Лінкі ўнівэрсальнага доступу

103 нобэлеўскія ляўрэаты падпісалі ліст з патрабаваньнем вызваленьня Алеся Бяляцкага


Карціна ў гонар Алеся Бяляцкага
Карціна ў гонар Алеся Бяляцкага

Ляўрэаты прэміі розных гадоў і розных сфэраў далучыліся да Міжнароднага ПЭНу ў падтрымцы беларускага палітвязьня.

«Алесь Бяляцкі — сымбаль надзеі і натхненьня для праваабаронцаў усяго сьвету, і ён варты пашаны. Замест гэтага ён апынуўся за кратамі разам з пяцьцю сябрамі праваабарончага цэнтру „Вясна“, заснаванага ім, каб падтрымаць тых, каго прыгнятаюць і перасьледуюць беларускія ўлады.

У сьнежні 2022 году Бяляцкаму не дазволілі выступіць з прамовай на цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру ў Осла, дзе яго віталі як промень сьвятла ў рэгіёне і за яго межамі.

Сьвет заслугоўвае таго, каб пачуць голас Бяляцкага. Мы падтрымліваем Алеся Бяляцкага і яго паплечнікаў па „Вясьне“: Марфу Рабкову, Валянціна Стэфановіча, Уладзімера Лабковіча, Леаніда Судаленку, Андрэя Чапюка — і заклікаем тэрмінова адмяніць іх прысуды і зьняць усе абвінавачваньні», — гаворыцца ў лісьце.

На сайце міжнароднага ПЭНу можна ўбачыць усіх падпісантаў.

Таксама ў лісьце адзначана, што Алесь Бяляцкі «прысьвяціў сваё жыцьцё прасоўваньню дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Ён наважыўся заклікаць Аляксандра Лукашэнку да адказу за яго бязьлітаснае, няспыннае і сыстэматычнае падаўленьне незалежных галасоў. За гэта ён плаціць дарагой цаной — дзесяцьцю гадамі зьняволеньня па надуманых падставах».

Міжнародны ПЭН — арганізацыя літаратараў і арганізацыя па абароне свабоды слова, публікуе ліст, падпісаны 103 нобэлеўскімі ляўрэатамі, у якім выказваецца салідарнасьць з пісьменьнікам, праваабаронцам, ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру і сябрам ПЭНу Алесем Бяляцкім і асуджаецца жорсткае, няспыннае і сыстэматычнае падаўленьне беларускімі ўладамі незалежных меркаваньняў.

«Мы салідарныя са шматлікімі пісьменьнікамі, журналістамі, дзеячамі культуры, праваабаронцамі і грамадзянамі Беларусі, якія адбываюць доўгія турэмныя тэрміны за тое, што яны мірна выказвалі сваё меркаваньне і казалі ўладзе праўду. Мы падтрымліваем мужны народ Беларусі, які працягвае змагацца за свае чалавечыя правы. Кажучы словамі Алеся Бяляцкага, мы таксама верым, бо ведаем, што пасьля зімы заўжды наступае вясна», — напісана ў лісьце.

21 траўня — Міжнародны дзень салідарнасьці зь беларускімі вязьнямі сумленьня.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG