну.

«Тэхнагенная катастрофа спыніць водазабесьпячэньне 31 сыстэмы арашэньня палёў Днепрапятроўскай, Херсонскай і Запароскай абласьцей. У 2021 годзе гэтыя сыстэмы забясьпечылі арашэньне на 584 тысячах гектараў, на якіх зьбіралі каля 4 мільёнаў тон збожжавых і алейных культур», — адзначаецца ў паведамленьні міністэрства.

Паводле аграрыяў, у выніку зьнішчэньня дамбы ўжо засталіся без вады 94% арашальных сыстэм Херсонскай, 74% — Запароскай і 30% — Днепрапятроўскай абласьцей.

Некаторыя населеныя пункты Херсонскай вобласльці цалкам апынуліся пад вадой. 6 чэрвеня 2023
Некаторыя населеныя пункты Херсонскай вобласльці цалкам апынуліся пад вадой. 6 чэрвеня 2023

«Зьнішчэньне Кахоўскай ГЭС прывядзе да таго, што ўгодзьдзі на поўдні Ўкраіны ўжо налета ператворацца ў пустэльню. Без Кахоўскага вадасховішча пацярпяць ня толькі аграрыі, а і крыніцы забесьпячэньня пітной вадой населеных пунктаў», — паведамілі ў Міністэрстве аграрнай палітыкі Ўкраіны.

У Інстытуце водных праблем Расейскай акадэміі навук маштабы наступстваў ацэньваюць так сама, як і ўкраінскія экспэрты.

Херсоншчына ў вадзе: спадарожнікавыя здымкі да і пасьля падрыву Кахоўскай ГЭС (фотагалерэя)

Паказаць яшчэ Паказаць менш
Паказаць яшчэ Паказаць менш
Паказаць яшчэ Паказаць менш
Паказаць яшчэ Паказаць менш
Паказаць яшчэ Паказаць менш
Previous slide
Next slide

Мінная небясьпека

Вядома, што адразу пасьля адыходу з Херсону расейскія войскі правялі шчыльнае мінаваньне Кахоўскай дамбы і ўсяго правага берага Дняпра, які знаходзіцца пад акупацыяй Расеі. Цяпер моцнае цячэньне можа вынесьці боепрыпасы ў іншыя рэгіёны. У такіх умовах абясшкодзіць міны практычна немагчыма і яны могуць стыхійна дэтанаваць у іншых месцах.

Часткова затопленая тэрыторыя каля Антонаўскага моста, што ў ваколіцах Херсону. 6 чэрвеня 2023
Часткова затопленая тэрыторыя каля Антонаўскага моста, што ў ваколіцах Херсону. 6 чэрвеня 2023

Кахоўская ГЭС — ніжняя прыступка Дняпроўскага каскаду электрастанцый. Знаходзіцца ў Херсонскай вобласьці. Яе ўзводзілі шэсьць гадоў, пачынаючы з 1950 году. Цяпер станцыя не вырабляе электраэнэргіі і, адпаведна, не працуе ў складзе ўкраінскай энэргасыстэмы. У 2020 годзе ўрад Украіны ўхваліў рашэньне аб далейшай разбудове станцыі і будаўніцтве Кахоўскай ГЭС-2, але з прычыны вайны рэалізацыя праекту так і не пачалася.

Раней «Укргідроенерго» паведамляла, што Расея стварыла на ГЭС сваю вайсковую базу. Гідраэлектрастанцыя знаходзіцца за 5 км ад Новай Кахоўкі, таксама акупаванай расейцамі.

​
XS
SM
MD
LG