Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МАГАТЭ: сытуацыя вакол Запароскай АЭС не палепшылася

Рафаэль Гросі падкрэсьліў, што баі ў раёне АЭС інтэнсыфікаваліся, таму трэба вызначыць рэалістычныя спосабы, як зьнізіць пагрозу катастрофы.

Кіраўнік Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі ў сераду наведаў захопленую Расеяй Запароскую АЭС на паўднёвым усходзе Ўкраіны ў рамках намаганьняў прадухіліць рызыку ядзернай аварыі.

Гросі прыбыў на найбуйнейшую ў Эўропе атамную электрастанцыю, каб азнаёміцца з сытуацыяй на аб’екце, паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на МАГАТЭ. Кіраўнік агенцтва мае намер асабіста ацаніць «сытуацыю зь ядзернай бясьпекай» і працягнуць намаганьні па заключэньні пагадненьня аб абароне АЭС.

«Я ні ў якім разе не здаюся. Я думаю, наадварот, мы павінны нарошчваць нашыя намаганьні, мы павінны працягваць», — сказаў Гросі ў інтэрвію Reuters.

Гросі настойвае, што для абароны абʼекта трэба заключыць паміж Украінай і Расеяй пагадненьне аб бясьпецы.

Знаходзячыся на падкантрольнай Маскве тэрыторыі, Гросі заявіў расейскім СМІ, што сытуацыя на станцыі не палепшылася, што баі паблізу ўзмацніліся і што трэба вызначыць рэалістычныя спосабы, як зьнізіць пагрозу катастрофы.

Запароская АЭС не вырабляе электраэнэргію зь верасьня, калі апошні з шасьці яе рэактараў быў выведзены з эксплюатацыі.

Украінскае ядзернае агенцтва «Енергоатом» паведаміла, што Гросі ацэніць, як зьмянілася сытуацыя на станцыі, пагаворыць з супрацоўнікамі, а таксама выступіць «гарантам» ратацыі групы назіральнікаў МАГАТЭ на абʼекце.

Назіральнікі МАГАТЭ знаходзяцца на АЭС зь верасьня, калі Гросі наведаў абʼект у сувязі з занепакоенасьцю рызыкай ядзернай аварыі.

Гэта другі візыт Гросі на ЗАЭС з таго часу, як яе захапілі расейскія войскі.

Гросі, які ў панядзелак сустрэўся з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, заявіў, што яго спробы заключыць пагадненьне па абароне ЗАЭС працягваюцца і што ён карэктуе свае прапановы, каб дамагчыся прагрэсу.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG