Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збліжэньне ізгояў. Навошта Лукашэнка паехаў у Іран?


Штуршком для рэанімацыі актыўнай супрацы Беларусі і Ірану стала лёгіка геапалітычнага пазыцыянаваньня. Прычым ня толькі ў зьвязку з вайной ва Ўкраіне.

Сьцісла:

  • Росквіт у беларуска-іранскіх адносінах застаўся ў мінулым. Сумесныя праекты аказаліся няўдалымі, бо грунтаваліся не на камэрцыйным разьліку, а на палітычных дамоўленасьцях.
  • Пасьля сыходу прэзыдэнта Ірану Махмуда Ахмадзінэжада беларуска-іранскае супрацоўніцтва замарудзілася.
  • Лукашэнка спадзяецца на стварэньне саюзу Беларусі, Расеі і Ірану.
  • Менск і Тэгеран разьлічваюць дапамагаць адзін аднаму абыходзіць заходнія санкцыі.

Росквіт у беларуска-іранскіх адносінах прыпаў на пэрыяд кіраваньня прэзыдэнта Махмуда Ахмадзінэжада (2005–2013 гг.). Лукашэнка наведаў Тэгеран у 1998 і 2006 гадах; іранскі прэзыдэнт быў зь візытамі ў Беларусі ў 2004 і 2007 гг.

Тое супрацоўніцтва грунтавалася на даволі прагматычным падыходзе з боку афіцыйнага Менску. Лукашэнка актыўна шукаў і знаходзіў кантакты зь міжнароднымі ізгоямі, ворагамі ЗША, шчодрымі на антыімпэрыялістычную рыторыку і багатымі на нафтадаляры. Тады і пачалося актыўнае супрацоўніцтва Беларусі з Іранам і Вэнэсуэлай. Бо гэтыя краіны ахвотна спансавалі ідэйна блізкія рэжымы і палітычныя рухі. На гэта і быў разьлік.

Абменам візытамі, заявам пра палітычную падтрымку адзін аднаго, размовам пра стварэньне нейкай антыамэрыканскай восі спадарожнічалі распрацоўкі сумесных эканамічных праектаў. Аднак гэтыя праекты грунтаваліся пераважна не на эканамічным інтарэсе і камэрцыйным разьліку, а на палітычных дамоўленасьцях. Эканоміка падганялася пад палітычную мэтазгоднасьць.

Пад шумную прапагандысцкую заслону праекты распачыналіся. Але празь нейкі час высьвятлялася, што за сяброўства нехта павінен плаціць. Пачыналі лічыць грошы. І тут высьвятлялася, што сур’ёзных эканамічных разьлікаў ніхто не рабіў. І ўсе гэтыя палітычныя дамовы ня мелі пад сабой рэальнай эканамічнай асновы.

Таму надзьмутыя пухіры пачалі лопацца. Пра крах вэнэсуэльскага праекту ўсім добра вядома. Нешта падобнае адбывалася і ў беларуска-іранскіх дачыненьнях. Спачатку правалілася авантура з будаўніцтвам заводу ў Абчаку пад Менскам дзеля вытворчасьці іранскіх аўтамабіляў «Саманд», бо на гэтыя легкавікі не было попыту. Усьлед сканаў і праект сумеснай здабычы нафты на іранскім радовішчы Джафэйр.

Пасьля сыходу прэзыдэнта Ірану Махмуда Ахмадзінэжада беларуска-іранскае супрацоўніцтва замарудзілася. Сустрэчы на вышэйшым узроўні адбываліся толькі на самітах.

Іран ужо шмат гадоў жыве ва ўмовах жорсткага санкцыйнага рэжыму. Больш жорсткага, чым той, у якім цяпер апынулася Беларусь. Бо там дзейнічаюць другасныя санкцыі. Зразумела, што Беларусь дасюль асьцерагалася ісьці на актыўнае эканамічнае супрацоўніцтва з Іранам, бо была рызыка трапіць пад гэтыя другасныя заходнія санкцыі.

Але цяпер, мяркуючы па ўсім, адбываецца пэўная рэанімацыя беларуска-іранскага саюзу. Імпульс гэтаму новаму этапу дала сустрэча Лукашэнкі з прэзыдэнтам Ірану Эбрахімам Раісі ў верасьні 2022 году ў Самаркандзе на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. У кастрычніку 2022 г. Іран наведаў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, які перадаў Тэгерану беларускія прапановы. Потым у лістападзе таго ж году ў Тэгеран паехаў прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка. І вось цяпер візыт Лукашэнкі.

Што стала штуршком для рэанімацыі актыўнай супрацы? Мяркую, лёгіка геапалітычнага пазыцыянаваньня, прычым ня толькі ў зьвязку з вайной ва Ўкраіне. Хачу нагадаць, што летась Іран перажыў масавыя грамадзкія пратэсты, якія мясцовыя ўлады жорстка здушылі (ёсьць забітыя, асуджаныя на сьмяротнае пакараньне), абвясьціўшы іх змовай Захаду. Нічога не нагадвае?

А вайна ва Ўкраіне спрычынілася да глыбокага расколу сьвету. Лукашэнка пару разоў наракаў, што Беларусь і Расея ўдваіх супрацьстаяць 52 краінам, якія падтрымліваюць Украіну. У 2022 годзе ён на самітах АДКБ, ШОС усяляк заклікаў пераарыентаваць дзейнасьць гэтых арганізацый у антызаходнім кірунку. Гэтыя высілкі, праўда, аказаліся мала пасьпяховымі.

Зь цягам часу высьветлілася, што адбываецца актыўнае супрацоўніцтва РФ і Ірану ў вайсковай сфэры. Іранскія дроны масава выкарыстоўваюцца Расеяй у вайне з Украінай. То бок Іран дэ-факта становіцца саюзьнікам РФ. І Беларусь на гэтым тле ўжо не выглядае такой самотнай. І гэта таксама спрыяе збліжэньню. Лукашэнка спадзяецца на стварэньне саюзу Беларусі, Расеі і Ірану.

А тое, што Іран пад жорсткімі санкцыямі, цяпер Менск мала хвалюе. Бо і сама Беларусь апынулася ў падобнай сытуацыі. Цяпер няма чаго баяцца. Усё, што можна страціць, афіцыйны Менск ужо страціў. Дый ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі выбар для супрацоўніцтва невялікі.

Гандаль паміж краінамі носіць даволі няўстойлівы характар. У мінулым годзе гандлёвы абарот паміж краінамі склаў $100 млн., у 2021 годзе — $33 млн, а ў 2020 г. усяго толькі каля $20 млн.

Якія сфэры ці праекты могуць стаць прыярытэтнымі для супрацоўніцтва?

Прэзыдэнт Ірану Эбрахім Раісі падчас перамоваў з Лукашэнкам дакладна абазначыў адзін кірунак: «Іран гатовы падзяліцца зь Беларусьсю сваім досьведам супрацьстаяньня санкцыям». Тут абодва «браты па няшчасьці» могуць пасьпяхова дапамагаць адзін аднаму.

Можна разьлічваць на супрацоўніцтва ў вайскова-прамысловым комплексе. Беларусь можа падключыцца да актыўнай каапэрацыі ў сфэры ВПК Расеі і Ірану. Украінская выведка паведамляла, што на парадку дня стаіць пытаньне аб арганізацыі тэхналягічнага працэсу зборкі рэактыўных снарадаў калібраў 122 мм, 220 мм і 300 мм на тэрыторыі Беларусі. Вайна ва Ўкраіне працягваецца, канца ёй не відаць. Расеі спатрэбіцца шмат снарадаў. І прадаваць іх РФ стане даволі выгадным бізнэсам.

Вельмі верагодныя сумесныя праекты Беларусі з Іранам і Кітаем. Добра вядома пра беларуска-кітайскую супрацу ў вытворчасьці ракетнай тэхнікі («Палянэз»). Іран цяпер гэта вельмі цікавіць.

Але ёсьць адзін нюанс. Цеснае супрацоўніцтва афіцыйнага Менску з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі наўрад ці спадабаецца Тэгерану. Бо ўсе суніцкія манархіі на Аравійскім паўвостраве — даўнія ворагі шыіцкага Ірану.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG