Макей на перамовах у Тэгеране: «Падыходы Беларусі і Ірану супадаюць у большасьці важных пытаньняў міжнароднага парадку дня»

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

«Беларусь, як і Іран, выступае супраць аднабаковых незаконных эканамічных санкцый, якія выходзяць за межы нормаў міжнароднага права», — заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей па выніках перамоў з іранскім калегам Амірам Абдалахіянам 26 кастрычніка ў Тэгеране.

«У першую чаргу санкцыйны ціск наносіць шкоду эканоміцы краін і простым грамадзянам, садзейнічае росту напружанасьці. Фактычна, я згодны тут таксама зь лёгікай спадара міністра, адбываецца эканамічны тэрарызм супраць нашых дзяржаў», — сказаў Уладзімер Макей і заклікаў «разам выпрацоўваць адэкватныя захады рэагаваньня на такія акты эканамічнага тэрарызму».

Паводле беларускага міністра, супадаюць падыходы дзьвюх краін да большасьці важных пытаньняў міжнароднага парадку дня. У той жа час узровень гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяньня дзяржаў, «на жаль, пакуль яшчэ адстае ад палітычнага».

Макей прыбыў у Тэгеран на сустрэчу з кіраўніком МЗС Ірану Амірам Абдалахіянам на фоне перакідваньня расейскіх войскаў у Беларусь і навінаў аб выкарыстаньні Расеяй у вайне супраць Украіны іранскіх дронаў-камікадзэ ў тым ліку зь беларускай тэрыторыі.

Заходнія санкцыі супраць Ірану ўведзеныя за рэалізацыю ядзернай і ракетнай праграмаў, падтрымку міжнароднага тэрарызму, парушэньні правоў чалавека; супраць Беларусі — з прычыны фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, гвалту ў дачыненьні пратэстоўцаў, прымусовай пасадкі самалёта Ryanair Атэны — Вільня з Раманам Пратасевічам на борце, а таксама за саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны.

У Іране ў верасьні паліцыя нораваў затрымала маладую 22-гадовую жанчыну Махсу Аміні за распушчаны хіджаб, празь некалькі гадзін Аміні шпіталізавалі ў стане комы, а праз тры дні абвясьцілі пра яе сьмерць з прычыны «раптоўнага сардэчнага прыступу». Адразу ўспыхнулі пратэсты супраць радыкальнага ісламскага рэжыму, якія працягваюцца ўжо паўтара месяца і характарызуюцца гарачымі сутыкненьнямі пратэстоўцаў з паліцыяй у розных рэгіёнах краіны.

Людзі спальваюць партрэты «духоўнага лідэра» дзяржавы аяталы Хамэнэі і заклікаюць да пераходу на сьвецкі лад кіраваньня Іранам. Многія жанчыны дэманстратыўна носяць касмэтыку і ходзяць без хіджабаў.

У Беларусі на гэты момант 1339 палітычных зьняволеных (паводле «Вясны») Затрыманьні, арышты, ператрусы працягваюцца штодня, а за кратамі арыштаваныя і асуджаныя па «палітычных» артыкулах цярпяць ад жорсткага абыходжаньня і катаваньняцў у розных формах. Падчас пратэстаў лета-восені 2020 году ад рук сілавікоў загінулі некалькі чалавек.

​
XS
SM
MD
LG