Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскай школе імя праўладнага пісьменьніка Чаргінца адкрылі музэй, прысьвечаны Чаргінцу. Пры ягоным жыцьці


Мікалай Чаргінец
Мікалай Чаргінец

У сярэдняй школе № 76 Менска адкрыўся музэй, прысьвечаны народнаму пісьменьніку, ганароваму старшыні праўладнага Саюза пісьменьнікаў Беларусі, генэралу-лейтэнанту Мікалаю Чаргінцу.

Як апісвае падзею sb.by, Чаргінца сустракалі «громам аплядысмэнтаў і ваенным аркестрам».

«Візыт народнага пісьменьніка ў школу № 76 ператварыўся ў сапраўдны агляд дасягненьняў навучэнцаў, якія знаходзяцца ў ваенна-патрыятычных клюбах, добраахвотнай дружыне юных пажарных, якія сур’ёзна займаюцца ў рамках школы музэйнай дзейнасьцю, прысьвечанай тэме Вялікай Айчыннай вайны». — піша выданьне.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч назваў Чаргінца «нацыянальным здабыткам» і «прыкладам, на якім можна вычуцца патрыятызму і любові да радзімы».

У экспазыцыі музэя, як вынікае з фотасправаздачы дзяржаўных СМІ, прадстаўленыя яго кнігі, мэдалі, дыплёмы, вопратка, фрагмэнты зброі.

У сьнежні 2022 году згаданую менскую школу ўжо назвалі імем Чаргінца. Звычайна школы называюць імёнамі людзей ужо пасьля іх сьмерці, але Чаргінец жывы.

84-гадовы Чаргінец піша на расейскай мове. Атрымаў вядомасьць як аўтар міліцэйскіх дэтэктываў «Следствие продолжается», «Финал Краба», «Служба — дни и ночи», «Вам — задание», «За секунду до выстрела».

Самым скандальным творам Чаргінца зьяўляецца раман «Тайна Овального кабинета», у якім з шэрагам інтымных сцэнаў пісьменьнік апісаў кіраваньне прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана.

З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Чаргінец падтрымаў яго. Больш за дзесяць гадоў ён узначальваў камісію міжнародных спраў у Савеце Рэспублікі (1996–2008), у 2001-м быў даверанай асобай Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах.

Чаргінец зьяўляўся першым кіраўніком Саюзу пісьменьнікаў Беларусі (СПБ), створанага ў 2006-м, калі частка літаратараў, якая знаходзілася на прадзяржаўных пазыцыях, выйшла з адзінага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (СБП), які існаваў яшчэ з сярэдзіны 1930-х гадоў. СПБ атрымаў дзяржаўную падтрымку, памяшканьні ў будынку Дома літаратараў у цэнтры Менску, а таксама кантроль над дзяржаўнымі літаратурнымі выданьнямі. Што тычыцца «недзяржаўнага» СБП, то ў 2021 годзе Вярхоўны суд яго зьліквідаваў.

У час, калі Саюзам пісьменьнікаў кіраваў Чаргінец, наклад калісьці папулярнага штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» зьменшыўся амаль у дзесяць разоў. Зь ведама Чаргінца імёны шэрагу вядомых пісьменьнікаў былі ўнесеныя ў так званыя «чорныя сьпісы» дзяржаўных выдавецтваў.

У 2022-м Чаргінец стаў ганаровым старшынёй СПБ, Лукашэнка даў яму званьне народнага пісьменьніка Беларусі, паставіўшы ў адзін шэраг зь Якубам Коласам, Янкам Купалам, Максімам Танкам, Рыгорам Барадуліным і шэрагам іншых славутых аўтараў. Упершыню званьне атрымаў той, хто піша па-расейску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG