Мэмарыял памяці ахвяраў вайны Расеі з Украінай у Казані, Расея. 24 лютага 2023
З 23 па 26 лютага ў многіх гарадах сьвету праходзяць акцыі ў падтрымку Ўкраіны пад лёзунгам «Сьвятло пераможа цемру». Адбыліся акцыі і ў расейскіх гарадах.
У Казані зьявіўся мэмарыял, прысьвечаны гадавіне поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне.
Каля помніка ахвярам палітычных рэпрэсій у Ленінскім садзе стаяць фатаздымкі падзей у Бучы, Марыюпалі, Дняпры, а таксама плякат «Не — пуцінскай вайне».
Антываенны мэмарыял таксама зьявіўся ў Томску. Каля Паклоннага крыжа ў горадзе паставілі кветкі, перавязаныя жоўта-блакітнай стужачкай, і таблічку з надпісам «Днепр 14.01.2023 Украіна з 24.02.2022».
Яшчэ адзін стыхійны мэмарыял ахвярам расейскай агрэсіі ва Ўкраіне зьявіўся ля помніка ўкраінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку ў Новасібірску.
Супрацоўнікі расейскай паліцыі дзяжураць на месцах, куды могуць прыходзіць з акцыямі мясцовыя жыхары.
З 23 па 26 лютага ў многіх гарадах сьвету праходзяць акцыі ў падтрымку Ўкраіны пад лёзунгам «Сьвятло пераможа цемру». Арганізатарамі акцыяў у розных краінах выступаюць актывісты ўкраінскіх грамадаў і дыяспары. Суарганізатар акцый і каардынатар кампаніі — аб’яднаньне грамадаў Украіны — Communities Army of Ukraine.
Мэта кампаніі — падкрэсьліць неабходнасьць аказаньня падтрымкі Ўкраіне і ўзмацненьня санкцый супраць Расеі, каб спыніць вайну і забясьпечыць перамогу Ўкраіны ў барацьбе за незалежнасьць і захаваньне тэрытарыяльнай цэласнасьці.