Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічыць расейскую мову роднай для беларусаў, асудзіў гвалт сілавікоў у 2020-м. Што вядома пра новага дэкана журфаку Аляксея Бяляева


Аляксей Бяляеў. Каляж
Аляксей Бяляеў. Каляж

Міністэрства інфармацыі 16 лютага паведаміла, што новым дэканам факультэту журналістыкі БДУ прызначылі кандыдата гістарычных навук Аляксея Бяляева.

Апошнім часам ён быў дырэктарам Інстытуту магістарскай падрыхтоўкі БДЭУ. Яшчэ раней выконваў абавязкі дэкана факультэту міжнародных бізнэс-камунікацыі БДЭУ.

Аляксей Бяляеў нарадзіўся ў 1974 годзе ў Віцебску. Там жа скончыў мясцовы ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Расейская мова і літаратура». Працаваў настаўнікам, служыў у войску.

У 1999 годзе паступіў у асьпірантуру гістарычнага факультэту БДУ. Навуковыя зацікаўленасьці новага дэкану журфаку — гісторыя калябарантаў у Беларусі падчас Другой сусьветнай вайны. «Мясцовая дапаможная адміністрацыя як складовая частка нямецка-фашысцкага акупацыйнага рэжыму ў Беларусі 1941–1944», — назва працы, якую Бяляеў абараніў у 2002 годзе.

Пасьля заканчэньня асьпірантуры Аляксей Бяляеў уладкаваўся на працу ў БНТУ, дзе спачатку выкладаў на катэдры гісторыі, а потым на катэдры паліталёгіі і сацыялёгіі. Ад 2018-га Бяляеў ужо супрацоўнік БДЭУ.

Ад 2011 году Аляксей Бяляеў становіцца штатным камэнтатарам у дзяржаўных СМІ, дзе ва ўсім падтрымлівае беларускую ўладу і ганіць яе праціўнікаў.

«Асуджаю дзеяньні прадстаўнікоў сілавых структур»

У лютым 2017 годзе ў эфіры перадачы «Справа прынцыпу» на тэлеканале АНТ Бяляеў заявіў, што роднай мовай для беларусаў зьяўляецца расейская.

«Давайце зыходзіць з рэальнасьці. У нас сёньня пераважная большасьць грамадзян выкарыстоўвае расейскую мову ў якасьці мовы паўсядзённых зносін. У нас у школе ўсе вучаць беларускую мову, але пры гэтым у нас ёсьць родная мова — гэта, няхай на мяне ня крыўдзяцца, расейская мова. У нас быў сумны досьвед 1990-х, калі гвалтам спрабавалі навязаць беларускую мову паўсюль», — сказаў ён.

Нават вядоўца перадачы Вадзім Гігін тады стаў пярэчыць Бяляеву, што ня трэба рабіць такіх адназначных высноваў.

Аляксей Бяляеў (справа)
Аляксей Бяляеў (справа)

На сваёй старонцы «УКантакце» ў Бяляева ёсьць фотаальбом, які называецца «Где-то в Белоруссии». Ёсьць і іншыя допісы, дзе Бяляеў піша менавіта «Белоруссия». Ён задаецца пытаньнем, якую выгаду «Белоруссия» можа атрымаць у Саудаўскай Арабіі, пакідаючы спасылку на свой артыкул на беларускай філіі «Спутнику». Прычым у гэтым артыкуле напісана «Беларусь».

У 2020 годзе Бяляеў сьцьвярджаў, што за альтэрнатыўнымі кандыдатамі «стаялі людзі, якім замінае беларуская дзяржаўнасьць».

Аднак у першыя дні пасьля выбараў 2020 году Бяляеў асудзіў ужываньне гвалту з боку сілавікоў.

«Сытуацыю ў краіне разглядаю як крызісную. Пры гэтым прынцыпова супраць гвалту, з чыйго бы боку ён не ішоў. Асуджаю дзеяньні прадстаўнікоў сілавых структур, зьвязаныя зь неправамернымі затрыманьнямі і біцьцём сапраўды мірных грамадзян. Агідна, што стала прымяняцца агнястрэльная зброя. Гэта моцна зьмяніла маю пазыцыю ў адносінах да таго, што адбываецца. Заўсёды быў прыхільнікам прававой дзяржавы. На жаль, яе ў нас у цяперашні момант не назіраецца, і ўсё гэта выдатна ўсьведамляюць», — напісаў Бяляеў 12 жніўня 2020.

Допіс пакуль застаецца ў адкрытым доступе. Паглядзець яго можна таксама ў вэб-архіве.

У той самай публікацыі Бяляеў сьцьвярджае, што лічбы ЦВК выклікаюць недавер, але пры гэтым падкрэсьліваў, што іншых дадзеных няма. У жніўні 2020 году палітоляг бачыў выйсьцем з сытуацыі скліканьне круглага стала.

У далейшым жа Бяляеў стаў шукаць у беларускіх падзеях ня ўнутраны чыньнік, а абвінавачваў «калектыўны Захад». Пры гэтым ён сьцьвярджаў, што ў «Беларусі і Расеі адна пупавіна».

Карэкцыя падрыхтоўкі журналістаў

Ад траўня 2022 году Аляксей Бяляеў вядзе калёнку ў газэце «Рэспубліка». Вось некалькі сьцьверджаньняў зь яго публікацый:

  • «На захадзе адбываецца гераізацыя нацызму»,
  • «Новы санкцыйны пакет як прыкмета выраджэньня Захаду»,
  • «Падтрымка Ўкраіны дорага абыходзіцца жыхарам краін Захаду» і г.д.

Сам палітоляг, калі меркаваць зь ягоных сацыяльных сетак, доўгі час быў аматарам паезьдзіць у краіны Эўропы. Быў ён у Аўстрыі, Баўгарыі, Італіі, Літве. У Вільні прычым адносна нядаўна — у 2019 годзе.

«Прэзыдэнцкі палац маленькі такі... Ну якая дзяржава, такі і палац», — камэнтар Бяляева да фатаздымку на фоне палаца літоўскага прэзыдэнта. Сам палітоляг на здымку ў майцы з надпісам «Нью-Ёрк».

Падчас прадстаўленьня на пасаду Аляксей Бяляеў сказаў, што ён бачыць неабходнасьць у карэкцыі падрыхтоўкі журналістаў. Як менавіта гэта будзе адбывацца, новы дэкан не патлумачыў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG