Генштаб Паўночнай Македоніі ўхваліў перадачу Ўкраіне 12 верталётаў Мі-24

Верталёт Мі-24 на службе ВПС Украіны, архіўнае фота
Верталёт Мі-24 на службе ВПС Украіны, архіўнае фота

Гэтыя верталёты македонцы самі набылі ва Ўкраіны раней, а цяпер гатовыя вярнуць Кіеву для стрымліваньня расейскай агрэсіі.

Генэральны штаб Паўночнай Македоніі ўхваліў перадачу Ўкраіне верталётаў Мі-24, паведаміла міністарка абароны Славянка Пятроўска ў інтэрвію тэлеканалу Alsat.

Паводле яе слоў, Паўночная Македонія гатовая перадаць 12 верталётаў Мі-24, якія набыла ва Ўкраіны ў 2001 годзе. Замест гэтага краіна закупіць новыя заходнія верталёты, удакладніла Пятроўская.

«Уся тая тэхніка, якая пакуль перакінутая, акрамя таго, што гэта па просьбе ўкраінцаў, яна ім патрэбная, і гэта тэхніка, якую ўкраінскае войска ўмела выкарыстоўвае. Гэта абсталяваньне, якое, паводле нашых планаў, заканчвае свой тэрмін службы», — сказала палітык.

Па словах кіраўніка Мінабароны, «перадача верталётаў Украіне не аслабіць абараназдольнасьць Македоніі, паколькі частка верталётаў некаторы час не выкарыстоўвалася».

Пятроўская патлумачыла, што рашэньне аб перадачы прынята ў Генштабе, цяпер гэтае пытаньне павінен разгледзець урад.

Раней пра перадачу самалётаў паведаміла і міністэрства абароны Славаччыны. Урад Славаччыны ўхваліў пагадненьне з Украінай аб перадачы Кіеву 13 зьнішчальнікаў савецкай вытворчасьці МіГ-29 і дзьвюх ЗРК «Куб».

Украіна просіць у партнэраў зьнішчальнікі з пачатку маштабнага расейскага ўварваньня.

​
XS
SM
MD
LG