Славаччына паведаміла пра перадачу Ўкраіне чатырох зьнішчальнікаў МіГ-29

Украінскі МіГ-29. Архіўнае фота
Украінскі МіГ-29. Архіўнае фота

Украіне перадалі тыя зьнішчальнікі, якія Славаччына ня можа абслугоўваць ва ўмовах санкцый супраць Расеі.

Міністэрства абароны Славаччыны паведаміла, што на тэрыторыю Ўкраіны зьнішчальнікі перакідалі ўкраінскія пілёты пры дапамозе Вайскова-паветраных сіл Славаччыны і іншага пэрсаналу, які гарантаваў бясьпеку працэсу перадачы.

«Дзякуй усім удзельнікам за выдатную прафэсійную працу. Славаччына на правільным баку, і гэтым жэстам мы як краіна ўпісалі сябе вялікімі літарамі ў сучасную ўсясьветную гісторыю, якая гаворыць пра своечасовую дапамогу, шчырую салідарнасьць і веліч нацыі», — заявіў міністар абароны Славаччыны Яраслаў Надзь.

Міністар нагадаў, што Ўкраіне перададзеныя тыя зьнішчальнікі, якія Славаччына ня можа абслугоўваць ва ўмовах санкцый супраць Расеі.

На афіцыйнай інтэрнэт-старонцы Міністэрства абароны Славаччыны таксама паведамляецца, што астатнія дзевяць самалётаў перададуць у бліжэйшыя тыдні. Дакладнага тэрміну не называюць дзеля бясьпекі працэсу іхнай перадачы ва Ўкраіну.

Урад Славаччыны 17 сакавіка аднагалосна ўхваліў рашэньне перадаць Украіне зьнішчальнікі МіГ-29 і зэнітна-ракетныя комплексы «Куб», якія могуць зьбіваць ракеты ў паветры на малой і сярэдняй вышыні. У той жа дзень адпаведнае міжнароднае пагадненьне зацьвердзіў і ўрад Украіны.

Славаччына стала першай краінай, якая перадала Ўкраіне баявую авіяцыю.

16 сакавіка пра намер перадаць Украіне цягам наступных дзён чатыры баявыя зьнішчальнікі МіГ-29 савецкай вытворчасьці заявіў і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Імаверна, гаворка ідзе пра зьнішчальнікі, атрыманыя Варшавай ад Чэхіі ў 1995 годзе ў абмен на верталёты польскай вытворчасьці. Цяпер, паводле адкрытых зьвестак, Польшча мае 28 зьнішчальнікаў МіГ-29, са слоў Дуды вынікае, што толькі 16 зь іх у працоўным стане. Частку могуць перадаць на дэталі ці адрамантаваць.

​
XS
SM
MD
LG