З пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну беларусы актыўна праяўляюць антываенную пазыцыю: ладзяць маршы і пікеты, псуюць чыгуначнае абсталяваньне, дапамагаюць у інфармацыйнай вайне, ваююць на баку Ўкраіны. На першую гадавіну нападу праваабарончы цэнтар «Вясна» падлічыў, колькі беларусаў пацярпелі за антываенную пазыцыю.
- 12 чалавек асудзілі за дывэрсіі на чыгунцы агулам на 191,5 года няволі.
- За перадачу фота расейскай вайсковай тэхнікі ў СМІ асудзілі сама меней 31 чалавека.
- За жаданьне ваяваць на баку Ўкраіны ў няволі знаходзяцца мінімум 11 чалавек, 8 зь іх асуджаныя.
- Ня меней за 20 асобаў зазналі перасьлед за публічнае асуджэньне расейскай агрэсіі і падтрымку Ўкраіны.
- За першыя паўтара месяца вайны ў Беларусі за антываенныя акцыі затрымалі больш за 1500 чалавек.
Агулам за праяву антываеннай пазыцыі затрымалі ня менш за 1575 беларусаў і беларусак. Зь іх 56 чалавек асудзілі ў крымінальных справах на тэрміны ад 1 да 23 гадоў.
Затрыманьні і катаваньні за ўдзел у антываенных акцыях
Самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй краіне прайшлі 27 і 28 лютага 2022 году. За два дні ў Беларусі затрымалі больш за 1100 чалавек.
Удзельнікаў антываенных акцый перасьледвалі за адзеньне і сымболіку жоўта-блакітных колераў, за надпіс «Не — вайне» на адзеньні, за ўскладаньне кветак да ўкраінскай амбасады ў Менску.
Затрыманыя на акцыях зазналі катаваньні з боку сілавікоў. Пратэстоўцаў моцна білі ў РУУСах, адкуль некаторыя траплялі адразу ў лякарні:
«Калі я ляжаў у лякарні, то мне знаёмыя скінулі спасылку на TikTok, дзе ролік са мной сабраў каля 60 тысяч праглядаў. Гэта сагрэла мне душу, і я спадзяваўся, што калі нейкая частка ўкраінцаў паглядзіць гэта відэа, то хоць трошкі зразумее, што сапраўдныя беларусы ніколі ў жыцьці не запусьцілі б у іх ракеты», — расказаў Павал, якога затрымалі на антываеннай акцыі, пабілі ў РУУС і потым адвезьлі ў лякарню.
Вытрымка зь інтэрвію былога арыштанта аб пабіцьці на антываеннай акцыі ў Менску:
«У нейкі момант людзі пачалі крычаць „Пуцін — х...“. Менавіта гэта, на думку хлопца, і стала прычынай жорсткіх затрыманьняў сілавікамі. Да яго адразу падбеглі тры ці чатыры вайскоўцы, павалілі на зямлю і пачалі біць дубінкамі. Яму нанесьлі 14 удараў, пяць зь іх былі па галаве. Пасьля гэтага падбег амапавец і прытрымаў хлопца, пакуль чакаў сваіх калег. У вынікуз некалькі сілавікоў за ногі і рукі пацягнулі хлопца ў аўтазак».
Расповед жанчыны пра біцьцё ў ізалятары на Акрэсьціна пасьля затрыманьня на акцыі супраць вайны:
«Зь ім (супрацоўнікам ізалятара Ўрублеўскім) канфлікт выйшаў з нагоды таго, што мы папрасілі туалетную паперу. У адказ пачулі: „За что боролись, на то и напоролись“ і лаянку. Пачаўся канфлікт паміж намі і ім. У выніку адну жанчыну адцягнуць я яшчэ пасьпела, бо зразумела, хто ён. А другую Ўрублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сьцяну».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.