Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь 23.34». Расказваем пра новы фільм беларускай рэжысэркі Тацяны Сьвірэпы


Тацяна Сьвірэпа
Тацяна Сьвірэпа

Беларуская дакумэнталістка расказала Свабодзе пра ідэю стужкі і цяжкасьці падчас здымкаў.

  • Тацяна Сьвірэпа — беларуская фатографка і рэжысэрка. Вучылася ў Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце на спэцыяльнасьці «Маркетоляг». На 3-м курсе пайшла вучыцца на фотажурналіста, скончыла школу сацыяльнай журналістыкі і сторытэлінгу IBB.

Фільм «Беларусь 23.34» складаецца зь дзясяткаў інтэрвію зь беларусамі, якія пацярпелі на пратэстах у жніўні 2020 году, прайшлі праз катаваньні на вуліцах, у турмах і судах. Перш чым зьняць «Беларусь 23.34», рэжысэрка ўжо працавала з праваабаронцамі і рабіла фільм «Чысьцец» пра ўцекачоў у Берасьці.

«Я жыла каля Берасьця, і калі прыяжджала туды, заўжды бачыла ўцекачоў — чачэнцаў, курдаў і іншых. Яны па вакзале заўжды хадзілі, а ты на іх глядзіш і ня ведаеш: чаму і для чаго? Мне стала цікава даведацца, я зьвязалася з Human Constanta і паехала ў Берасьце здымаць за свае грошы. Толькі ў 2020 годзе я скончыла, фільм добра пайшоў, мяне бралі на фэстывалі, і гэта было натхненьнем, каб рабіць далей. Потым я зрабіла яшчэ адзін кароткі фільм пра сваю маму — «Некалькі слоў пра маю маці і яе сабаку», — апавядае Таня Сьвірэпа.

Праваабаронцы, якія ведалі Тацяну з часоў фільму «Чысьцец», прапанавалі ёй зьняць нешта зь людзьмі, што пацярпелі падчас пратэстаў.

«Мне патэлефанавалі і сказалі: „Ёсьць людзі, якія пацярпелі ад міліцыянтаў. Можа ты нешта прыдумаеш, што можна зрабіць“. І вось тыдзень я падумала і вырашыла зрабіць такую формулу: інтэрвію на чорным фоне, дзе людзі расказваюць свае гісторыі».

Тацяна Сьвірэпа
Тацяна Сьвірэпа

Гісторыі героі расказваюць ня проста так. Па задуме рэжысэркі, кожны чалавек быццам падхопліваў наступнага.

«У мяне была цэлая табліца, дзе я напісала, якіх я людзей хачу бачыць на інтэрвію. Я даслала яе валянтэрам, і яны далі мне кантакты. Ідэя была ў тым, каб паказаць людзей рознага роду, мужчын, жанчын. На жаль, не знайшла за такі кароткі час трансгендэрную пэрсону. У фільме ёсьць і дзяўчына з інваліднасьцю, якую таксама затрымалі, людзі рознага ўзросту (самаму маладому хлопцу 19 гадоў, а самай старэйшай жанчыне 69), і таксама розных прафэсій (паэткі, праграмісты, будаўнікі, водаправодчыкі і іншыя)».

«Было заплянавана 30 інтэрвію на 5 дзён»

На падрыхтоўку да здымак пайшло тры месяцы, кажа рэжысэрка. Перад тым як пачынаць здымкі, у прастору, дзе павінна было ўсё адбывацца, прыйшоў АМАП. Тацяна расказвае, што адмыслова хацела здымаць людзей на чорным фоне, каб нічога не перашкаджала іх слухаць і бачыць.

«Галоўнае тут — гісторыя і чалавек. Астатняе я хацела зрабіць мінімалістычна. Ужо потым я зразумела, што трэба было герояў прасіць надзяваць сьветлае адзеньне, бо чорнае на чорным выглядала часам ня вельмі. Потым, калі мы гэта апрацоўвалі, трэба было аддзяляць іх, такія тэхнічныя пытаньні».

Цікава, што такія цяжкія гісторыі героі самі хацелі расказаць, кажа аўтарка фільму.

Тацяна Сьвірэпа
Тацяна Сьвірэпа

«Да гэтага я пісала, як гэта важна, што трэба расказаць, каб іншыя людзі ведалі гэтыя гісторыі, каб памяталі нашыя продкі, каб самі героі гэта прапрацавалі. І людзі прыходзілі і расказвалі з такім захапленьнем, што я нават сама зьдзівілася, мяне вельмі гэта натхніла на будучыню. Я нават ня думала, што гэта ўсё ўдасца, бо было заплянавана 30 інтэрвію на 5 дзён. Але яны былі раскінутыя на 2 тыдні, каб трохі мозг не закіпеў».

На інтэрвію не прыйшлі толькі пару чалавек, але праз гэта адбылася цікавая сытуацыя.

«У месцы, дзе мы працавалі, знайшліся людзі, якія: „О, я таксама быў затрыманы, давай я раскажу“. І гэта такая падтрымліваючая атмасфэра была, вельмі цікавыя гісторыі, і я разумела, што іх трэба данесьці, дарабіць, чаго б мне гэта ні каштавала».

«Пасьля кожных здымак сядалі і выгаворваліся, каб гэта не трымаць усё ў сабе»

На здымках з героямі і камандай працаваў крызісны псыхоляг, гэта вельмі дапамагала трымацца, кажа Тацяна.

«Я праходзіла кансультацыі, як браць такія інтэрвію, як ня ўцягвацца. Але на практыцы трэба, каб нехта кантраляваў працэс збоку. Мы былі вельмі стомленыя пасьля гэтых інтэрвію, але мы адчувалі, што мы ёсьць, мы жывыя, і трэба штосьці рабіць».

Тацяна Сьвірэпа
Тацяна Сьвірэпа

Тацяна дадае, што некалькі чалавек нават адмовіліся ўдзельнічаць у стварэньні фільму.

«У нас быў вельмі малы бюджэт, можна сказаць, што яго не было, — усьміхаецца Таня. — І проста ўсе такія: „Шэсьць інтэрвію ў дзень? Зь людзьмі, якія будуць такое расказваць? Яшчэ і грошай няма? Проста здурэла“. І вось два чалавекі мне адмовілі».

«Хлопец з нашай каманды сядзеў у бункеры і пісаў мне: „А калі мы будзем працягваць рабіць фільм?“»

Пасьля здымак фільму ў кватэру, дзе жыла Таня са сваім хлопцам, прыходзілі сілавікі.

«Спачатку думала, што проста зьмяню кватэру, але ў працэсе здымак зразумела: „Не-не, з такой інфармацыяй у Беларусі, яшчэ і 30 чалавек інтэрвію на маім дыску. Калі забяруць мяне, то там ужо ўсім будзе дрэнна, усёй камандзе, і ніхто не даробіць фільм“. Таксама мой хлопец адчуваў сябе вельмі трывожна, бо ён ужо адседзеў 15 сутак. Калі скончыліся здымкі, я зрабіла ўсе справы і вылецела ў Кіеў».

Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Тацяна разам з хлопцам зьехалі ў Польшчу, але сябра каманды застаўся ў Кіеве.

«Улад, хлопец з нашай каманды, сядзеў у бункеры і пісаў мне: „А калі мы будзем працягваць рабіць фільм? Я перажываю, што мы яго своечасова не зрабілі“. Ягоны дом быў у Браварах, і гэтае месца моцна бамбілі. Я кажу яму: „Улад, твой дом хоць у парадку?“ Ён такі: „Так, усё нармальна, стаіць. Дык што там дом, гук давай рабіць“».

«Настаўнік ангельскай кожныя тры хвіліны рыдаў, проста выключаў фільм, глядзеў патроху»

Рэжысэрка кажа, што водгукі на фільм падобныя.

«Часьцей за ўсё гэта: „Дзякуй вялікі, гэта вельмі важная праца. Дзякуй табе, што зрабіла“. Я думаю, што людзей фільм пагружае ў тое, дзе яны былі, і з усіх словаў застаецца гэтае „дзякуй“. Мой настаўнік ангельскай казаў, што глядзеў гэты фільм у тры заходы. Ён кожныя тры хвіліны рыдаў, проста выключаў фільм, глядзеў патроху. Гэта пра ўзровень адчувальнасьці чалавека. Я зразумела, што я яшчэ таўстаскурая і мяне ня так лёгка забіць, трымаюся».

Пры гэтым Тацяна прызнаецца, што стрэс быў вялікі, у яе пачаліся праблемы са здароўем.

«Ты як бы гэтага не адчуваеш, проста робіш, робіш і о’кей, толькі калі час праходзіць, адчуваеш сябе лепей, ты такі: „Во блін, які я быў і праўда ў стрэсе“. І мой хлопец, які таксама займаўся тымі катаваньнямі, слухаў і расшыфроўваў усё, кажа, што гэта такая рыса беларусаў, што кожны чалавек, які быў затрыманы, казаў: „А, мне яшчэ пашанцавала“. І апошняя гісторыя, якую ён слухаў, пра чалавека, у якога трапіла граната і проста разарвала яму нагу, таксама сказаў: „Мне яшчэ пашанцавала, я толькі два месяцы праляжаў у бальніцы“».

Тацяна Сьвірэпа
Тацяна Сьвірэпа

«Гэта як канцэпцыя цэнзуры дзяржавы і самацэнзуры»

Цяпер Таня Сьвірэпа ўдзельнічае ў кінафэстывалі «Артдокфэст», і там фільм «Беларусь 23.34» можна паглядзець онлайн.

«Я закрыла ўсіх людзей, нават якія далёка стаялі. І я хачу абмежаваць прагляды ў Беларусі. Спачатку я думала, што гэта, можа, будзе нядобра, бо каму цікава глядзець на ўсе закрытыя твары? Але гэта як канцэпцыя цэнзуры дзяржавы і самацэнзуры. І гэта дае магчымасьць чалавеку яшчэ больш уцягнуцца ў гэтую гісторыю. Бо калі ты бачыш твар, табе вельмі проста ўявіць сябе на месцы чалавека».

Фэстывальнае жыцьцё фільму толькі пачынаецца. Бліжэйшым часам «Беларусь 23.34» пакажуць на францускім кінафэстывалі DOC-Cévennes.

Тацяна мяркуе, што фільм «Беларусь 23.34» важна пабачыць, бо шмат беларусаў дагэтуль катуюць у турмах.

«Вельмі шмат палітвязьняў сядзяць у жорсткіх умовах, дзе ты і фізычнае, і псыхалягічнае сваё здароўе проста траціш. І нам яшчэ трэба будзе перажыць гэта, адаптаваць, папрацаваць з ПТСР [посттраўматычны стрэсавы разлад. — РС]. Нам важна не забываць, што мы рабілі, для чаго, што мы перажылі, каб працягваць штосьці рабіць далей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG