Польшча перадасьць Украіне чатыры баявыя зьнішчальнікі МіГ-29 савецкай вытворчасьці

Польскія МіГ-29 на вайсковым аэрадроме каля Міньску-Мазавецкага. Ілюстрацыйнае фота
Польскія МіГ-29 на вайсковым аэрадроме каля Міньску-Мазавецкага. Ілюстрацыйнае фота

Пэўна, гаворка пра зьнішчальнікі, атрыманыя Варшавай ад Чэхіі ў 1995 годзе ў абмен на верталёты польскай вытворчасьці.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў аб намеры перадаць Украіне цягам наступных дзён чатыры баявыя зьнішчальнікі МіГ-29 савецкай вытворчасьці.

Як паведаміла Польскае агенцтва друку, гэтую заяву Анджэй Дуда зрабіў 16 сакавіка на прэсавай канфэрэнцыі. Гэта першыя афіцыйна пацьверджаныя пастаўкі баявой авіяцыі Ўкраіне, якая просіць такую тэхніку з пачатку расейскага ўварваньня.

Анджэй Дуда заявіў аб перадачы самалётаў пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Чэхіі Пятром Паўлам. Імаверна, гаворка ідзе аб зьнішчальніках, атрыманых Варшавай ад Чэхіі ў 1995 годзе ў абмен на верталёты польскай вытворчасьці. Цяпер, паводле адкрытых зьвестак, Польшча мае 28 зьнішчальнікаў МіГ-29, са слоў Дуды вынікае, што толькі 16 зь іх у працоўным стане. Частка можа быць пастаўлена на дэталі ці адрамантаваныя.

Украінскія вайскова-паветраныя сілы выкарыстоўваюць МіГ-29 з пачатку вайны. Згодна са справаздачай World Air Forces 2022, ва Ўкраіне да пачатку вайны быў 51 такі самалёт — вучэбныя і баявыя. У справаздачы Military Balance паведамляецца аб 37 такіх зьнішчальніках. Дакладна вядома аб страце ў баях мінімум 18 зь іх, іхныя абломкі трапілі на фатаздымкі і відэазапісы. Рэальныя страты, з улікам пашкоджаных або зьнішчаных на аэрадромах, могуць быць вышэйшыя.

15 сакавіка прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі паведамляў, што перадача зьнішчальнікаў можа адбыцца цягам наступных чатырох-шасьці тыдняў. Аб гатоўнасьці паставіць аналягічную тэхніку паведамляла і Славаччына. Раней краіны не рабілі гэтага, чакаючы ўзгадненьня ініцыятывы з заходнімі хаўрусьнікамі.

​
XS
SM
MD
LG