Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС стварае дадатковыя пагрозы для бясьпекі акупаванай Расеяй Запароскай АЭС

абноўлена

Запароская АЭС. Архіўнае фота
Запароская АЭС. Архіўнае фота

Цяпер усе блёкі станцыі спыненыя, але яна патрабуе вонкавых энэрга- і водарэсурсаў для падтрыманьня сыстэм бясьпекі.​​​​​​​

Ва ўкраінскай кампаніі «Енергоатом», якая ажыцьцяўляе кіраваньне ўсімі атамнымі электрастанцыямі ва Ўкраіне, заявілі, што падрыў дамбы на Кахоўскім вадасховішчы стварае дадатковыя пагрозы для бясьпекі акупаванай расейцамі Запароскай АЭС.

«Вада з Кахоўскага вадасховішча неабходная для таго, каб станцыя падсілкоўвала кандэнсатары турбін і сыстэмы бясьпекі ЗАЭС. Зараз станцыйны ставок-ахаладжальнік напоўнены: на восьмую гадзіну раніцы ўзровень вады складае 16,6 мэтра, і гэтага дастаткова для патрэбаў станцыі. Але ўзровень імкліва зьніжаецца», — адзначылі ў кампаніі.

У кампаніі «Укргідроенерго» паведамілі, што ў выніку падрыву цалкам разбурана машынная заля Кахоўскай ГЭС.

«Станцыю аднавіць немагчыма», — адзначаецца ў паведамленьні кампаніі.

Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі МАГАТЭ заявіла, што яны маюць інфармацыю аб пашкоджаньні Кахоўскай дамбы.

«Экспэрты МАГАТЭ на Запароскай АЭС уважліва сочаць за сытуацыяй; на станцыі няма непасрэднай рызыкі для ядзернай бясьпекі», — адзначаецца на афіцыйнай старонцы МАГАТЭ ў Twitter.

Пазьней генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі выступіў з заявай, у якой расказаў аб усіх небясьпеках падрыву Кахоўскай дамбы для Запароскай АЭС.

«Адсутнасьць ахаладжальнай вады ў асноўных стаўках на працягу доўгага пэрыяду часу прывядзе да расплаўленьня паліва і выхаду з ладу аварыйных дызэль-генэратараў», — заявіў Рафаэль Гросі.

У той жа час ён дадаў, што паводле папярэдняй ацэнкі непасрэднай рызыкі для бясьпекі станцыі няма, але ён плянуе яе наведаць як мага хутчэй.

Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. Цяпер усе яе блёкі спыненыя, але яна патрабуе вонкавых энэрга- і водарэсурсаў для падтрыманьня сыстэм бясьпекі.

Акупацыйныя ўлады Крыму прызналі імавернасьць праблем з вадой пасьля падрыву Кахоўскай дамбы.

Кіраўнік акупацыйнай расейскай улады Крыму Сяргей Аксёнаў заявіў аб рызыцы абмяленьня Паўночна-Крымскага каналу, празь які Крым забясьпечваецца вадой.

«Ёсьць рызыкі, што Паўночна-Крымскі канал будзе мялець. Цяпер вады ў канале недзе каля 40 мільёнаў кубамэтраў. Вадасховішчы, якія раней былі запоўненыя на 15-20%, цяпер запоўненыя на 80%», — паведаміў Сяргей Аксёнаў у сваім тэлеграм-канале.

У той жа час ён сьцьвярджае, што пітной вады «больш чым дастаткова» і цяпер праводзяць працы «па мінімізацыі стратаў у канале».

Кахоўская ГЭС — ніжняя прыступка Дняпроўскага каскаду электрастанцый. Знаходзіцца ў Херсонскай вобласьці. Яе ўзводзілі шэсьць гадоў, пачынаючы з 1950 году. Цяпер станцыя не вырабляе электраэнэргіі і, адпаведна, не працуе ў складзе ўкраінскай энэргасыстэмы. У 2020 годзе ўрад Украіны ўхваліў рашэньне аб далейшай разбудове станцыі і будаўніцтве Кахоўскай ГЭС-2, але праз вайну рэалізацыя праекту так і не пачалася.

Раней «Укргідроенерго» паведамляла, што Расея стварыла на ГЭС сваю вайсковую базу. Гідраэлектрастанцыя знаходзіцца за 5 км ад Новай Кахоўкі, таксама акупаванай расейцамі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG