Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэтны крамлёўскі дакумэнт падрабязна апісвае пляны расейскага захопу Беларусі да 2030 году

абноўлена

Падчас пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй. Менск, 21 сьнежня 2019 году
Падчас пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй. Менск, 21 сьнежня 2019 году

Журналісты атрымалі доступ да ўнутранага дакумэнту расейскіх уладаў пад назвай «Стратэгічныя мэты Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі», згодна зь якім Расея зьбіраецца да 2030 году акупаваць Беларусь.

У расьсьледаваньні ўдзельнічаў кансорцыюм журналістаў з Süddeutsche Zeitung, WDR, NDR, Yahoo News, Delfi Eesti, цэнтра «Дасье», Expressen, Independent, Frontstory, Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ) і VSquare. Дакумэнт атрымала рэдакцыя Yahoo.News.

Дакумэнт датуецца летам 2021 году і зьмяшчае 17 старонак. У ім пералічаны палітычныя, абаронныя, гандлёвыя і сацыяльныя мэты расейскіх уладаў у Беларусі. Яны падзелены на тры катэгорыі — кароткатэрміновыя (да 2022 году), сярэднетэрміновыя (да 2025 году) і далёкатэрміновыя (2030 год).

У дакумэнце разгледжана ўсё, што зьвязана з абʼяднаньнем краін, сьцьвярджаюць журналісты. Сам дакумэнт яны не публікуюць.

Кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч лічыць, што журналіст, які падзяліўся інфармацыяй, «мае чыстую рэпутацыю ў міжнародных расьсьледніцкіх колах».

Рэдакцыя Свабоды ня можа апэратыўна праверыць зьвесткі расьследваньня.

Канстытуцыйная рэформа і войска

У дакумэнце, на які спасылаюцца расьсьледнікі, пішуць, што рэформа Канстытуцыі, якую прынялі ў Беларусі ў лютым 2022 году, павінна быць завершана ў адпаведнасьці з расейскімі інтарэсамі, а законы рэспублікі — «гарманізаваны» з законамі Расеі. А ўплыў NATO варта яшчэ зьменшыць.

У той жа час сумесныя вайсковыя вучэньні дзьвюх краін прапануюць зрабіць рэгулярнымі і зацьвердзіць адпаведны графік. Удзельнічаць у такіх вучэньнях, згодна з плянам, будуць узброеныя сілы і спэцслужбы дзьвюх краін. Згортваньне такой практыкі можа паставіць пад пагрозу інтэграцыю Расеі і Беларусі, адзначаецца ў «зьліве».

Адна крыніца ў заходняй выведцы дадала: «Лукашэнка заўсёды захоўваў адкрытасьць у адносінах да Захаду. Гэта зьмянілася толькі з выбарамі 2020 году і наступнымі дэманстрацыямі. З таго часу сваёй уладай ён абавязаны толькі ФСБ, якая кінулася на дапамогу КДБ. Пуцін ніколі не хаваў сваёй вялікарускай ідэі і будзе рабіць усё, каб Беларусь не адкрылася Захаду».

На думку аналітыкаў і ўрадавых чыноўнікаў, таксама ёсьць прыкметы таго, што Лукашэнка не глядзіць «з поўным захапленьнем» на пэрспэктыву ператварыцца з кліента ў васала.

«Жаданьня ўступаць у саюзную дзяржаву ні ў палітыкаў, ні ў мясцовых алігархаў няма», — сказаў суразмоўца з заходніх спэцслужбаў.

«Нягледзячы на блізкасьць да Расеі, Лукашэнка ў мінулым заўсёды падкрэсьліваў незалежнасць краіны. Яны з Пуціным ня вельмі любяць адзін аднаго. Адзін чакае, пакуль другі памрэ».

Энэргетыка

Энэргетычная інтэграцыя — яшчэ адзін фактар для будучыні «саюзнай дзяржавы». З дакумэнту вынікае, што Астравец-1, адзіны беларускі ядзерны рэактар, які фінансаваўся расейскай дзяржаўнай карпарацыяй атамнай энэргетыкі, плянуецца ўключыць у схему падзелу электраэнэргіі паміж дзьвюма краінамі.

Беларусь ужо імпартуе газ з Расеі. Па словах Дзьмітрыя Крука, старшага навуковага супрацоўніка BEROC, вядучага беларускага эканамічнага аналітычнага цэнтру, які цяпер знаходзіцца ў Кіеве, «Расея па-ранейшаму кантралюе беларускі энэргетычны сэктар, што яшчэ больш паглыбляе залежнасьць краіны ад Расеі. І Беларусі за гэта таксама давядзецца заплаціць».

Дакумэнт таксама перанакіроўвае грузаперавозкі Беларусі, якія ня маюць выхаду да мора, з балтыйскіх суседніх краін у расейскія парты.

Адукацыя, культура, мова

Асьцерагаюцца аўтары дакумэнту і «ўзмацненьня» ў атачэньні Лукашэнкі пазыцый «празаходніх і нацыяналістычна настроеных» палітыкаў.

Яшчэ адной мэтай зьяўляецца «забесьпячэньне пераважнага ўплыву Расейскай Фэдэрацыі ў галіне сацыяльнай палітыкі, гандлю, эканомікі, навукі, адукацыі і культуры». Расейскія ўлады зьбіраюцца спрасьціць працэдуру выдачы расейскіх пашпартоў беларускім грамадзянам «у мэтах стварэньня праслойкі расейцаў, зацікаўленых у інтэграцыі, і бізнэс-колаў, арыентаваных на расейскі рынак» — такую стратэгію Расея выкарыстоўвала ў Паўднёвай Асэтыі, Абхазіі, а таксама на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Плянуецца таксама павелічэньне колькасьці беларускіх студэнтаў, слухачоў і курсантаў у вядучых ВНУ Расеі. У той жа час Беларусь павінна адкрыць на сваёй тэрыторыі пункты прыёму Адзінага дзяржаўнага экзамэну альбо распрацаваць мэтодыку ўзаемазаліку вынікаў ЦТ і АДЭ.

Асобным пунктам прапісана павелічэньне колькасьці гастроляў расейскіх тэатраў фэдэральнага і рэгіянальнага значэньня ў Беларусі, часовых выстаў расейскіх музэяў сусьветнага, фэдэральнага і рэгіянальнага маштабу.

Пагрозу гэтым плянам, паводле «зьліву», могуць несьці пастаўкі ў Беларусь эўрапейскіх і амэрыканскіх вакцын супраць каранавірусу ўзамен расейскіх прэпаратаў. Непакоіць адміністрацыю Ўладзіміра Пуціна, мяркуючы па дакумэнце, і магчымае памяншэньне ролі расейскіх СМІ ў беларускай інфармацыйнай прасторы.

Пры сярэднетэрміновай пэрспэктыве акцэнт зроблены на адукацыі. Плянуецца адкрыцьцё ў Беларусі філіялаў расейскіх унівэрсытэтаў, стварэньне расейскай школы ў Менску і дадатковых кабінэтаў расейскай мовы ва ўсіх беларускіх унівэрсытэтах.

Сарваць гэтыя пляны, мяркуючы па дакумэнце, могуць намаганьні беларускіх уладаў па беларусізацыі, а таксама поўны ці частковы перавод сыстэмы сярэдняй і вышэйшай адукацыі Беларусі на нацыянальную мову. Асобным пунктам у графе пагроз прапісана «адкрыцьцё паўнавартаснага пасольства ЗША» ў Беларусі.

Ацэнка сапраўднасьці дакумэнту

Экспэрты, якім паказалі дакумэнт на праверку, лічаць яго сапраўдным.

«Па сваёй зьнешняй форме дакумэнт нагадвае стандартны дакумэнт расейскай бюракратыі або палітычнага кіраваньня», — сказаў намесьнік дырэктара Стакгольмскага цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў (SCEEUS) Марцін Краг.

Такую ж думку выказалі прадстаўнікі заходніх спэцслужбаў.

«Зьмест дакумэнту абсалютна праўдападобны і адпавядае таму, што мы таксама бачым», — пракамэнтаваў неназваны супрацоўнік выведкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG