Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З асаблівым цынізмам. Як у Маскве складалі пляны інкарпарацыі Беларусі


Пратэст супраць інтэграцыі з Расеяй у Менску, 7 сьнежня 2019
Пратэст супраць інтэграцыі з Расеяй у Менску, 7 сьнежня 2019

Стала вядома пра існаваньне ўнутранага дакумэнту расейскіх уладаў «Стратэгічныя мэты Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі», у якім расьпісаныя этапы паглынаньня Расеяй Беларусі да 2030 году.

Гэты дакумэнт не зьмяшчае нечага прынцыпова новага — за выключэньнем канкрэтных датаў этапаў інкарпарацыі. Сутнасьць жа этапаў, як і мэтады, былі распрацаваныя і нават абнародаваныя значна раней — больш як чвэрць стагодзьдзя таму. І з таго часу мала мяняліся.

Масква ніколі не магла зьмірыцца з існаваньнем Беларусі як цалкам незалежнай дзяржавы. Прычым зь першага дня абвяшчэньня.

26 жніўня 1991 году, на наступны дзень пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Вярхоўным Саветам Беларусі і на трэці дзень пасьля прыняцьця Акту аб незалежнасьці Вярхоўнай Радай Украіны, прэсавы сакратар Ельцына папярэдзіў пра магчымасьць перагляду межаў з усімі сумежнымі рэспублікамі, «за выключэньнем трох прыбалтыйскіх (Латвійскай, Літоўскай, Эстонскай), дзяржаўная незалежнасьць якіх ужо прызнаная Расеяй».

Заява прэс-сакратара Барыса Ельцына Паўла Вашчанава, газэтная публікацыя, жнівень 1991
Заява прэс-сакратара Барыса Ельцына Паўла Вашчанава, газэтная публікацыя, жнівень 1991

27 жніўня пра гэта заявіў ужо сам Барыс Ельцын. І ўвечары таго ж дня адзін са «слупоў» расейскай дэмакратыі, мэр Масквы Гаўрыла Папоў, у выступе па тэлебачаньні запатрабаваў адабраць ва Ўкраіны Крым, а заадно Адэскую вобласьць і ўвесь левы бераг Дняпра. Уладзімір Пуцін у той час усяго толькі насіў партфэль за Сабчаком.

Падпісаньне пагадненьня ў Віскулях, якім Ельцын вырашаў на сваю карысьць праблему супрацьстаяньня з Гарбачовым, паставіла кропку ў існаваньні СССР, але не ў імпэрскіх памкненьнях Расеі.

У 1993 годзе адбылося далучэньне Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД, што фактычна было ўцягваньнем у арбіту вайсковых інтарэсаў Масквы. У 1994-м прарасейскім дэпутатам удалося правесьці ў Канстытуцыю ўвядзеньне пасады прэзыдэнта, якую заняў чалавек з адкрыта праімпэрскімі поглядамі. У 1995-м Лукашэнка правёў рэфэрэндум, якім зьліквідаваў дзяржаўны статус нацыянальнай сымболікі і статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Часта забываюць, што яшчэ адным пытаньнем рэфэрэндуму была эканамічная інтэграцыя з Расеяй. У 1996-м Лукашэнка і Ельцын падпісалі пагадненьне аб беларуска-расейскай супольнасьці.

Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын. Фота з альбому «Аляксандар Лукашэнка – Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь», выдадзенага ў 1997 годзе
Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын. Фота з альбому «Аляксандар Лукашэнка – Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь», выдадзенага ў 1997 годзе

«Стымуляваць сэпаратысцкія тэндэнцыі»

25 сакавіка 1997 году маскоўская «Независимая газета» надрукавала праграмны дакумэнт пра геапалітычныя мэты Расеі. Ягоныя распрацоўшчыкі сталі вядомыя адразу: гэта былі асобы, набліжаныя да тагачаснага міністра замежных спраў Расеі Яўгенія Прымакова (былога кіраўніка зьнешняй выведкі і будучага прэм’ера РФ). Назва дакумэнту — «Садружнасьць незалежных дзяржаў: пачатак альбо канец гісторыі?» — завяршалася пытальнікам, аднак зьмест ягоны недвухсэнсоўна сьведчыў, што прыхільнікі імпэрскага рэваншу поўныя рашучасьці рэалізаваць свае пляны, як пішуць у міліцэйскіх пратаколах, «з асаблівым цынізмам».

Тады, вясной 1997-га, гэты тэкст шмат каму здаўся ледзь не трызьненьнем — нагэтулькі нерэальнымі падаваліся выкладзеныя ў ім палажэньні. Сёньня ён успрымаецца зусім інакш.

Пра асобны разьдзел, прысьвечаны выключна Беларусі, ніжэй, а пакуль — пра мэтады, якія прапаноўвалася выкарыстоўваць для ажыцьцяўленьня геапалітычных інтарэсаў Расеі. Некалькі цытатаў без камэнтароў.

«Толькі актыўныя дзеяньні (аж да дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў рэгіёнах, дзе асабліва актывізаваліся антырасейскія і антыінтэграцыйныя сілы) здольныя прадухіліць працэс павольнага, але незваротнага, пры цяперашняй палітыцы расейскіх уладаў, адыходу гэтых дзяржаваў ад Расеі».

«...рэвізаваць усю існую сыстэму дамоўленасьцяў па тэрытарыяльным разьмежаваньні рэспублік пасьля распаду СССР, ігнараваць у дачыненьні да іх прынцып нацыянальнай цэласнасьці і паставіць пытаньне аб перадзеле гэтай прасторы».

«... стымуляваць сэпаратысцкія тэндэнцыі ў Аджарыі».

«Даць зразумець Ерэвану, што ў выпадку, калі Грузія і далей павядзе антырасейскую лінію, Армэнія здолее дэ-факта далучыць да сябе рэгіён, вядомы пад назвай Джавахк».

«...вылучэньне намі ўласных і заахвочваньне чужых тэрытарыяльных прэтэнзій».

«...усталяваньне рэжыму неспрыяньня Ўкраіне ў выкарыстаньні расейскай інфраструктуры для ажыцьцяўленьня зьнешнеэканамічных сувязяў зь іншымі краінамі СНД».

«...паступовае ўсталяваньне блякады Ўкраіны паводле варыянту ЗША — Куба».

«... трэба памятаць, што хаця распад Украіны — праблемны для Расеі варыянт, але лепей спрыяць яму, чым цярпець пастаянны выклік з боку Ўкраіны і эрозію нашых намаганьняў у бліжнім замежжы».


Калі такая лексыка не палітычны цынізм, дык што тады?

«Менск мог бы пайсьці на канфэдэрацыйную дамову з Масквой»

Тэме Беларусі ў дакумэнце быў прысьвечаны асобны разьдзел.

Загадзя выбачаюся перад чытачамі за, магчыма, празьмерную колькасьць цытатаў: я ўзяў толькі найбольш адметнае і дазволіў сабе кароткія камэнтары.

«Ва ўзаемаадносінах зь Беларусьсю ў Расеі няма тэрытарыяльных праблем, як з Украінай, і няма вялікіх нацыянальных, культурна-моўных ды рэлігійных адрозьненьняў, як з Казахстанам, дзяржавамі Сярэдняй Азіі і Закаўказьзя. У эканамічным пляне Беларусь уяўляе для Расеі велізарную цікавасьць як у варыянце інтэнсіўнага вытворчага разьвіцьця расейскай эканомікі, так і пры захаваньні сыравіннага эканамічнага рэсурсу».

Адрозна ад некаторых менскіх аглядальнікаў, якія падкрэсьлівалі эканамічную адсталасьць Беларусі ад Расеі, Масква якраз бачыла вялікі патэнцыял, маючы на ўвазе найперш транзытную інфраструктуру і навукаёмістую вытворчасьць (у апошняй Беларусь трымала лідэрства яшчэ ў часы СССР).

«Саюз Расеі зь Беларусьсю ставіць крыж на ідэі балта-чарнаморскага санітарнага кардону і адсоўвае патэнцыйную ваенную пагрозу ад Масквы.

Нарэшце, яшчэ раз падкрэсьлім самае галоўнае: збліжэньне зь Беларусьсю аж да аб’яднаньня кідае выклік разьвіцьцю цэнтрабежных тэндэнцыяў у СНД, мяняе карціну ўзаемаадносінаў з Украінай і на ўсёй астатняй постсавецкай прасторы».


І сапраўды — працэс «зьбіраньня земляў» Масква пачала зь Беларусі, як найбольш прыдатнай і патэнцыйна найбольш пасьпяховай мадэлі інтэграцыі. У ідэі ж Балта-Чарнаморскай садружнасьці Крэмль бачыў рэальную пагрозу рэалізацыі сваіх імпэрскіх амбіцый.

«...Пасьля рэфэрэндуму і канстытуцыйнага пераўтварэньня на Беларусі Расея, якая ўжо пачала распадацца, мае справу з выпрабаванай, кансалідаванай уладай. Цяперашняе становішча Аляксандра Лукашэнкі спрыяе рэалізацыі любых плянаў інтэграцыі пры ўмове іх прымальнасьці асабіста для прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (тут і далей вылучана мной. — С.Н.). Папярэдняя палітычная дамоўленасьць з прэзыдэнтам Беларусі, якая здымае ў яго трывогу за будучыню ягоную асабістую і будучыню свайго народу, павінна быць дасягнутая без навязваньня Менску непрымальнага досьведу эканамічных рэформаў, асабліва прыватызацыі, як ультыматыўнай умовы беларуска-расейскай інтэграцыі.

Няма альбо амаль няма той цаны, якую расейская эліта не павінна была б заплаціць за перадухіленьне распаду, ратаваньне цэласнасьці Расеі і сваё ратаваньне ў аб’яднаньні зь Беларусьсю. Калі палітычны кляс Беларусі цалкам ня ўдасца зацікавіць новай роляй і месцам у аб’яднаньні, адзінае выйсьце — пацьвердзіць ды ўмацаваць альянс з прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь».


У гэтым фрагмэнце — адказ на пытаньне, якое ледзь не з 1994 году няспынна ўзьнікае ў палітычных дыскусіях: да якога часу Крэмль будзе падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку? Да моманту, пакуль ён будзе падтрымліваць Маскву. Альянс, пацьвердзіць які прапаноўвалася яшчэ ў 1997-м, нягледзячы на пэрыяды турбулентнасьці, сапраўды, умацаваўся і трывае па сёньня.

«Менск цяпер мог бы пайсьці на заключэньне канфэдэрацыйнай дамовы з Масквой, перайсьці ад аморфнай супольнасьці да саюзу дзьвюх сувэрэнных дзяржаў з агульным (падвойным) грамадзянствам, агульнай мытняй, абаронай і аховай межаў пры гарантаваньні ў астатнім поўнага самакіраваньня абедзьвюх частак (артыкул 79 Канстытуцыі РФ і артыкул 8 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дазваляюць заключыць міждзяржаўную дамову безь зьмяненьня Канстытуцыі цалкам). Далейшая інтэграцыя саюзу дзяржаў у саюзную дзяржаву магчымая пасьля вычарпаньня патэнцыялу папярэдняга этапу».

Як і прапаноўвалася, цягам доўгага часу міждзяржаўныя інтэграцыйныя пагадненьні, сапраўды, ня мелі наступствамі зьмены ў беларускай Канстытуцыі. У лютым 2022-га з Канстытуцыі было выкрасьлена палажэньне пра нэўтралітэт, а Масква скарыстала тэрыторыю Беларусі для нападу на Ўкраіну.

«Гістарычны шанец можа зьнікнуць»

І яшчэ некалькі цытат.

«У сувязі з распачатым працэсам прасоўваньня NATO на Ўсход у Расеі ёсьць год-паўтара, каб надаць працэсу аб’яднаньня зь Беларусьсю незваротны характар — да таго часу, пакуль краіны NATO будуць дыскутаваць, ці прасоўваць свой уплыў, ці „ператраўляць“ нэафітаў у сваім складзе».

Трэба прызнаць, што ў канцы 90-х асноўная ўвага краінаў Захаду ў рэгіёне канцэнтравалася на краінах Балтыі ды дзяржавах былой Варшаўскай дамовы, якія далучаліся да NATO. І пры гэтым Беларусі не аддавалася ўвага ў той ступені, у якой гэтага патрабавалі ўсё большыя амбіцыі Расеі.

Больш за тое: практычна ўсе заходнія лідэры (найперш прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан) бачылі менавіта ў кіраўніку Расеі Ельцыну той «лякаматыў», які, на іх думку, выцягне Лукашэнку на рэйкі дэмакратыі. У Крамля ж, як бачым, былі іншыя пляны. Тыя год-паўтара, пра якія гаворыцца ў дакладзе, Масква скарыстала напоўніцу, падрыхтаваўшы ўтварэньне «саюзнай дзяржавы».

Барыс Ельцын, Аляксандар Лукашэнка і Біл Клінтан. Будапэшт, 5 сьнежня 1994 г.
Барыс Ельцын, Аляксандар Лукашэнка і Біл Клінтан. Будапэшт, 5 сьнежня 1994 г.

«...З боку нашых газэтаў і радыё было б важна адмовіцца ад спаборніцтва ў абражаньні нашага беларускага партнэра (Лукашэнкі. — С.Н.), даючы Захаду магчымасьць самому выконваць дзейнасьць па паказальнай ізаляцыі Беларусі».

Гэта хіба адзінае палажэньне, якое доўга не ўдалося рэалізаваць: яшчэ некалькі гадоў расейская прэса была свабодная і не адмаўляла сабе ў прыемнасьці пакпіць з Лукашэнкі. Пуцін скончыў са свабодай прэсы, але цяпер ужо пракрамлёўскія СМІ трымалі Лукашэнку «ў тонусе». І толькі пасьля падзеяў 2020 году крытыка зьнікла зусім — як на загад.

Затое зь міжнароднай ізаляцыяй Беларусі ўсё атрымалася выдатна.


«...Калі на працягу 1997 году працэс інтэграцыі зь Беларусьсю ня пройдзе кульмінацыйнага пункту, адкуль ужо няма вяртаньня да пачатковага, фармальна незалежнага аднаго боку, — гістарычны шанец можа зьнікнуць, прэзыдэнцкі рэжым пойдзе да зьнікненьня або перараджэньня, а Расея апынецца ля разьбітага карыта».

Масква скарыстала гістарычны шанец у адносінах да Беларусі — разьбітае карыта Расею, падобна, чакае ў іншым месцы. Заўважым, аднак, што асаблівае значэньне надавалася захаваньню ў Беларусі менавіта прэзыдэнцкай формы праўленьня.

Такім чынам, кіраўніцтва Расеі ніколі не адмаўлялася ад плянаў інкарпарацыі Беларусі — проста на розных этапах выкарыстоўвала розную лексыку.

У прававым сэнсе вяршыняй гэтай «інтэграцыі» было падпісаньне Лукашэнкам і Ельцыным дамовы аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» — у той жа дзень Васіль Быкаў назваў яе «канцом беларускай гісторыі». А ў рэальным — саўдзел Лукашэнкі і ягонага атачэньня ў ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны, якая, з улікам няспынных ядзерных пагрозаў крамлёўскага кіраўніцтва, пагражае пакласьці канец гісторыі ўсёй цывілізацыі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG