Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Качанавай да Ціханоўскай. Расказваем пра імаверных пераемнікаў Лукашэнкі


Аляксандар Вальфовіч, Віктар Хрэнін, Віктар Лукашэнка, Раман Галоўчанка, Натальля Качанава, Сьвятлана Ціханоўская, Віктар Бабарыка, Павал Латушка. Каляж
Аляксандар Вальфовіч, Віктар Хрэнін, Віктар Лукашэнка, Раман Галоўчанка, Натальля Качанава, Сьвятлана Ціханоўская, Віктар Бабарыка, Павал Латушка. Каляж

Хто можа заняць месца Аляксандра Лукашэнкі. Расказваем пра патэнцыйных кандыдатаў на пасаду кіраўніка Беларусі.

Аляксандар Вальфовіч

Аляксандар Вальфовіч
Аляксандар Вальфовіч

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі.

  • 55 гадоў. Нарадзіўся ў Казані (Расея).
  • Скончыў дзьве расейскія вайсковыя вучэльні ў Маскве і Вайсковую акадэмію Беларусі.
  • Да 2020 году служыў на розных пасадах у беларускім войску. У 2020–2021 быў першым намесьнікам міністра абароны Беларусі.
  • Мае званьне генэрал-лейтэнанта.
  • Знаходзіцца пад санкцыямі шэрагу заходніх краін.
  • Паводле беларускага заканадаўства, у выпадку гвалтоўнай сьмерці Аляксандра Лукашэнкі ўлада пераходзіць да Савету бясьпекі, узначаліць які на гэты час фармальна павінен кіраўнік Савету Рэспублікі.

Натальля Качанава

Натальля Качанава
Натальля Качанава

Старшыня Савету Рэспублікі Беларусі.

  • 62 гады. Нарадзілася ў Полацку.
  • Скончыла Наваполацкі політэхнічны інстытут, Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь.
  • Працавала ў «Водаканале» і структурах жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Полацку, у Полацкім гарвыканкаме. Была кіраўніцай Наваполацку. У 2014–2016 гадах адказвала за сацыяльную сфэру ў ролі намесьніцы прэм’ер-міністра Беларусі. З 2016 па 2019 год узначальвала Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі.
  • Знаходзіцца пад санкцыямі шэрагу заходніх краін.
  • Паводле беларускага заканадаўства ўлада пераходзіць да старшыні Савету Рэспублікі ў выпадку натуральнай сьмерці Аляксандра Лукашэнкі.

Віктар Хрэнін

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін
Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін

Міністар абароны Беларусі.

  • 51 год. Нарадзіўся ў Наваградку.
  • Скончыў дзьве расейскія вайсковыя вучэльні, Вайсковую акадэмію Беларусі. Служыў вайскоўцам у Беларусі. З 2015 па 2020 год займаў пасаду камандуючага войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня Беларусі.
  • Мае званьне генэрал-лейтэнанта.
  • У жніўні 2020 году камандаваў вайскоўцамі, якія «абаранялі» стэлу ў Менску ад пратэстоўцаў.
  • Паводле Эўразьвязу, Хрэнін адказваў за прымусовую пасадку самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце.
  • Знаходзіцца пад санкцыямі шэрагу заходніх краін.
  • Выступіў сёлета замест Лукашэнкі на плошчы Перамогі 9 траўня падчас таямнічай адсутнасьці Лукашэнкі на публіцы.

Раман Галоўчанка

Раман Галоўчанка
Раман Галоўчанка

Прэм’ер-міністар Беларусі.

  • 49 гадоў. Нарадзіўся ў Жодзіне.
  • Скончыў Маскоўскі інстытут міжнародных адносін МЗС Расеі, Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі.
  • Займаў шэраг пасадаў у Савеце бясьпекі Беларусі, Генпракуратуры, Адміністрацыі прэзыдэнта. У 2013–2018 гадах быў паслом Беларусі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Саудаўскай Арабіі. З 2018 па 2020 год узначальваў Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт Беларусі.
  • Знаходзіцца пад санкцыямі Канады.
  • Сёлета 14 траўня зачытаў віншаваньне Лукашэнкі ў Дзень дзяржаўнага сьцяга, герба і гімна падчас адсутнасьці Лукашэнкі на публіцы.

Віктар Лукашэнка

Віктар Лукашэнка
Віктар Лукашэнка

Прэзыдэнт Алімпійскага камітэту Беларусі.

  • Старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі. 47 гадоў.
  • Нарадзіўся ў Магілёве.
  • Вучыўся на факультэце міжнародных адносін у БДУ.
  • Служыў у памежных войсках. Працаваў у МЗС Беларусі. Займаў пасаду памочніка прэзыдэнта Беларусі ў нацыянальнай бясьпецы з 2005 па 2021 год. Член Савету бясьпекі з 2007 году.
  • Мае званьне генэрал-маёра запасу. Знаходзіцца пад санкцыямі шэрагу заходніх краін. Пра яго палітычныя амбіцыі амаль нічога невядома. Віктар Лукашэнка часта зьяўляецца на публіцы, аднак вельмі рэдка робіць публічныя заявы.

Уладзімер Каранік

Уладзімер Каранік
Уладзімер Каранік

Старшыня Горадзенскага аблвыканкаму

  • 50 гадоў. Нарадзіўся ў Горадні.
  • Скончыў Горадзенскі мэдычны ўнівэрсытэт.
  • Мае ступень кандыдата мэдычных навук.
  • Працаваў у РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава ў Менску з 1996 па 2011 год. Быў галоўным доктарам Менскага анкалягічнага дыспансэра з 2011 па 2019 год.
  • Займаў пасаду міністра аховы здароўя ў 2019–2020 гадах.
  • У сакавіку 2021 году Лукашэнка заявіў, што лічыць Караніка «крэпкім кандыдатам» на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Сам Каранік такую пэрспэктыву ніяк не камэнтаваў.

Юры Караеў

Юры Караеў
Юры Караеў

Памочнік Лукашэнкі, інспэктар па Горадзенскай вобласьці.

  • 56 гадоў. Нарадзіўся ў Арджанікідзэ (Паўночная Асэтыя).
  • Скончыў дзьве расейскія вайсковыя вучэльні, Вайсковую акадэмію Беларусі.
  • Браў удзел у баявых дзеяньнях у Нагорным Карабаху.
  • Служыў у беларускіх структурах МУС, у тым ліку ў менскім АМАП.
  • Займаў пасаду міністра ўнутраных спраў у 2019–2020 гадах, кіраваў сілавікамі падчас пратэстаў 2020 году. Пацьвердзіў, што міліцыянты білі пратэстоўцаў.
  • Мае званьне генэрал-лейтэнанта міліцыі.
  • Знаходзіцца пад санкцыямі шэрагу заходніх краін.
  • У сакавіку 2021 году Лукашэнка заявіў, што лічыць Караева «крэпкім кандыдатам» на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Як і Каранік, Караеў пра гэта сам не выказваўся.

Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Дэмакратычная лідэрка Беларусі. Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту, які ня мае фактычнай улады ў Беларусі.

  • 40 гадоў. Нарадзілася ў Мікашэвічах Берасьцейскай вобласьці.
  • У дзяцінстве езьдзіла ў Ірляндыю паводле праграмы «Дзеці Чарнобыля».
  • Скончыла Мазырскі пэдагагічны ўнівэрсытэт.
  • Працавала перакладчыцай з ангельскай мовы ў арганізацыях Гомля.
  • Пасьля нараджэньня дзяцей была хатняй гаспадыняй, выхоўвала сына з асаблівасьцямі разьвіцьця.
  • У 2020 годзе ўключылася ў прэзыдэнцкую кампанію, калі ў ЦВК адхілілі кандыдатуру ейнага мужа блогера Сяргея Ціханоўскага.
  • Пасьля выбараў пад прымусам спэцслужбаў Лукашэнкі зьехала ў Вільню, дзе жыве дагэтуль. Працягвае палітычную дзейнасьць.
  • У Беларусі Ціханоўскую завочна асудзілі на 15 гадоў калёніі. Сама Ціханоўская неаднаразова заяўляла, што гатовая ўзначаліць Беларусь на пэрыяд, неабходны для правядзеньня новых дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў.

Павал Латушка

Павал Латушка
Павал Латушка

Кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўленьня, якое ня мае фактычнай улады ў Беларусі.

  • 50 гадоў. Нарадзіўся ў Менску.
  • Скончыў юрыдычны факультэт БДУ, Лінгвістычны ўнівэрсытэт у Менску.
  • Працаваў у МЗС Беларусі. Быў паслом Беларусі ў Польшчы, Францыі, Гішпаніі і Партугаліі.
  • Займаў пасаду міністра культуры Беларусі з 2009 па 2012 гады.
  • У 2019 годзе ўзначаліў Купалаўскі тэатар у Менску.
  • У жніўні 2020 году падтрымаў пратэсты, далучыўся да Каардынацыйнай рады.
  • Зьехаў зь Беларусі ў Варшаву. Працягвае палітычную дзейнасьць. У Беларусі Латушку завочна асудзілі на 18 гадоў калёніі за ягоную дзейнасьць.
  • У 2021 годзе Латушка не выключаў, што возьме ўдзел у выбарах прэзыдэнта Беларусі як кандыдат, калі будзе «запыт грамадзтва», але падкрэсьліваў, што выступае за парлямэнцка-прэзыдэнцкую рэспубліку.

Віктар Бабарыка

Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

Палітвязень.

  • 59 гадоў. Нарадзіўся ў Менску.
  • Скончыў мэхмат БДУ, Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі, магістратуру Беларускага эканамічнага ўнівэрсытэту.
  • Працаваў у «Белгазпрамбанку» (спачатку банк «Олимп») з 1995 году. З 2000 да 2020 году быў старшынём праўленьня «Белгазпрамбанку».
  • Стварыў дабрачынны фонд «Шанс», які дапамагае цяжка хворым дзецям.
  • Вярнуў у Беларусь карціны Марка Шагала, Хаіма Суціна, Лявона Бакста, Біблію Францішка Скарыны. Ініцыяваў культурную прастору «Ok16». Фінансаваў выданьне пяцітомніка Сьвятланы Алексіевіч.
  • У 2020 годзе ўключыўся ў прэзыдэнцкую кампанію. Яго пасадзілі яшчэ да выбараў разам з сынам Эдуардам. Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў калёніі нібыта за «хабар» і «адмываньне сродкаў».
  • Апошнім часам знаходзіўся ў наваполацкай калёніі, працаваў апальшчыкам.
  • У красавіку 2023 году стала вядома, што Бабарыку моцна зьбілі. Яго завезьлі ў шпіталь, а потым забралі адтуль. Дзе ён цяпер, невядома. Невядома таксама, ці зьбіраецца Бабарыка вяртацца ў палітыку пасьля вызваленьня з-за кратаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG