«Не забывайцеся пра Беларусь». Ціханоўская выступіла на міжнароднай канфэрэнцыі GLOBSEC

Сьвятлана Ціханоўская ўдзельнічае ў бясьпекавым форуме ў Браціславе. 30 траўня 2023
Сьвятлана Ціханоўская ўдзельнічае ў бясьпекавым форуме ў Браціславе. 30 траўня 2023

Вайна Расеі супраць Украіны ня скончыцца, пакуль ня будзе вызваленая Беларусь, заявіла лідэрка дэмакратычных сіл Беларусі Сьвятлана Ціханоўская падчас дыскусіі на міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC у Браціславе.

Сьвятлане Ціханоўскай задалі пытаньне, чаму беларусы не паўстаюць цяпер, як яны зрабілі ў 2020 годзе, бо пратэст у Беларусі цяпер мог бы зьмяніць хаду вайны.

У адказ яна патлумачыла цяперашні ўзровень рэпрэсіяў у Беларусі, дзе штодня затрымліваюць дзясяткі людзей і дзе турэмнае зьняволеньне можа пагражаць за любыя дзеяньні, якія не падабаюцца ўладам.

Аднак пры гэтым Ціханоўская выказала ўпэўненасьць, што беларусы будуць гатовыя да пратэсту, калі зьявіцца магчымасьць.

Сьвятлана Ціханоўская прымае ўдзел у бясьпекавым форуме ў Браціславе. Мадэратар дыскусіі Тэры Марцін. 30 траўня 2023
Сьвятлана Ціханоўская прымае ўдзел у бясьпекавым форуме ў Браціславе. Мадэратар дыскусіі Тэры Марцін. 30 траўня 2023

Паводле яе, цяпер Беларусь мае дзьве галоўныя праблемы — жахлівы ўзровень рэпрэсіяў і пагрозу страты незалежнасьці. Ціханоўская заклікала дэмакратычныя краіны не забывацца пра сытуацыю ў Беларусі.

У дыскусіі, прысьвечанай змаганьню супраць дыктатураў, таксама ўзялі ўдзел былы кіраўнік тыбэцкага ўраду ў выгнаньні Лабсанг Сангай і прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай.

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай і былы кіраўнік тыбэцкага ўраду ў выгнаньні Лабсанг Сангай
Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай і былы кіраўнік тыбэцкага ўраду ў выгнаньні Лабсанг Сангай

Кіраўнік РСЭ/РС адзначыў, што ў шэрагу краін ня толькі праца незалежных журналістаў, але і доступ да незалежнай інфармацыі дагэтуль можа быць рызыкай. Ён расказаў пра перасьлед беларусаў за распаўсюд навінаў Радыё Свабода і іншых незалежных СМІ.

Напярэдадні, у першы дзень канфэрэнцыі, Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнткай Славаччыны Зузанай Чапутавай. Сярод тэмаў, якія абмяркоўвалі на сустрэчы, — разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, а таксама магчымасьць прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці за незаконны вываз украінскіх дзяцей і за рэпрэсіі супраць беларусаў.

​
XS
SM
MD
LG