Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хаўрус ізгояў. Карбалевіч — пра тое, на чым грунтуецца рэанімацыя супрацоўніцтва Беларусі з Іранам


Сьцягі Беларусі і Ірана. Ілюстрацыйнае фота.
Сьцягі Беларусі і Ірана. Ілюстрацыйнае фота.

Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка ладзіць трохдзённы візыт у Іран, Сырыю, Расею. Геаграфія візыту вельмі паказальная. Гэта краіны-ізгоі, якія цяпер пад міжнароднымі санкцыямі.

Уласна кажучы, Галоўчанка ў Іране і не хаваў, што ідзецца пра хаўрус ізгояў, якім «важна сумеснымі намаганьнямі справіцца з тымі выклікамі, якія ставіць перад намі калектыўны Захад».

Пасьля сыходу прэзыдэнта Ірана Махмуда Ахмадзінэжада беларуска-іранскае супрацоўніцтва застопарылася. Бо яно грунтавалася на ідэалягічнай антызаходняй аснове, вялікіх эканамічных скрэпаў не было. За дзевяць месяцаў сёлета гандлёвы абарот паміж Беларусьсю і Іранам склаў $63,6 млн. Гэта мізэр.

Але цяпер, як відаць, адбываецца пэўная рэанімацыя беларуска-іранскага хаўрусу. Імпульс новаму этапу дала сустрэча Лукашэнкі з прэзыдэнтам Ірану Эбрагімам Раісі ў верасьні ў Самаркандзе на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. У кастрычніку Іран наведаў міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей, які перадаў Тэгерану беларускія прапановы. Галоўчанка падчас візыту павінен узгадніць праект дарожнай мапы супрацы на 2023–2026 годы. Канчаткова дакумэнт будзе падпісаны на новай сустрэчы Лукашэнкі з прэзыдэнтам Ірану Раісі.

Што стала штуршком для рэанімацыі актыўнай супрацы? Мяркую, той факт, што абедзьве краіны апынуліся пад санкцыямі. Іран ужо шмат апошніх гадоў жыве ва ўмовах жорсткага санкцыйнага рэжыму. Больш жорсткага, чым той, у якім цяпер апынулася Беларусь. Бо там дзейнічаюць другасныя санкцыі. Зразумела, што Беларусь дасюль асьцерагалася ісьці на актыўнае эканамічнае супрацоўніцтва з Іранам, бо была рызыка трапіць пад гэтыя другасныя заходнія санкцыі.

Сёньня ж Беларусі няма чаго баяцца. Усё, што можна страціць, афіцыйны Менск ужо страціў. Цяпер можна жыць, нічога не асьцерагаючыся. Таму і пачалася рэанімацыя супрацы. Бо уласна кажучы, а з кім яшчэ супрацоўнічаць ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі?

Якія ж сфэры робяцца прыярытэтнымі? Мяркую, ідзецца пра супрацу ў вайскова-прамысловым комплексе. Галоўчанка намякаў, што забароненых тэмаў у двухбаковых адносінах няма. Варта нагадаць, што цяпер ідзе актыўнае супрацоўніцтва ВПК Расеі і Ірана. Іранскія дроны масава выкарыстоўвае Расея ў вайне з Украінай.

Украінская выведка паведамляла, што беларуская дэлегацыя плянуе падчас гэтага візыту дамовіцца аб арганізацыі тэхналягічнага працэсу зборкі рэактыўных снарадаў калібраў 122, 220 і 300 мм на тэрыторыі Беларусі. Вайна ва Ўкраіне працягваецца, канца ёй ня бачна. Расеі спатрэбіцца шмат снарадаў. І прадаваць іх РФ стане даволі выгодным бізнэсам.

Так што, як відаць, працяг будзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG