Сьвятлана Ціханоўская бярэ ўдзел у форуме па бясьпецы ў Браціславе. Мадэратар дыскусіі Тэры Марцін. 30 траўня 2023
Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская заклікала дзейнага старшыню Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) — міністра замежных спраў Паўночнай Македоніі Буяра Асмані «актывізаваць працу» АБСЭ па «вызваленьні палітвязьняў і маніторынгу палітычна матываваных судоў» у Беларусі.
Сустрэча адбылася 30 траўня на палях міжнароднага форуму па бясьпецы GLOBSEC у Браціславе.
Галоўны дарадца беларускага палітыка Франак Вячорка паведаміў BPN, што бакі ўзьнялі пытаньне «крызісу, у якім апынулася АБСЭ пасьля дэструктыўных дзеяньняў рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі і Расеі», якія «заблякавалі старшынства Эстоніі ў арганізацыі».
Ціханоўская і Асмані таксама абмеркавалі справаздачу ў рамках Маскоўскага мэханізму, «наступныя крокі па яго імплемэнтацыі», «супольныя дзеяньні краін АБСЭ на выпадак розных сцэнараў разьвіцьця крызісу ў Беларусі». Ціханоўская прапанавала «разгледзець іншыя мэханізмы АБСЭ, якія б дапамаглі ў вырашэньні беларускага пытаньня».
Асобную ўвагу суразмоўцы аддалі тэме меркаванага разьмяшчэньня расейскай тактычнай ядзернай зброі і знаходжаньня войскаў РФ на беларускай тэрыторыі.
Ціханоўская падкрэсьліла, што «ядзерная зброя будзе разьмешчана ў парушэньне беларускай Канстытуцыі і насуперак волі беларускага народу». Міжнародная супольнасьць, на яе думку, павінна адрэагаваць на гэтую сытуацыю «максымальна жорстка».
Апрача таго, паводле слоў палітыка, «усе расейскія войскі павінны быць выведзеныя зь Беларусі».