Паводле заходніх спэцслужбаў, страты расейскай арміі забітымі і параненымі прыблізна складаюць 200 тысяч чалавек, але рэальная колькасьць можа быць большая.
Колькасьць забітых расейскіх удзельнікаў вайны ва Ўкраіне праз год пасьля лютаўскага ўварваньня перавысіла афіцыйныя страты Савецкага Саюзу ў вайне ў Афганістане за 9 гадоў. Гэта вынікае з абноўленых дадзеных маніторынгу «Медыязона» і расейскай службы BBC.
Журналістам па адкрытых крыніцах удалося пацьвердзіць гібель у баявых дзеяньнях 15 136 расейцаў, прозьвішчы якіх вядомыя, — гаворка ідзе ня толькі пра вайскоўцаў, але і пра супрацоўнікаў іншых сілавых структур, у тым ліку наймітаў з прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».
Зьвесткі маніторынгу лічацца далёка ня поўнымі, рэальная колькасьць страт можа быць у разы большая.
Расея і Ўкраіна не паведамляюць афіцыйных дадзеных пра колькасьць сваіх загінулых.
Паводле ацэнак заходніх спэцслужбаў, страты расейскай арміі забітымі і параненымі могуць дасягнуць 200 тысяч чалавек, зь іх да 60 тысяч могуць лічыцца загінулымі. У лістападзе 2022 году Пэнтагон заявіў, што страты з абодвух бакоў, Расеі і Ўкраіны, прыблізна складаюць па 100 тысяч чалавек.
Паводле вайсковай выведкі Вялікай Брытаніі, з пачатку ўварваньня ва Ўкраіну расейская армія і прыватныя вайсковыя кампаніі разам страцілі на вайне ад 175 да 200 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку прыкладна 40–60 тысяч загінулых.
Агульная колькасьць савецкіх салдат, якія загінулі падчас акупацыі Афганістану з 25 сьнежня 1979 году па 15 лютага 1989 году, паводле афіцыйных зьвестак, — 15 051 чалавек.
Украінскі бок падлічыў, што Расея страціла на вайне загінулымі і параненымі 145 850 вайскоўцаў, 3350 танкаў, 6593 браняваныя машыны, 2352 артылерыйскія сыстэмы, 244 сродкі супрацьпаветранай абароны, 299 самалётаў, 287 верталётаў, 18 караблёў і катэраў і 2029 бесьпілётнікаў.
Расейскі бок сьцьвярджае, што Ўкраіна страціла 387 самалётаў, 210 верталётаў, 3222 бесьпілётнікі, 405 зэнітных ракетных комплексаў, 7994 танкі і іншыя браняваныя машыны, 1038 баявых машын рэактыўных сыстэм залпавага агню, 4189 сродкаў палявой артылерыі і мінамётаў. Агульныя страты Ўкраіны ў жывой сіле Міністэрства абароны Расеі не паведамляе, але кожны дзень у зводках адзначае, што нібыта «зьнішчыла сотні ўкраінскіх нацыяналістаў і замежных наймітаў».
Замежныя выведкі сьцьвярджаюць, што страты бакоў, хутчэй за ўсё, парытэтныя.
Кіраўнік вайсковага ведамства Генпракуратуры Юрый Белавусаў у інтэрвію The Independent да гадавіны вайны заявіў, што падчас баявых дзеяньняў загінула да 100 тысяч мірных жыхароў Украіны. Афіцыйная ацэнка ААН — каля 8 тысяч чалавек.