Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць камэр назіраньня ў Менску хочуць павялічыць у 5 разоў, міліцынты пачнуць выкарыстоўваць дроны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У кожным раёне Менску хутка створаць спэцыяльныя падразьдзяленьні міліцыі для працы зь бесьпілётнікамі, а колькасьць камэр назіраньня ў сталіцы хочуць павялічыць да 30 тысяч, распавёў у інтэрвію «На страже» начальнік ГУУС Менгарвыканкаму Міхаіл Грыб.

Паводле яго, цяпер у Менску ўжо больш за 6 тысяч камэраў відэаназіраньня, ствараюцца ўмовы для разьвіцьця сеткі да 30 тысяч. Менск — адзіны ў Беларусі горад, дзе ў міліцыі ёсьць уласная служба відэаназіраньня, якая ахоплівае ўсе станцыі мэтро, вакзалы, буйныя спартовыя аб’екты і гандлёвыя цэнтры, забаўляльныя ўстановы, АЗС.

Гаворачы пра новаўвядзеньні ў працы міліцыі, Міхаіл Грыб распавёў, што «ў бліжэйшыя месяцы на базах РУУС зьявяцца падразьдзяленьні, якія спэцыялізуюцца на працы зь бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі (дронамі)».

Пасьля выбараў 2020 году сілавікі ў Беларусі актыўна выкарыстоўваюць плятформу для распазнаваньня асобаў KIPOD для пошуку ўдзельнікаў пратэстаў. Пад сыстэму падключаныя тысячы камэраў відэаназіраньня па ўсёй краіне. Гэтыя камэры адыгралі важную ролю ў арыштах сотняў пратэстоўцаў і апанэнтаў улады.

Што тычыцца дронаў, у сакавіку намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў таксама адзначаў, што падчас масавых пратэстаў у Беларусі з дапамогай дронаў сілавікі маглі «агледзець усю тэрыторыю і вывучыць абстаноўку, каб скласьці поўную карціну і эфэктыўна працаваць невялікімі групамі» пратэстоўцаў. Таксама дроны, паводле Карпянкова, плянуюць выкарыстоўваць «супраць патэнцыйных дывэрсантаў».

У 2022 годзе ў Менску ўзрасла колькасьць злачынстваў

Што да статыстыкі злачынстваў, начальнік ГУУС Менгарвыканкаму прызнаў, што ў 2022-м іх колькасьць у Менску ўзрасла, у значнай ступені — за кошт махлярстваў па схеме «Ало, мама!» (у рамках яе зламысьнікі тэлефануюць пажылым людзям і гавораць, што іх сын ці дачка сталі віноўнікамі аварыі, і для вызваленьня ад адказнасьці ці правядзеньня лекаваньня тэрмінова патрэбныя грошы, а потым адпраўляюць па названым адрасе саўдзельніка забраць грошы — РС). Паводле Грыба, менш чым за год ад гэтай махлярскай схемы пацярпелі больш за 600 менчукоў, якія перадалі зламысьнікам звыш 4 мільёнаў даляраў у эквіваленце.

Таксама на крывую злачыннасьці ў Менску, паводле начальніка ГУУС Менгарвыканкаму, паўплывала папулярызацыя сэрвісаў каршэрынгу. Ва ўсіх раёнах горада выяўлялі выпадкі, калі арэндныя аўтамабілі бралі напракат па чужых або падробленых дакумэнтах, што міліцыя кваліфікавала як угон.

Гаворачы пра статыстыку, Грыб заявіў, што ў барах вуліц Зыбіцкай і Рэвалюцыйнай «учыняецца мінімум у 4 разы больш правапарушэньняў, чым дзе-небудзь у горадзе», таму «выпрацаваныя адпаведныя кіраўнічыя рашэньні (у тым ліку аб стварэньні асобнай групы маніторынгу)».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG