Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Публічныя пакаяньні, Корпус вартавых як іранскі ГУБАзіК, жыцьцё пад санкцыямі. Чым падобныя рэжымы ў Беларусі і Іране


Вартавыя ісламскай рэвалюцыі святкуюць 40-годдзе іранскай рэвалюцыі. Архіўнае фота
Вартавыя ісламскай рэвалюцыі святкуюць 40-годдзе іранскай рэвалюцыі. Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падчас двухдзённага візыту ў Іран заявіў, што «за апошнія гады Беларусь і Іран зразумелі, наколькі патрэбныя адно аднаму». Міжнародная супольнасьць крытыкуе Іран за супрацу ў вайсковай сфэры з Расеяй, а таксама за жорсткае падаўленьне нядаўніх масавых пратэстаў.

Сабралі самыя галоўныя факты пра Іран, які больш за 43 гады жыве пад санкцыямі, а таксама пашукалі прамыя паралелі з сытуацыяй у Беларусі.

Як зьмянілася краіна пасьля ісламскай рэвалюцыі

Краіна з 87-мільённым насельніцтвам, трэцяя ў сьвеце па велічыні запасаў нафты, жыве пад эканамічнымі санкцыямі больш як 40 гадоў, а апошнія гады фактычна ў ізаляцыі. Ісламская рэвалюцыя завяршылася 11 лютага 1979 году выгнаньнем шаха і абвяшчэньнем у Іране ісламскай рэспублікі. У выніку Іран зьмяніўся кардынальным чынам і стаў у сьвеце дзяржавай-ізгоем.

Aятала Хаменеі
Aятала Хаменеі

З манархіі Іран пераўтварыўся ў тэакратычную дзяржаву, у якой аятала Хаменеі прымае ўсе канчатковыя рашэньні ў краіне. Практычна як і Аляксандар Лукашэнка ў Беларусі.

Пасьля рэвалюцыі быў створаны Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі. Яго часам мэтафарычна называюць «іранскім НКВД» ці больш сучасна — «іранскім ГУБАЗіКам». Паводле ацэнак, колькасьць корпусу складае 150 тысяч чалавек. У яго склад уключаныя вайскова-паветраныя і вайскова-марскія падразьдзяленьні. У 2019 годзе ЗША прызналі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі тэрарыстычнай арганізацыяй. Як і дэмакратычныя сілы Беларусі намагаюцца прызнаць ГУБАЗіК і КДБ тэрарыстычнымі арганізацыямі.

З моманту ўзьнікненьня Ісламскай Рэспублікі Іран у краіне ідзе «зачыстка» ўсіх іншадумцаў. Вельмі шмат іранцаў былі вымушаныя пакінуць краіну, а ў дачыненьні да іх родных, якія засталіся, улады ўжываюць рэпрэсіі. Нічога не нагадвае?

Ісламская рэвалюцыя ў Іране – як гэта было
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:42 0:00

Пры захаваньні сьвецкіх органаў улады (прэзыдэнт, парлямэнт, урад) найвышэйшая ўлада ў краіне пажыцьцёва належыць аятале, які кантралюе, згодна з Канстытуцыяй краіны, заканадаўчую, выканаўчую і судовую ўладу. «Культурная рэвалюцыя» закранула СМІ, школы, унівэрсытэты, тэатры і была заклікана пазбавіць краіну ад «распуснага заходняга і атэістычнага ўплыву».

Масавыя пратэсты ў Іране і іх жорсткае падаўленьне

Зь верасьня мінулага году Іран перажывае адзін з самых працяглых пэрыядаў грамадзянскіх пратэстаў у гісторыі. Яны пачаліся пасьля сьмерці 22-гадовай Махсы Аміні, якая памерла пасьля затрыманьня Шарыяцкай гвардыяй за няправільнае нашэньне хіджабу.

Постэр з фотаздымкамі забітых пратэстоўцаў
Постэр з фотаздымкамі забітых пратэстоўцаў

Улады жорстка расправіліся з пратэстоўцамі, якія заклікалі да зьмены рэжыму і ўсталяваньня сьвецкай дэмакратыі. Праваабарончыя арганізацыі кажуць, што больш за 500 дэманстрантаў былі забітыя, у тым ліку 70 непаўналетніх, і каля 20 тысяч арыштаваныя. Афіцыйна Іран паведамляў пра 200 сьмерцяў падчас пратэстаў, уключыўшы ў гэты лік і супрацоўнікаў сіл бясьпекі. Улады ў Іране таксама заяўлялі, што беспарадкі былі справакаваныя замежнымі выведкамі. Падобныя заявы наконт прычынаў мірных пратэстаў 2020 году гучалі і з боку Лукашэнкі, хоць беларускія пратэсты былі выкліканыя фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

Маштаб дэманстрацый у Іране значна ўпаў пасьля таго, як улады пачалі караць сьмерцю ўдзельнікаў выступаў. А ў Беларусі зьмянілі заканадаўства, у выніку ўводзіцца сьмяротная кара за «здраду дзяржаве». Паводле ацэнак арганізацыі «Іранскія правы чалавека», якая базуецца ў Осла, ня менш як 100 чалавек, якія знаходзяцца пад вартай, асуджаныя да сьмяротнай кары. У студзені дваіх мужчын павесілі за забойства супрацоўніка іранскіх сіл бясьпекі. Перад сьмерцю асуджаныя падалі апэляцыю, заявіўшы, што іх катавалі.

Пакаяньні пратэстоўцаў на патрабаваньне ўладаў

Гаворачы пра падабенства рэпрэсіўных рэжымаў, можна згадаць практыку памілаваньня ўдзельнікаў пратэсту ў Іране ў выпадку іх публічнага пакаяньня. Улады краіны паведамлялі, што аятала Алі Хаменеі памілаваў «дзясяткі тысяч» зьняволеных, у тым ліку асуджаных за ўдзел у пратэстах. Памілаваньне суправаджалася некалькімі ўмовамі, у тым ліку пісьмовым пакаяньнем. Згодна з артыкулам 110 Канстытуцыі Ірану, вярхоўны лідэр краіны мае права на «памілаваньне або зьмякчэньне выракаў асуджаным у рамках ісламскіх правілаў, пасьля адпаведнага хадайніцтва кіраўніка судовай улады». Так у Беларусі Лукашэнка мае права памілаваньня, а людзей актыўна прымушаюць публічна каяцца ці пісаць прашэньні аб памілаваньні.

Якія санкцыі ўводзілі супраць Ірану

Санкцыі супраць Ірану былі ўведзеныя найперш праз адмову Тэгерана спыніць разьвіцьцё яго ракетнай і ядзернай праграмаў (санкцыі Рады Бясьпекі ААН). Яны цалкам забараняюць экспарт у Іран атамнай, ракетнай і пераважнай часткі вайсковай прадукцыі, інвэстыцыі ў іранскую нафтагазавую і нафтаперапрацоўчую галіны, продаж Тэгерану любых тэхналёгій, якія можна выкарыстоўваць у вайсковым або нафтавым сэктарах, а таксама любыя кантакты з Корпусам вартавых Ісламскай рэвалюцыі, сувязі і фінансавыя транзакцыі з іранскімі банкамі і страхавымі кампаніямі, а таксама з цывільным марскім флётам Ірану.

Пасьля прыходу ў Белы дом у ЗША Дональд Трамп абрынуў «ядзерную ўгоду», падпісаную ў 2015 годзе Тэгеранам і групай дзяржаў, вядомых як «5+1». Пагадненьне прадугледжвала абмежаваньне ядзернай праграмы Ірану наўзамен на маштабнае зьняцьце з Тэгерану міжнародных санкцый. У 2018 годзе Трамп выйшаў з угоды, аднавіў аднабаковыя санкцыі ЗША і ўвёў новыя, яшчэ больш жорсткія. Тэгеран у адказ зноў прыступіў да ядзерных распрацовак.

Першы блёк санкцый ЗША ў 2018–2019 гадах супраць Ірану закрануў аўтамабільны сэктар, а таксама гандаль золатам і іншымі мэталамі. Другі блёк санкцый тычыўся іранскага энэргетычнага сэктару, любых транзакцый, якія маюць дачыненьне да вуглевадароднай сыравіны, і транзакцый, зьвязаных з Цэнтральным банкам Ірану.

Да канца 2021 году амэрыканскія санкцыі, уведзеныя супраць Ірану, былі зьвязаныя ня толькі зь яго ядзернай праграмай, але і з абвінавачаньнямі ў парушэньнях правоў чалавека, дэстабілізацыі сытуацыі ў рэгіёне. Усяго пад пэрсанальнымі санкцыямі цяпер прыкладна 470 вышэйшых іранскіх службовых асоб, гэты сьпіс павялічваецца.

Як жывуць людзі ва ўмовах санкцый і міжнароднай ізаляцыі

Жыхары ваколіц Тэгерана. Ілюстрацыйнае фота
Жыхары ваколіц Тэгерана. Ілюстрацыйнае фота

Паводле зьвестак брытанскай газэты Financial Times, апошнім часам інфляцыя ў краіне падскочыла больш як да 40% праз санкцыі ЗША. Каля 10 млн іранцаў, або парадку 40% усёй працоўнай сілы, зарабляюць прыкладна $40 у месяц, паведамляе Center for Human Rights in Iran.

Іран застаецца, па меры магчымасьцяў, сацыяльна арыентаванай краінай. Улады ня могуць істотна палепшыць умовы жыцьця 60–65 працэнтаў беднякоў. Але ім пэрыядычна робяць прамыя або ўскосныя дробныя выплаты, раздаюць бясплатна танныя прадукты — і ў выніку іранскай уладзе ўдаецца купляць пэўную ляяльнасьць малазабясьпечаных людзей. Падобныя тэндэнцыі можна назіраць і ў Беларусі.

Як іранцы спрабуюць абысьці адключэньне ад SWIFT

У лістападзе 2018 году Іран адключылі ад міжнароднай міжбанкаўскай сыстэмы перадачы інфармацыі і правядзеньня плацяжоў SWIFT. Гэта вельмі ўскладніла вядзеньне любых зьнешнегандлёвых апэрацый. У самім Іране фактычна стварылася фінансавая бурбалка, унутры якой існуюць свае дэбэтавыя карткі, свае банкаматы, ідзе актыўнае выкарыстаньне сыстэмы электронных разьлікаў. За межамі Ірану гэтыя карткі не працуюць. Іранцы, якія падарожнічаюць за мяжу ці жадаюць весьці бізнэс з замежнікамі, змушаныя вынаходзіць розныя схемы абыходу гэтых абмежаваньняў. Збольшага яны адкрываюць рахункі ў суседніх краінах, але рабіць гэта іранскім грамадзянам усё больш складана.

Як Іран купляе і вырабляе зброю

Меркаваны іранскі дрон
Меркаваны іранскі дрон

Паводле вайсковых экспэртаў, Іран шмат зброі купляе ў Кітаю, прычым закупкі праводзяцца ў Паўночнай Карэі, бо там таньней. Іранцы ўжо больш як 40 гадоў перарабляюць узбраеньне заходняй вытворчасьці, якое засталося ад рэжыму шаха, досыць часта, дарэчы, выдаючы такія пераробкі за новыя мадэлі.

Іран не прызнаў расейскай анэксіі Крыму і іншых рэгіёнаў Украіны. Яго крытыкуюць за імавернае садзейнічаньне Расеі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Дэмакратычныя краіны абвінавачваюць Тэгеран у продажы Расеі дронаў-камікадзэ «Шахед-136», якімі Расея б’е па ўкраінскай інфраструктуры, у тым ліку цывільнай. Іран адмаўляе пастаўкі дронаў Расеі.

Эканамічная, палітычная і вайсковая супраца рэжымаў Беларусі і Ірану

Сьцяг Ірану і афіцыйны сьцяг Беларусі
Сьцяг Ірану і афіцыйны сьцяг Беларусі

Беларусь і Іран належаць да «восі зла», паводле амэрыканскай палітычнай мэтафары. Супраца двух рэжымаў адбываецца ўсе гады як у палітычнай, так і ў эканамічнай і вайсковай сфэрах. Імаверна, што цяперашні візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Іран зьвязаны і з вайсковым супрацоўніцтвам.

Паведамлялася, што раней Беларусь экспартавала ў Іран танкі, бронетранспартэры і цяжкую артылерыю. У студзені 2007 году краіны падпісалі мэмарандум аб узаемадзеяньні дзеля абароны. У 2009 годзе стала вядома, што Беларусь прадавала Ірану апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы расейскай вытворчасьці «Іскандэр-М». 4 сьнежня 2011 году іранскія вайскоўцы перахапілі амэрыканскі бесьпілётнік Lockheed Martin RQ-170 Sentinel. Як мяркуецца, для нэўтралізацыі дрона былі выкарыстаныя беларускія сыстэмы РЭБ (радыёэлектроннай барацьбы).

Што да эканамічнай супрацы, то ў 2021 годзе таваразварот паміж Беларусьсю і Іранам склаў $33 млн. Зьвестак за 2022 год пакуль няма; паводле амбасадара Ірану ў Беларусі Саіда Яры і міністра прамысловасьці Беларусі, гэты паказьнік «вырас утрая». Беларусь і Іран раней мелі супольныя прадпрыемствы дзеля здабычы нафты і зьбіраньня легкавых машын «Саманд», але яны аказаліся неэфэктыўнымі.

Сёлета ў канцы студзеня ў Іране было падпісана пагадненьне аб экспарце ў Беларусь і Расею іранскіх легкавых аўтамабіляў ад Saipa Group.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG