Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь як адна вялізная казарма. У чым сэнс мілітарысцкай ліхаманкі?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Краіна як крэпасьць у аблозе, як адна вялізная казарма — гэта пэўны ідэал, да якога імкнуцца ўсе дыктатуры. Татальная мілітарызацыя грамадзкага жыцьця — праява інтуітыўнага інстынкту самазахаваньня аўтарытарнага рэжыму. Сёньняшняя Беларусь — выразны прыклад гэтага.

Сьцісла:

  • Маштаб мабілізацыйных мерапрыемстваў нарастае. Яны набываюць усё новыя формы, ахопліваюць новыя пласты насельніцтва.
  • Выглядае, што ўлады сапраўды вераць у магчымы напад NATO ці Ўкраіны і рыхтуюцца да вайны. То бок самі сталі ахвярамі ўласнай прапаганды.
  • Адначасова гэта спроба пераадолець траўму 2020 году.
  • У недэмакратычнай дзяржаве войска — гэта, акрамя ўсяго іншага, і спосаб аўтарытарнай сацыялізацыі чалавека, школа падпарадкаваньня.
  • Заклік прызываць у войска студэнтаў — вельмі наглядны прыклад таго, як узрастае роля сілавых структур у жыцьці краіны.

У Беларусі ў поўным разгары мілітарысцкая ліхаманка. У Берасьцейскай вобласьці вайсковаабавязаных мужчын выклікалі на вайсковыя зборы ў аўральным парадку, некаторых забіралі з працы ці нават з ложка. У Барысаўскім раёне праводзяцца вучэньні тэрытарыяльнай абароны, якія інспэктуе сам міністар абароны Віктар Хрэнін. Дзяржсакратар Рады бясьпекі Аляксандр Вальфовіч прапанаваў прызываць у войска студэнтаў.

Зьвяртае на сябе ўвагу сынхранізацыя мілітарысцкіх захадаў у Беларусі і Расеі. Там фактычна пачаўся новы этап мабілізацыі, якому спадарожнічае забарона на выезд з краіны грамадзянам, якія атрымалі позвы.

Варта зьвярнуць увагу на тое, што маштаб мабілізацыйных мерапрыемстваў нарастае. Яны набываюць усё новыя формы, ахопліваюць новыя пласты насельніцтва. Вось выклік на вайсковыя зборы ў Берасьцейскай вобласьці адбываўся ў форме нейкага «хапуна», ці, як казаў нядаўна Лукашэнка, «зачысткі». Але цяпер гэтая «зачыстка» тычылася ня толькі «экстрэмістаў», а распаўсюдзілася на простых абывацеляў, вайсковаабавязаных. І гэта вельмі адметна. Розьніца паміж «экстрэмістамі» і звычайнымі грамадзянамі зьнікае.

Зь сярэдзіны мінулага году праводзяцца бясконцыя вучэньні тэрытарыяльнай абароны. Нагадаю, што Лукашэнка паставіў задачу стварыць народнае апалчэньне, узброіць пажарнікаў, лесьнікоў, паляўнічых і рыбаловаў, інспэктараў аховы жывёльнага і расьліннага сьвету. А таксама ўвесьці пасаду «ваенрукоў» у школах.

На чарзе — студэнты. А то дасюль яны былі неяк убаку ад усеагульнай мілітарызацыі грамадзтва.

Працэс ператварэньня краіны ў адну вялізную казарму ідзе поўным ходам.

Што за ўсім гэтым стаіць? Найперш, выглядае, што ўлады сапраўды вераць у магчымы напад NATO ці Ўкраіны і рыхтуюцца да вайны. То бок самі сталі ахвярамі ўласнай прапаганды. Так бывае ў момант вострых псыхалягічных крызісаў, якія перажывае кіроўная эліта.

Адначасова гэта — спроба пераадолець траўму 2020 году. Адказам на выбух народнага незадавальненьня стала ня толькі імкненьне перасаджаць за краты ўсіх актыўных пратэстоўцаў. Ва ўладаў ёсьць разуменьне, што незадавальненьне людзей выходзіць далёка за межы тых, хто пратэставаў на вуліцы. І рэакцыяй на гэтае разуменьне стала імкненьне да татальнай мілітарызацыі грамадзтва, мілітарызацыі сьвядомасьці.

Асаблівасьць войска як грамадзкага інстытуту палягае ў тым, што там усе безумоўна выконваюць загад камандзіра. У недэмакратычнай дзяржаве войска — гэта, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і спосаб аўтарытарнай сацыялізацыі чалавека, школа падпарадкаваньня, падаўленьня асобы. Бо чалавек, прайшоўшы выпрабаваньне прыніжэньнем, зламаны, будзе пасьля войска, у цывільным жыцьці баяцца начальніка, за якім заўсёды апошняе слова. Такіх людзей цяжэй узьняць на пратэст.

Таму краіна як крэпасьць у аблозе, як адна вялізная казарма — гэта пэўны ідэал, да якога імкнуцца ўсе дыктатарскія рэжымы. Мілітарызацыя ўсяго грамадзкага жыцьця — праява інтуітыўнага інстынкту самазахаваньня аўтарытарнага рэжыму.

Зь іншага боку, заклік прызываць у войска студэнтаў — вельмі наглядны прыклад таго, як узрастае роля сілавых структур у жыцьці краіны. Сёньня сілавікі вызначаюць правілы і кірункі функцыянаваньня «цывільных» сфэр, галін, ведамстваў. Вось цяпер вайскоўцы дыктуюць, як павінна працаваць сыстэма адукацыі.

Мілітарызацыя ў цэлым дрэнна ўплывае на разьвіцьцё эканомікі, краіны ўвогуле. Выклік на вайсковыя зборы адрывае ад вытворчасьці шмат патрэбных там адмыслоўцаў.

Прызыў у войска студэнтаў нэгатыўна адаб’ецца на якасьці адукацыі, падрыхтоўкі спэцыялістаў. Рэзка павялічыцца эміграцыя маладых хлопцаў, якія будуць спрабаваць ухіліцца ад службы, а таму паедуць вучыцца ў суседнія краіны. Тым больш што імавернасьць уцягваньня Беларусі ў паўнавартасную вайну ва Ўкраіне існуе. Яна падаграецца ваяўнічымі заявамі Лукашэнкі і іншых афіцыйных асобаў. Можна не сумнявацца, што рэакцыя большасьці грамадзтва на такое рашэньне будзе нэгатыўная.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG