Ва Ўкраіне 7 сакавіка пачаўся судовы працэс, на якім разглядаюць справу грамадзяніна Беларусі Андрэя Герыловіча. Яго летась у лістападзе ўзялі ў палон украінскія войскі, а потым высьветлілася, што ён быў завэрбаваны на службу ў прыватную вайсковую кампанію «Вагнэр».
Андрэя Герыловіча абвінавачваюць паводле часткі 4 артыкулу 447 (удзел найміта ва ўзброеным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяньнях, які караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў). Сёлета ў студзені паводле гэтага ж артыкулу асудзілі яшчэ аднаго беларуса — Максіма Зязюльчыка. Ён атрымаў максымальны тэрмін 10 гадоў. 7 сакавіка яго перадалі ў Расею ў абмен на ўкраінскіх ваеннапалонных.
У матэрыялах справы Андрэя Герыловіча адзначаецца, што ён 10 ліпеня 2022 году прыехаў на цягніку з Гомля ў Краснадар, а адтуль на таксі дабраўся да вёскі Молькіна, дзе знаходзіцца адзін з самых вялікіх вайсковых палігонаў у Краснадарскім краі. Менавіта там нібыта знаходзіцца трэнавальны лягер і месца прыёму новых байцоў у прыватную вайсковую кампанію (ПВК) «Вагнэр».
У той жа дзень беларус падпісаў кантракт з ПВК «Вагнэр», паводле якога яму абяцалі заробак 240 тысяч расейскіх рублёў на месяц і дадаткова 5 тысяч «палявых выплат».
Празь 10 дзён навучаньня на палігоне Андрэя Герыловіча разам зь іншымі вагнэраўцамі перакінулі ў Сьветладарск Бахмуцкага раёну Данецкай вобласьці. Паводле ўкраінскага сьледзтва, з 21 ліпеня ён удзельнічаў у баях каля Сямігор’я, Кодэма і Атрадаўкі ў Данецкай вобласьці, а 16 лістапада яго ўзялі ў палон украінскія вайскоўцы.
Беларус ваяваў пад пазыўным «Заспа» , які ўзяў ад назвы вёскі Рэчыцкага раёну, непадалёк ад якой ён нарадзіўся.
Раней Беларускі расьсьледніцкі цэнтар паведамляў, што Герыловіч нарадзіўся ў Заспе, аднак у матэрыялах крымінальнай справы пазначана, што ён зьяўляецца ўраджэнцам вёскі Гарошкаў, якая тэрытарыяльна адносіцца да Засьпенскага сельсавету Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці.
Паводле расьсьледніцкага цэнтра, пасьля школы Андрэй Герыловіч працаваў у калгасе, а потым служыў прапаршчыкам у брыгадзе сувязі вайсковай часткі 68473 у Калодзішчах. Пасьля службы працаваў альпіністам-мантажнікам у прыватнай кампаніі.
У часе дасудовых сьледчых дзеяньняў, як паведамляла Служба бясьпекі Ўкраіны, Андрэй Герыловіч даў сьведчаньні аб ваенных злачынствах расейскіх войскаў і ваенізаваных груповак, перадаў устаноўчыя зьвесткі асобаў, датычных да іх, а таксама расказаў пра катаваньні, пазбаўленьне грашовага забесьпячэньня і забойствы за невыкананьне злачынных загадаў.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.