Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: «Умацаваньне беларускасьці зьяўляецца прыярытэтам. Нельга дапусьціць ператварэньня Беларусі ў расейскую правінцыю»


Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай зь віцэ-прэм'ерам, міністрам замежных спраў і міністрам абароны Ірляндыі Міхолам Марцінам.
Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай зь віцэ-прэм'ерам, міністрам замежных спраў і міністрам абароны Ірляндыі Міхолам Марцінам.

Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу ў Інстытуце міжнародных і эўрапейскіх дачыненьняў (IIEA) у Дубліне заклікала «не дапусьціць ператварэньня Беларусі ў расейскую правінцыю або калёнію», паведамляе 4 траўня яе прэс-служба.

«Умацаваньне беларускасьці зьяўляецца ключавым прыярытэтам», — падкрэсьліла Ціханоўская, заявіўшы аб «бесьперапынным нападзе на беларускую культуру, мову і гістарычную памяць».

Палітык зьвярнула ўвагу на пастаяннае ўзмацненьне рэпрэсій у Беларусі і адзначыла дамінаваньне ў інфармацыйнай прасторы краіны прапагандысцкіх СМІ, якія распаўсюджваюць «антызаходнія і антыўкраінскія наратывы, апраўдваючы вайну ва Ўкраіне».

«Яны спрабуюць пераканаць беларусаў у тым, што расейская ядзерная зброя — гэта добра для краіны. У той час як абсалютная большасьць беларусаў катэгарычна супраць гэтага», — падкрэсьліла дэмакратычная лідэрка.

Паводле слоў Ціханоўскай, беларусы «робяць усё магчымае, каб захаваць адзінства дэмакратычных сіл»: «У мінулым годзе мы стварылі Аб’яднаны пераходны кабінэт, які працуе як урад у выгнаньні, каардынуе дзейнасьць беларусаў у выгнаньні і ўнутры краіны».

«Наша мэта — мець легітымны прадстаўнічы орган, які прадстаўляе Беларусь і беларускі народ на міжнароднай арэне. І я рада бачыць, што ўсё больш краін і міжнародных арганізацый працуюць з намі, а не са злачынным рэжымам у Менску», — сказала Ціханоўская. Палітык заклікала захаваць пытаньне Беларусі і палітвязьняў «у сусьветным парадку дня».

«Мы павінны зрабіць іх вызваленьне нашым агульным прыярытэтам. Такія арганізацыі, як ААН ці АБСЭ, могуць быць больш актыўнымі ў гэтым напрамку», — адзначыла яна.

Дэмакратычны лідэр заклікала да санкцыйнага ціску, накіраванага на «аслабленьне рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна і на раскол эліт вакол іх», а таксама перасьлед «Лукашэнкі і яго набліжаных праз наяўныя мэханізмы і стварэньне новых».

«Мая мара — каб Беларусь стала надзейным, паважаным і каштоўным членам эўрапейскай сям’і свабодных народаў», — падкрэсьліла Ціханоўская.

Інстытут міжнародных і эўрапейскіх дачыненьняў (The Institute of International and European Affairs) — вядучы аналітычны цэнтар Ірляндыі ў галіне міжнародных дачыненьняў.

  • Сьвятлана Ціханоўская наведвае Ірляндыю з 1 па 4 траўня. У праграме — перамовы з прэзыдэнтам Майклам Хігінсам, прэм’ер-міністрам Леа Варадкарам, сьпікерамі абедзьвюх палат парлямэнту Шонам Фэрылам і Маркам Дэйлі, сустрэча зь беларускай дыяспарай у Ірляндыі. Частка афіцыйных мерапрыемстваў ужо адбылася.
  • 2 траўня Ціханоўскай уручылі Міжнародную прэмію міру Тыпэрэры. Гэта важная ўзнагарода Ірляндыі за гуманітарную дзейнасьць, якая штогод прысуджаецца арганізацыяй «Канвэнт сьвету графства Тыпэрэры».
  • Яе ляўрэатамі былі прэзыдэнт ПАР Нэльсан Мандэла, амэрыканскі сэнатар Эдвард Кенэдзі, пакістанская школьніца-праваабаронца Малала Юсуфзай, генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, дзяржсакратар ЗША Джон Кэры і іншыя палітыкі і грамадзкія дзеячы.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG