Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адказаў Ватыкан пра сувязь Каталіцкай царквы зь бізнэсоўцам Зайцавым і абыходам санкцый


Каляж: Аляксандар Лукашэнка, Папа Рымскі Францішак, бізнэсовец Аляксандар Зайцаў (зьлева направа)
Каляж: Аляксандар Лукашэнка, Папа Рымскі Францішак, бізнэсовец Аляксандар Зайцаў (зьлева направа)

Днямі Беларускі расьсьледніцкі цэнтар БРЦ апублікаваў матэрыял пра набліжанага да Лукашэнкі бізнэсоўца Аляксандра Зайцава. Сярод іншага, у расьсьледаваньні гаворыцца, што абыходзіць санкцыі Аляксандру Зайцаву дапамагае ксёндз Ігар Лашук. Паводле БРЦ, у верасьні 2021 году Лашук заснаваў кампанію «АЛІС МА», на якую падсанкцыйныя ўладальнікі кампаніі «Брэміна Груп», у тым ліку Зайцаў, перапісалі частку сваёй маёмасьці.

Журналіст БРЦ Аляксей Карпека патлумачыў, чаму ня верыць у бескарысьлівасьць Зайцава, куды той лятаў зь Віктарам Лукашэнкам, што Ватыкан адказаў на пытаньне пра ордэн Зайцаву ад Папы Рымскага і як дакумэнты, атрыманыя цэнтрам, сьведчаць, што фірма ксяндза Лашука сапраўды выкарыстоўвалася для абыходу санкцый.

Падаём некаторыя тэзісы з выказваньняў Аляксея Карпекі:

— Мы паглядзелі на дзейнасьць кампаніі «Аліс МА». У верасьні 2021 году, калі яна была створаная, на яе перапісалі ўсе лягістычныя магутнасьці асаблівай эканамічнай зоны «Брэміна-Орша», якімі раней валодала «Брэміна Груп».

Якраз улетку 2021 году «Брэміна Груп» і Зайцаў з партнэрамі трапілі пад санкцыі. А ўвосень на «Аліс МА» перапісваюць склады, аддаюць ёй аўтатэрмінал на 200 месцаў. Яна цягам году таксама атрымлівае ад Мытнага камітэту такія функцыі, як прастаўленьне акцызаў на імпартаваную тытунёвую прадукцыю, алькагольную прадукцыю.

Нават афіцыйны сайт «Аліс МА» ўказвае, што іх асноўная дзейнасьць ня нейкая дабрачыннасьць для каталіцкіх праектаў, а складзкая лягістыка плюс прастаўленьне маркіроўкі для расейскага рынку.

Магчыма, што гэтая кампанія недзе займаецца дабрачыннасьцю, але я не магу пацьвердзіць ці абвергнуць гэта, бо ня маю такіх дакумэнтаў.

— Праблема яшчэ ў тым, што ўсе лягістычныя магутнасьці, якія былі перададзены «Аліс МА», належалі ня толькі Зайцаву. «Брэміна Груп» належыць тром буйным бізнэсоўцам — акрамя Зайцава, гэта Аляксей Алексін і Мікалай Варабей.

Ці маглі яны проста ўзяць і перадаць каталіцкаму сьвятару нешта, у што былі ўкладзеныя дзясяткі мільёнаў даляраў, таму што Зайцаў стаў шчырым каталіцкім вернікам? Я моцна сумняваюся — ці нават хутчэй не сумняваюся, што гэта няпраўда.

— Магчыма, што ксёндз Лашук, знаходзячыся ў Беларусі, нечага ня можа расказаць. Ён можа быць нашмат лепшым чалавекам, чым мне здалося падчас нашай размовы. Аднак гэта ніяк не скасоўвае таго, што ён удзельнічае ў бізнэс-схемах падсанкцыйных бізнэсоўцаў і кампаній.

— Мы, вядома ж, зьвярнуліся па камэнтар наўпрост у прэсавую службу Ватыкану і паралельна да апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча. Мы чакалі іх адказу амаль два тыдні і не дачакаліся.

Сёньня я датэлефанаваўся ў прыёмную апостальскага нунцыя. Жанчына, якая не назвала сябе, сказала, што яны не плянуюць адказваць на наш афіцыйны запыт, бо ня маюць для нас інфармацыі. На маё пытаньне, калі такая інфармацыя зьявіцца, быў адказ: «Ніколі».

— Бізнэс Аляксандра Зайцава агулам нашмат цікавейшы за нейкі каталіцкі ордэн, які ён атрымаў ад Папы Рымскага, ці нават за тую кампанію, якая дапамагае яму абыходзіць санкцыі.

Вельмі цікавы ягоны бізнэс, зьвязаны са зброяй. Ён мае некалькі кампаніяў, якія з гэтым зьвязаныя, але пра іх дзейнасьць пакуль што амаль няма публічнай інфармацыі. Таксама цікавая тэма — ягоныя бізнэсы ў Афрыцы. Калі атрымаецца, мы ў будучыні, магчыма, зробім пра гэта расьсьледаваньне.

— На пачатку 2000-х Аляксандар Зайцаў быў памочнікам тагачаснага прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага. У 2007 годзе ён перайшоў у Савет бясьпекі, і пачалася ягоная сувязь зь Віктарам Лукашэнкам, якую можна адсачыць — сумесныя палёты ў краіны Арабійскага паўвострава: Аман, Катар, Абʼяднаныя Арабскія Эміраты.

Былі палёты зь цікавымі асобамі — зь бізнэсоўцамі Пефціевым і Шакуціным; зь Сяргеем Алейнікам, які тады быў намесьнікам міністра замежных спраў. Пасьля таго, як Зайцава паслалі «рабіць бізнэс» і ён пакінуў Савет бясьпекі, ягоныя палёты зь Віктарам Лукашэнкам не спыніліся.

— Я ня думаю, што Ватыкан неяк адрэагуе на нашае расьсьледаваньне. Новых эўрапейскіх санкцыйных пакетаў супраць бізнэсу зь Беларусі таксама даўно ўжо не было. Магчыма, што ЗША ўвядуць нейкія санкцыі супраць «Аліс МА» — яны ўсё ж маюць асобныя структуры, якія папаўняюць санкцыйныя сьпісы, і для гэтага не патрэбны кансыліюмы міністраў замежных спраў.

— Асноўная мэта нашых расьсьледаваньняў — дакумэнтаваньне і вынясеньне інфармацыі ў публічны доступ. Мы не разьлічваем, што гэта неяк паўплывае на такіх бізнэсоўцаў унутры Беларусі. Але я спадзяюся, што ў будучыні гэтыя расьсьледаваньні будуць уплываць на лёс людзей, якія ў іх фігуруюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG