Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: 3 месяцы няма інфармацыі ад  Ціханоўскага; ад Бяляцкага прыйшоў першы ліст з калёніі


Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі

Паводле стану на 25 траўня, беларускія праваабаронцы прызналі палітзьняволенымі 1509 чалавек. Паводле іншых зьвестак, палітвязьняў можа быць больш.

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ў відэазвороце, прысьвечаным трэцяй гадавіне з моманту затрыманьня яе мужа Сяргея распавяла, што заўсёды, калі суразмоўцы ў замежных паездках пытаюцца: як у яго справы, ня ведае, што адказаць.

«Я ня ведаю, ці жывы ён. Ужо тры месяцы пра Сяргея няма ніякай інфармацыі», — сказала Ціханоўская.

Палітык зазначыла, што яшчэ ў лютым прапагандысты пускалі чуткі ў сваіх каналах аб тым, што ён памёр у турме.

«І, вядома, бачачы такое, маё сэрца, проста разьдзіралася ад турботы за яго і яго жыцьцё», — сказала Ціханоўская.

Яна падкрэсьліла, што зараз у месцах зьняволеньня з палітвязьнямі адбываюцца «жудасныя рэчы»: палітык распавяла пра няспынныя катаваньні палітзьняворленых і узгадала нядаўнюю сьмерць палітвязьня Мікалая Клімовіча.

«Я чытаю жудасныя навіны кожны дзень, і ў гэты момант думаю пра Сяргея», — сказала яна. — (...) За нашу зь ім трохгадовае расстаньне я пабывала ў такой колькасьці краін, якую раней нават не магла сабе ўявіць. Хоць насамрэч я мару вярнуцца дадому і жыць зь Сяргеем і дзецьмі ў свабоднай Беларусі«.

Ціханоўская адначыла, што сёньня трымаецца, дзякуючы беларусам.

«Яшчэ раз хачу сказаць дзякуй усім вам: тым, хто верыць і падтрымлівае Сяргея; тым, хто верыць і падтрымлівае мяне; тым, хто падтрымлівае саміх сябе, сваіх блізкіх ці нават незнаёмых людзей, якія аказаліся ў цяжкай сытуацыі», — сказала яна.

Хто такі Сяргей Ціханоўскі

  • Муж апазыцыйнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі ў 2020 годзе быў папулярным блогерам, стваральнікам праекту «Страна для жизни». Ягоныя сюжэты на youtube-канале мелі сотні тысяч праглядаў. Ён езьдзіў па краіне і выкрываў нядбайства чыноўнікаў, запісваў гутаркі зь людзьмі. У траўні 2020 году Сяргей заявіў пра прэзыдэнцкія амбіцыі. 29 траўня 2020 году яго затрымалі ў выніку правакацыі на пікеце ў Горадні. З таго часу ён у зьняволеньні.
  • Ціханоўскага абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальваньні варожасьці, перашкодзе працы Цэнтральнай выбарчай камісіі. На судзе 14 сьнежня 2021 году ён атрымаў 18 гадоў зьняволеньня. У чэрвені 2022 году КДБ унёс Ціханоўскага ў сьпіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Прыйшоў першы ліст ад Бяляцкага з калёніі

Палітзьняволенага Нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага этапавалі напрыканцы красавіка ў горацкую калёнію № 9. У канцы траўня адтуль ён змог прыслаць першы ліст.

Ягоны адрас: 213410 г.Горкі, ІК -9. Атрад нумар 8. Алесь Віктаравіч Бяляцкі.

3 сакавіка суд Ленінскага раёну Менску пакараў Алеся Бяляцкага пазбаўленьнем волі тэрмінам на 10 гадоў, а яго калегаў Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча – на 9 і 7 гадоў адпаведна.

Разгляд апэляцыйнай скаргі адбыўся 21 красавіка. Вярхоўны суд пакінуў прысуд бязь зьменаў.

Праваабаронцаў утрымліваюць у зьняволеньні больш за 22 месяцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG