Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што паведамляюць дзяржаўныя СМІ пра Лукашэнку, якога шосты дзень няма ў публічнай прасторы


Скрыншот з сайту «СБ. Беларусь сегодня», дзе выкарысталі архіўны здымак з выступу Лукашэнкі ў ААН
Скрыншот з сайту «СБ. Беларусь сегодня», дзе выкарысталі архіўны здымак з выступу Лукашэнкі ў ААН

З 9 траўня Аляксандар Лукашэнка не зьяўляўся на публіцы, ёсьць непацьверджаная інфармацыя, што ён захварэў.

Дзяржаўныя СМІ тым часам трымаюць старыя здымкі Лукашэнкі ў топах сайтаў, паведамляюць пра ягоную ранейшую актыўнасьць, а пра здароўе ня пішуць нічога. Сабралі падрабязнасьці з такіх паведамленьняў.

Так, у вечаровым нядзельным выпуску навін «Главный эфир» ад 14 траўня на дзяржтэлеканале БТ-1 топ-тэмамі сталі: сьвяткаваньне «Дня дзяржаўнага сьцяга, герба і гімна» і адначэньне 9 траўня, а таксама дэталі выбараў у Турэччыне.

Гэтая падзеі ў першую чаргу абмяркоўвалі і ў выніковай перадачы «Контуры» на АНТ.

На АНТ пасьля рэпартажу «Аб памяці і сымбалях» паказалі фрагмэнт выступу Лукашэнкі на пасяджэньні Савету бясьпекі ад 20 лютага 2023 году. Тагачаснае выказваньне Лукашэнкі аб «пагрозе агрэсіўнага нацыяналізму, экстрэмізму, імклівым разьвіцьці „ідэалёгіі нэафашызму“», а таксама «ядзерным шантажы з боку лідэраў асобных заходніх дзяржаў» на дзяржаўным тэлеканале зьвязалі зь «сёньняшнім дыскрэдытаваньнем сымбаляў Беларусі „беглай апазыцыяй“ і „яе жаданьнем сьцерці памяць у народу, каб потым замясьціць сваімі героямі і прынцыпамі“».

Аднак ніхто не патлумачыў, чаму Лукашэнкі не было на сьвяткаваньні «Дня дзяржаўнага сьцяга, герба і гімна».

У выніковай перадачы на тэлеканале Беларусь-1 паказалі ўскладаньне Лукашэнкам вянка 9 траўня ў Менску
У выніковай перадачы на тэлеканале Беларусь-1 паказалі ўскладаньне Лукашэнкам вянка 9 траўня ў Менску

У ранішнім навінавым выпуску БТ-1 першарадную ўвагу надалі такім тэмам, як адкрыцьцё другога гандлёвага аб’екта зь беларускімі таварамі ў Маскве, папярэднія вынікі першага туру галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у Турэччыне і адкрыцьцё новага корпусу паліклінікі ў Бараўлянах.

Ні ў адной з апошніх перадач на дзяржаўных тэлеканалах пры гэтым не паведамлялася пра стан здароўя Аляксандра Лукашэнкі, які ўжо некалькі дзён не зьяўляўся на публіцы. Дзяржаўная тэлевізія абмежавалася толькі некалькімі кадрамі палітыка падчас ягонай паездкі ў Маскву і ўскладаньнем вянка да манумэнта Перамогі ў Менску 9 траўня.

«Калі публічных мерапрыемстваў няма, гэта ня значыць, што кіраўнік дзяржавы не працуе»

На сайце інфармацыйнага агенцтва БелТА таксама аб прычынах «зьнікненьня» Лукашэнкі ні слова. На галоўнай старонцы апублікавалі артыкул «Акцэнты сымбалічнага тыдня прэзыдэнта», дзе згадваецца, у тым ліку, адказ Лукашэнкі генсакратару ААН на запрашэньне на саміт ААН у Нью-Ёрк.

Ліст Аляксандра Лукашэнкі Антонію Гутэрышу тэма № 1 і для афіцыйнай газэты «СБ. Беларусь сегодня». Гэты тэкст на топе сайту выданьня 15 траўня. Навіна была апублікаваная ўночы 13 траўня.

15 траўня на топе сайта дзяржаўнай агенцыі БелТА фота з Лукашэнкам за 9 траўня
15 траўня на топе сайта дзяржаўнай агенцыі БелТА фота з Лукашэнкам за 9 траўня

Аднак, нягледзячы на адсутнасьць абнаўленьня навін аб падзеях, у якіх удзельнічаў Лукашэнка на працягу апошніх 6 дзён, БелТА падкрэсьлівае, што рабочы графік палітыка «заўсёды вельмі насычаны».

«І нават калі публічных мерапрыемстваў няма, гэта зусім ня значыць, што кіраўнік дзяржавы не працуе. Зрэшты, і падчас адпачынку, ці то хакейная трэніроўка ці колка дроў, Аляксандар Лукашэнка не-не ды і знойдзе падставу для чарговага даручэньня. Як ён любіць казаць, трэба ва ўсім ісьці ад жыцьця», — піша БелТА.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG