Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацыент асаблівай важнасьці. Пра палітычны аспэкт хваробы Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка. 15 траўня 2023
Аляксандар Лукашэнка. 15 траўня 2023

З 9 траўня незалежныя мэдыя кожны дзень нагадвалі, колькі часу Аляксандар Лукашэнка не зьяўляецца на публіцы. Гэтае пытаньне стала галоўным у інфармацыйным парадку дня Беларусі.

І хоць чуткі пра цяжкі стан Лукашэнкі, як выявілася, перабольшаныя, сытуацыя дала шмат падстаў для абмеркаваньня.

Сьцісла:

  • У любой краіне тэма здароўя першай асобы — гэта пытаньне палітычнае, праблема нацыянальнай бясьпекі.
  • Настойлівае імкненьне ўладаў паказаць, што Лукашэнка захоўвае свой уладны статус, наглядна сьведчыць пра значэньне гэтай тэмы для ўстойлівасьці існага рэжыму.
  • Кіроўная эліта атрымала сыгнал, сэнс якога палягае ў тым, што дзейны рэжым мае межы свайго існаваньня.
  • У Беларусі лукашызм без Лукашэнкі немагчымы.

Сёньня нарэшце Лукашэнка зьявіўся на публіцы. «Пул первого» сьцьвярджае, што 15 траўня ён наведаў камандны пункт ВПС і войскаў СПА. Лукашэнка зьявіўся, але асадак застаўся.

Ягоныя прыхільнікі абураюцца ў сацыяльных сетках тым, што такая вялікая ўвага аддаецца стану здароўя адной асобы. Маўляў, гэта некарэктна. Бо здароўе чалавека, нават такога важнага, — гэта інтымная рэч, ёсьць паняцьце мэдычнай таямніцы ды інш.

Але справа ў тым, што ў любой краіне тэма здароўя першай асобы — гэта пытаньне палітычнае, праблема нацыянальнай бясьпекі. І ўжо тым больш у краіне, дзе пануе рэжым асабістай улады і ўсе больш-менш важныя рашэньні (ня толькі палітычныя, а датычныя розных сфэр жыцьця грамадзтва) прымае адзін чалавек.

Цікава, як самі ўлады ўскосна дэманструюць, што пытаньне здароўя Лукашэнкі іх моцна хвалюе. Іх настойлівае імкненьне паказаць, што ён захоўвае свой уладны статус, наглядна сьведчыць пра значэньне гэтай тэмы для ўстойлівасьці існага рэжыму.

У прэсавай службе Лукашэнкі запэўнівалі, што ён працуе з дакумэнтамі, зь ім усё ў парадку. Маўляў, ён на сваім пасту: правадыр, бацька нацыі ня можа хварэць. Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы паказвалі старыя відэазапісы, дзе Лукашэнка здаровы і бадзёры.

Вельмі цікавы момант адбыўся на плошчы Перамогі 9 траўня пасьля ўскладаньня вянкоў. Каб выступіць са сьвяточнай прамовай, да мікрафона падышоў не Лукашэнка, а міністар абароны Віктар Хрэнін. Узьнікла далікатная сытуацыя. Што маглі падумаць вышэйшыя чыноўнікі, дый увесь народ, які глядзеў на гэтае відовішча па тэлевізары? Абывацель прызвычаіўся, што ў гэты дзень у гэтым месцы выступае самы галоўны начальнік. І раптам выступае нейкі Хрэнін пры Лукашэнку, які стаіць побач. Гэта што значыць? Што ў нас ужо новы галоўны начальнік? Ці што нам прапануюць пераемніка? І тут абвяшчаюць, што Хрэнін выступае «па даручэньні прэзыдэнта». Каб, крый Божа, не падумалі чаго крамольнага. І ў «ябацек» адразу ад сэрца адлягло.

Другая падобная гісторыя адбылася 14 траўня падчас урачыстага сьвяткаваньня Дня дзяржаўнага сьцяга, герба і гімна. Выступіў старшыня ўраду Раман Галоўчанка, павіншаваў прысутных і ўсіх жыхароў краіны з гэтым сьвятам. Здавалася б, чыстая рутына, пратакольнае мерапрыемства. Аднак зноў жа ў паветры павісла нямое пытаньне. Уголас яго ніхто не задаў, але яно мелася на ўвазе: «А дзе ж...?»

І ўлады адказвалі на гэтае пытаньне, якога нібыта ўголас ніхто не задае. Афіцыйна паведамляецца, што Галоўчанка «зачытаў віншаваньне прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі» з нагоды гэтага сьвята. Напрыклад, у эфіры праграмы «Тыдзень» на СТВ у YouTube сюжэт пра ўрачыстасьці быў падпісаны «Лукашэнка павіншаваў беларусаў з Днём сьцяга, герба і гімна», нягледзячы на тое, што віншаваньне зачытаў кіраўнік ураду.

То бок усім нагадвалася, што і прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка, і міністар абароны Віктар Хрэнін — гэта ўсяго толькі функцыя, інструмэнт у руках сапраўднага ўладара, які моцна трымае штурвал улады ў сваіх руках. Нагадвалі так, на ўсялякі выпадак. Каб зьнянацку нічога не падумалі.

Аднак, як бы там ні было, гісторыя з хваробай Лукашэнкі ня пройдзе бясьсьледна. Кіроўная эліта атрымала сыгнал, сэнс якога палягае ў тым, што дзейны рэжым мае межы свайго існаваньня. Супраць яго выступаюць законы фізычнай прыроды. Вельмі дакладна праблему сфармуляваў праўладны прапагандыст Аляксандар Шпакоўскі ў фэйсбуку: «Зразумела, што ў найбліжэйшыя гады завершыцца эпоха Лукашэнкі». Але, на мой погляд, у Беларусі лукашызм без Лукашэнкі немагчымы.

Што тычыцца самога Лукашэнкі, то яму вельмі некамфортна. Я не пра фізычны, а пра псыхалягічны стан. Убачыўшы, які ажыятаж выклікалі ягоныя праблемы са здароўем, ён вымушаны выйсьці на публіку хутчэй, не далячыўшыся, зь перабінтаванай рукой. А раптам хтосьці скарыстаецца хваробай і паспрабуе заняць вакантнае месца? Чалавек проста ня можа нармальна палячыцца. Ён ня толькі галоўны архітэктар, але адначасова і закладнік, ахвяра таго палітычнага рэжыму, той сыстэмы, якую сам жа і стварыў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG