Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Ўкраіны: расейскія войскі падарвалі дамбу акупаванай Кахоўскай ГЭС. ФОТА і ВІДЭА

абноўлена
Кахоўская ГЭС. 6 чэрвеня 2023
Кахоўская ГЭС. 6 чэрвеня 2023

Разбурэньне пагражае вялікімі затапленьнямі. Ужо ідзе эвакуацыя насельніцтва.

Падрыў адбыўся ў ноч на аўторак, 6 чэрвеня. Пра гэта паінфармавала апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень». Разбурана 11 з 28 пралётаў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі склікаў экстранае пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, паведаміў у твітэры кіраўнік РНБА Аляксей Данілаў.

У Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны паведамілі, што ў выніку падрыву дамбы ў раку Дняпро вылілася больш за 150 тон машыннай алівы, існуе рызыка далейшага выцеку звыш 300 тон.

Партызаны руху «Атэш» (створаны і дзейнічае на акупаванай Расеяй украінскай тэрыторыі. – РС) ужо ідэнтыфікавалі расейскіх вайскоўцаў, якія займаліся мінаваньнем дамбы і яе падрывам. Паводле іх, гэта вайскоўцы першага батальёну 205-й мотастралковай брыгады Ўзброеных сіл Расеі.

Урад Украіны паведаміў аб падтапленьні 24 дэакупаваных населеных пунктаў, у якіх пражываюць больш за 20 тысяч грамадзян. Пакуль удалося эвакуаваць 1300 жыхароў. Ёсьць населеныя пункты, да якіх ужо немагчыма дабрацца праз тое, што дарогі апынуліся пад вадой.

На акупаванай Расеяй тэрыторыі эвакуаваць неабходна жыхароў 20 населеных пунктаў, у якіх пражываюць каля 25 тысяч грамадзян.

Стала вядома, што ў горадзе Новая Кахоўка цалкам затапіла мясцовы заапарк. Усе жывёлы загінулі, уратавацца змаглі толькі лебедзі і качкі.

Спадарожнікавы здымак Maxar 6 чэрвеня 2023
Спадарожнікавы здымак Maxar 6 чэрвеня 2023

Кіраўнік прызначанай расейцамі акупацыйнай адміністрацыі Новакахоўскага раёну Ўладзімір Лявонцьеў спачатку абвяргаў, але затым пацьвердзіў ТАСС факт падрыву, але заявіў, што сытуацыя не выглядае крытычнай і патрабуецца эвакуацыя «нязначнай часткі» жыхароў. Ён абвінаваціў у абстрэлах украінскіх вайскоўцаў.

Сьпікерка апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» Натальля Гумянюк у эфіры ўкраінскай службы Радыё Свабода падкрэсьліла, што ў выпадку з разбурэньнем дамбы вядзецца менавіта аб падрыве, а не аб ракетным удары.

«Нават па выглядзе пашкоджаньняў, па вонкавым выглядзе самой дамбы відаць, што падрыў адбыўся знутры», — сказала Натальля Гумянюк.

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны нагадала, што раней паведамляла аб мінаваньні расейскімі войскамі Кахоўскай ГЭС адразу пасьля яе захопу ў 2022 годзе.

«Летась у красавіку ажыцьцявілі дадатковае мінаваньне шлюзаў і апораў. На самой дамбе ўстанавілі тэнтаваныя грузавікі з выбухоўкай», — паведамілі вайсковыя выведнікі Ўкраіны.

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што ў выніку падрыву Кахоўскай дамбы існуе небясьпека затапленьня 80 населеных пунктаў на поўдні краіны.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС зьяўляецца дадатковым фактам, які сьведчыць аб тэрарыстычнай дзейнасьці Расеі.

«Іх трэба выгнаць з кожнага куточка ўкраінскай зямлі. Ніводнага мэтра нельга ім пакідаць, бо кожны мэтар яны выкарыстоўваюць для тэрору. Толькі перамога Ўкраіны верне бясьпеку. І гэтая перамога будзе. Ні вадой, ні ракетамі, нічым іншым тэрарысты ня змогуць спыніць Украіну», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.

Міністэрства замежны спраў Украіны заклікала міжнародную супольнасьць адрэагаваць на тэрарыстычны акт, учынены расейскімі войскамі на Кахоўскай ГЭС.

«Падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС — тэхнагенны і экалягічны тэрарызм, найбольшая тэхнагенная катастрофа ў Эўропе за апошнія дзесяцігодзьдзі, чарговая праява генацыду Расеі супраць украінцаў», — адзначаецца ў заяве МЗС Украіны.

Украінскія дыпляматы падкрэсьлілі, што крытычнае зьніжэньне вады ў Кахоўскім вадасховішчы стварае перадумовы для магчымага інцыдэнту на Запароскай АЭС, якая атрымлівае ваду для падтрыманьня сыстэм бясьпекі.МЗС Украіны заклікала міжнародную супольнасьць засудзіць расейскі тэракт і тэрмінова ўвесьці новыя санкцыі супраць Расеі, у тым ліку на расейскую ракетную індустрыю і атамную галіну.

Затоплены горад Новая Кахоўка, які застаецца ў расейскай акупацыі
Затоплены горад Новая Кахоўка, які застаецца ў расейскай акупацыі

Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, заявіў, што падрыў Кахоўскай дамбы зьяўляецца «наўмыснай дывэрсіяй украінскага боку», каб пазбавіць Крым вады ад таго, што ўкраінскі «контранаступ захлынаецца». Сьпікер Крамля зьняпраўдзіў абвінавачаньні Кіева і эўрапейскіх палітыкаў, што дамбу падарвалі расейскія вайскоўцы.

Кіраўнік акупацыйнай расейскай улады Крыму Сяргей Аксёнаў заявіў аб рызыцы абмяленьня Паўночна-Крымскага каналу, празь які Крым забясьпечваецца вадой.

«Ёсьць рызыкі, што Паўночна-Крымскі канал будзе мялець. Цяпер вады ў канале недзе каля 40 мільёнаў кубамэтраў. Вадасховішчы, якія раней былі запоўненыя на 15-20%, цяпер запоўненыя на 80%», — паведаміў Сяргей Аксёнаў у сваім тэлеграм-канале.

У той жа час ён сьцьвярджае, што пітной вады «больш чым дастаткова» і цяпер праводзяць работы «для мінімізацыі стратаў у канале».

Кахоўская ГЭС да падрыву
Кахоўская ГЭС да падрыву
  • Кахоўская ГЭС — ніжняя прыступка Дняпроўскага каскаду электрастанцый. Знаходзіцца ў Херсонскай вобласьці.
  • Яе ўзводзілі шэсьць гадоў, пачынаючы з 1950 году. Цяпер станцыя не вырабляе электраэнэргіі і, адпаведна, не працуе ў складзе ўкраінскай энэргасыстэмы.
  • У 2020 годзе ўрад Украіны ўхваліў рашэньне аб далейшай разбудове станцыі і будаўніцтве Кахоўскай ГЭС-2, але праз вайну рэалізацыя праекту так і не пачалася.
  • Раней «Укргідроенерго» паведамляла, што Расея стварыла на ГЭС сваю вайсковую базу. Гідраэлектрастанцыя знаходзіцца за 5 км ад Новай Кахоўкі, таксама акупаванай расейцамі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG