Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераафармленьне бізнэсу на іншых людзей, мазут пад выглядам алівы. Як беларускія ўлады абыходзяць заходнія санкцыі


Каляж
Каляж

Сьвятлана Ціханоўская заклікала стварыць камісію супраць абыходжаньня беларускімі ўладамі санкцый Эўразьвязу. Глядзім, якія схемы для гэтага выкарыстоўваюць.

22 лютага Сьвятлана Ціханоўская прапанавала стварыць рабочую групу для кантролю за выкананьнем санкцый. Пра гэта яна заявіла на паседжаньні Эўрапэйскага сацыяльна-эканамічнага камітэту. «У санкцый супраць рэжыму не павінна быць пралазаў», — сказала Ціханоўская.

Глядзім, якія мэханізмы выкарыстоўваюць беларускія ўлады, каб абыходзіць санкцыі.

Мазут пад выглядам машыннай алівы

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар некалькі разоў выкрываў схемы, дзякуючы якім беларускія ўлады абыходзілі санкцый. Адзін з нашумелых выпадкаў — гэта пастаўкі ў ЭЗ нафтапрадуктаў, якія трапілі пад санкцыі пасьля прымусовай пасадкі ў Менску самалёта Ryanair, на борце якога знаходзіўся колішні рэдактар тэлеграм-каналу Nexta Раман Пратасевіч.

Тады ў ЭЗ пастаўлялі падсанкцыйны мазут зь іншым кодам, пад выглядам машыннай алівы, расказаў журналіст Беларускага расьсьледніцкага цэнтру Алесь Ярашэвіч.

«Пад санкцыі трапілі асноўныя нафтапрадукты (бэнзін, мазут ды інш.) пад таварным кодам 2710, але нафтапрадукты пачалі пастаўляць пад кодам 2707 (аліва), які ня быў пад санкцыямі. За год нагандлявалі на паўмільярда эўра. Усе гэтыя пастаўкі ішлі праз Эстонію, датычны да іх быў партнэр Мікалая Вараб’я Аляксей Чулец. Пасьля выхаду расьсьледаваньня схему прыкрылі сьпярша на нацыянальным узроўні, а пасьля на эўрапейскім. У дакумэнтах пісалі, што гэта аліва, а ішлі пастаўкі мазуту», — кажа Аляксандар Ярашэвіч.

Пастаўкі драўніны праз Казахстан і Кіргізстан

Пасьля пачатку вайны драўніна зь Беларусі таксама трапіла пад санкцыі. Тады ў ЭЗ вырасьлі пастаўкі драўніны з Казахстану і Кіргізстану.

«Беларусы пачалі ствараць кампаніі ў Казахстане і Кіргізстане. Гэтыя кампаніі займаліся папяровай працай. Фактычна машыны загружаліся ў Беларусі, а для грузу рабілі паперы, што гэта груз з Казахстану ці Кіргізстану. Проста рабілі фэйкавыя дакумэнты», — расказвае Алесь Ярашэвіч.

Фірмы-пракладкі

Беларускі вытворца ўгнаеньняў «Гродна-Азот» трапіў пад санкцыі ў сьнежні 2021 году. Тады была ўведзена забарона на пастаўкі з самога прадпрыемства. І гэта дапамагло знайсьці пралаз.

«Сам прадукт ня быў забаронены. Тады ў Беларусі настваралі фірмы-пракладкі. Нібыта гэта яны вырабляюць прадукцыю, а ня „Гродна-Азот“. Мы ведаем прынамсі тры такія фірмы: „Грыком“, „Тэхнаспэцтрэйдынг“ і „Тэхнаспэцтрэйдынг-экспарт“. Напрыклад, „Грыком“ заключае дамову з „Гродна-Азот“ і прадае іх прадукцыю за ўзнагароджаньне. У лютым узнагароджаньне было 14 рублёў за тону. Далей угнаеньні прадаюцца ў Сэрбію — гэта адзін шлях. Другі шлях чыгункай, прадукцыю нібыта вязуць у Дубай праз Клайпеду. Хутчэй за ўсё прадукцыя не даяжджае да Дубаю, а асядае ў Эўропе», — апісвае схему Алесь Ярашэвіч.

Пасьля выхаду расьсьледаваньня літоўская чыгунка спыніла 15 вагонаў з карбамідам беларускай вытворчасьці. Літоўская мытня паведаміла таксама, што затрымалі прадукцыю, якая знаходзілася ў Клайпедзкім порце, таксама разьвярнулі дзьве фуры, і цяпер праводзіцца праверка.

Перавод фірмаў на іншых асобаў

Санкцыі таксама крануліся бізнэсоўцаў, набліжаных да Лукашэнкі. Тады яны сталі пераафармляць свае бізнэсы на сваякоў, каб гэтыя санкцыі абыходзіць.

«Свае фірмы бізнэсоўцы пачалі пераафармляць на мэнэджараў ці жонак і дзяцей. Так, напрыклад, рабіў Аляксей Алексін, уладальнік „Энэрга-Оіл“, „Белнафтагаз“. Бізнэсоўцы выходзяць са складу кампаніі, каб тыя не працавалі пад санкцыямі», — прыводзіць прыклад Ярашэвіч.

«Патрэбен орган, які б сачыў за выкананьнем санкцый»

На думку Алеся Ярашэвіча, спыніць абыход санкцый мог бы нейкі адзіны орган, які б кантраляваў іх выкананьне.

«У ЗША ёсьць структура пры Мінфіне, якая сочыць за выкананьнем санкцый. Зараз у ЭЗ уведзеная пасада спэцдакладчыка аб санкцыях. Трэба таксама ў кожнай краіне, якая мяжуе зь Беларусьсю і Расеяй, ствараць асобныя органы, якія будуць пільнаваць выкананьне санкцый. Таксама можа павялічваць штат мытні, каб больш эфэктыўна гэта кантраляваць. А так мытнік бачыць, едзе нейкі груз, там напісана, што груз вязе беларуская кампанія, а ў санкцыйных сьпісах яе няма. Няма і карбаміду, які вязе гэтая кампанія. Мытнік ня ведае, што карбамід у Беларусі вырабляе адна кампанія — падсанкцыйны „Гродна-Азот“», — прыводзіць прыклад Алесь Ярашэвіч.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG