Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 10 гадоў экспарт упаў у 10 разоў. Што за эканамічныя адносіны ў Беларусі і Ірану, куды паехаў Лукашэнка


Аляксандар Лукашэнка і Эбрахім Раісі, Тэгеран, 13 сакавіка 2023 году
Аляксандар Лукашэнка і Эбрахім Раісі, Тэгеран, 13 сакавіка 2023 году

Падчас сустрэчы Лукашэнкі і Эбрахіма Раісі прэзыдэнт Ірану паабяцаў падзяліцца досьведам абыходу санкцыяў. «Мы гатовыя дзяліцца нашым досьведам у гэтым напрамку», — сказаў Эбрахім Раісі.

Глядзім, як Беларусь супрацоўнічала з Іранам раней.

Гандаль

Экспарт зь Беларусі ў Іран за 2021 год склаў 14 мільёнаў даляраў, дзесяць гадоў таму ён быў большы ў 9 разоў.

З Ірану Беларусь за 2021 год імпартавала тавараў на 19,3 мільёна даляраў. Іран пастаўляе ў Беларусь у асноўным садавіну, сухую садавіну, гарэхі, лекі.

Беларусь жа прадае ў Іран прадукцыю дрэваапрацоўкі, грузавыя аўтамабілі, мэдтэхніку, рухавікі, паперу.

Аб’ёмы таваразвароту Беларусі і Ірану ў агульнай статыстыцы гандлю зусім невялікія. Напрыклад, беларускі экспарт у суседнюю Літву за 2021 год быў у 18 разоў большы.

Праекты

Як беларусы ў Іране нафту здабывалі

У 2007 годзе Беларусь вырашыла заняцца здабычай нафты ў Іране. Паводле дамоўленасьці, «Беларуснафта» мелася распрацоўваць іранскае радовішча Джуфэйр. Штогод на ім плянавалі здабываць 1,3 мільёна тон нафты.

У 2010 годзе на адкрыцьцё радовішча меўся прыехаць Лукашэнка, але нешта пайшло ня так, як плянавалася. У 2011 годзе «Беларуснафта» выйшла з праекту, прычын беларускі бок так і не назваў.

«Магніт Менску»

Іранская дэвэлапэрская кампанія Kayson плянавала будоўлю комплексу «Магніт Менску» каля Нацыянальнай бібліятэкі. Пабудаваць яго зьбіраліся да 2013 году, але праект пераўтварыўся ў даўгабуд. Комплекс не гатовы дагэтуль, і цяпер ім займаюцца менскія гарадзкія ўлады, а не іранскі інвэстар.

Гатэль каля Нямігі

У 2010 годзе ў раёне вуліц Нямігі і Калектарнай іранскі інвэстар плянаваў пабудаваць пяцізоркавы гатэль «Перс Поліс». Адчыняць будаўнічую пляцоўку прыяжджаў нават амбасадар Ірану Сеед Абдула Хасэйні. Будоўлю абяцалі скончыць у 2014 годзе, але гэтага не адбылося. Далей за катлаван справа так і не пайшла, участак перайшоў да іншага іранскага інвэстара, кампаніі «Інтэрбелнэст». Яны хацелі пабудаваць гандлёва-адміністратыўны праект «Няміга мол». Аднак і з гэтым праектам нічога не атрымалася, у 2018 годзе гарадзкія ўлады забралі ўчастак у інвэстараў.

Шматфункцыянальны комплекс на месцы Чэрвеньскага рынку

У 2007 годзе іранскім інвэстарам спадабалася пляцоўка Чэрвеньскага рынку ў Менску. Абмеркаваць магчымасьць будаўніцтва там гандлёвага комплексу да Лукашэнкі прыяжджала цэлая дэлегацыя. У 2013 годзе Чэрвеньскі рынак перанесьлі ў іншае месца, на вуліцу Маякоўскага. Рабілася гэта адмыслова пад іранскі праект.

Інвэстар абяцаў «уражваючы будынак» з двухузроўневай падземнай паркоўкай на 1124 машынамесцы і зь «зялёным дахам». Праектаваньнем займалася ангельская кампанія Urban Synthesis. На сяміпавярховы комплекс з крамамі, рэстаранамі і офісамі абяцалі патраціць 194–200 мільёнаў даляраў, прычым толькі за кошт інвэстара. Беларускі бок не павінен быў патраціць ні капейкі. Аднак на будаўнічай пляцоўцы ў выніку не адбывалася нічога, і ў 2015 годзе дамову з іранцамі скасавалі.

Зборка іранскіх аўтамабіляў

У 2006 годзе беларусы вырашылі пачаць зьбіраць іранскія аўтамабілі маркі Samand. Рабіць гэта пачалі ў пасёлку Абчак пад Менскам. На першым этапе плянавалася зьбіраць да 6 тысяч машын штогод, а пасьля нарасьціць аб’ёмы да 60 тысяч. Аднак на заплянаваныя аб’ёмы так і ня выйшлі. Аўтамабілі аказаліся занадта дарагія, і іх не куплялі, нягледзячы на запуск адміністрацыйнага рэсурсу. У 2013 годзе праект згарнулі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG