Польшча пасьля Славаччыны перадала Ўкраіне першую партыю зьнішчальнікаў МіГ-29

Украінскія зьнішчальнікі МіГ-29 на вучэньнях у 2016 годзе. Ілюстрацыйнае фота
Украінскія зьнішчальнікі МіГ-29 на вучэньнях у 2016 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Украіны наведае Варшаву з афіцыйным візытам. Апроч сустрэч з кіраўніцтвам Польшчы Ўладзімір Зяленскі хоча сустрэцца з украінскай дыяспарай Польшчы і польскімі грамадзянамі.

Польшча перадала Ўкраіне першую партыю зьнішчальнікаў МіГ-29 і рыхтуецца да асаблівага візыту прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў Варшаву.

«Паводле маёй інфармацыі, гэты працэс ужо завершаны, то бок перадача гэтай першай партыі. Безумоўна, будуць размовы пра магчымую далейшую падтрымку», — сказаў Марцін Пшыдач, кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі прэзыдэнта Польшчы, у эфіры RMF FM.

Паводле яго, у красавіку прэзыдэнт Украіны наведае Варшаву з афіцыйным візытам. Апроч сустрэч з кіраўніцтвам Польшчы Ўладзімір Зяленскі хоча сустрэцца з украінскай дыяспарай Польшчы і польскімі грамадзянамі.

Варшава стане пятай сталіцай, якую наведае ўкраінскі лідэр з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Уладзімір Зяленскі да гэтага часу быў у Вашынгтоне, Лёндане, Парыжы і Брусэлі. Марцін Пшыдач сказаў, што візыт у Польшчу будзе адрозьнівацца тым, што прэзыдэнт Украіны ўпершыню зробіць афіцыйны візыт.

«Гэты візыт будзе шмат у чым асаблівым. Я пакуль не магу гаварыць пра дэталі, але мы рыхтуем шэраг элемэнтаў, якія зробяць гэты візыт асаблівым. Сам факт таго, што гэта будзе афіцыйны візыт, а папярэднія візыты былі выключна працоўнымі, арганізоўваліся непублічна», — дадаў Марцін Пшыдач.

Міхал Дворчык, міністар канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы, удакладніў, што візыт адбудзецца 5 красавіка і гэты дзень украінскі прэзыдэнт сустрэнецца прэмʼер-міністрам Матэвушам Маравецкім.

23 сакавіка Міністэрства абароны Славаччыны паведаміла аб перадачы Ўкраіне першых 4 з 13 зьнішчальнікаў МіГ-29.

16 сакавіка пра намер перадаць Украіне цягам наступных дзён чатыры баявыя зьнішчальнікі МіГ-29 савецкай вытворчасьці заявіў і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Імаверна, гаворка ідзе пра зьнішчальнікі, атрыманыя Варшавай ад Чэхіі ў 1995 годзе ў абмен на верталёты польскай вытворчасьці. Цяпер, паводле адкрытых зьвестак, Польшча мае 28 зьнішчальнікаў МіГ-29, са слоў Дуды вынікае, што толькі 16 зь іх у працоўным стане. Частку могуць перадаць на дэталі ці адрамантаваць.

​
XS
SM
MD
LG