Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь стане сучаснай калёніяй». Экспэртка тлумачыць, чаму ў складзе Расеі беларусаў чакаюць галеча і дэградацыя


Роза Турарбекава. Каляж
Роза Турарбекава. Каляж

З палітолягам, кандыдаткай гістарычных навук, дасьледчыцай ва Ўнівэрсытэце Юстуса Лібіха ў нямецкім Гісэне Розай Турарбекавай абмяркоўваем зьяўленьне дакумэнту пад назвай «Стратэгічныя мэты Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі», згодна зь якім Расея зьбіраецца да 2030 году акупаваць Беларусь.

Экспэртка тлумачыць, што рэалізацыя расейскіх плянаў будзе азначаць у рэальнасьці для кожнага беларуса.

Глядзіце размову цалкам на відэа.

Тут фрагмэнты гутаркі

Пра адрозьненьне ад інтэграцыі ў рамках «саюзнай дзяржавы»

— Дакумэнт мне нагадвае пляны па інтэграцыі ў рамках «саюзнай дзяржавы», за выключэньнем гуманітарнага складніку. Гэта паўзучая акупацыя, яна не зьяўляецца прамой ваенна-палітычнай, як у выпадку з Украінай, але мэты і пастаўленыя задачы ў дакумэнце ясныя, яны ўжо ўвасабляюцца. Спрошчаная працэдура выдачы расейскіх пашпартоў, як гэта было ў жыхароў Асэтыі і Паўднёвай Абхазіі, — гэта навіна. Пытаньне, на якім этапе яны зьбіраюцца гэта рабіць.

Пра ваеннае паглынаньне

— Ня вельмі зразумелы ваенна-палітычны кірунак. У правядзеньні рэгулярных сумесных вучэньняў няма нічога новага. Калі гаворка ідзе пра паглынаньне, захоп, то гэта будзе перападпарадкаваньне камандаваньня беларускага войска адзінаму камандаваньню, дзе штаб будзе адзін, у Маскве. Бяз гэтага элемэнта пра паглынаньне гаварыць можна збольшага. З пункту гледжаньня акупацыі гэта будзе апошні рубеж абароны.

Пра мэту зьліву дакумэнту

— Думаю, што гэта арганізаваны зьліў, своеасаблівы падарунак ад незалежных журналістаў. Калі гэты зьліў арганізаваны, мне ён чытаецца як палітычна матываваны. Ён нацэлены на тое, каб убіць клін паміж Менскам і Масквой, каб выклікаць страх і асьцярогі ў Лукашэнкі. Магчыма, зьліў дакумэнту робіцца дзеля таго, каб папярэдзіць іншых гульцоў, ЭЗ, ЗША, пра тое, што Беларусь вось так ціха аддаваць ня трэба, бо, урэшце, бясьпека ва Ўсходняй Эўропе і ў цэлым у Эўропе ня можа быць забясьпечаная такім чынам. Беларусь ня можа станавіцца разьменнай манэтай нават з пункту гледжаньня ваенна-стратэгічных плянаў. Калі Беларусь пяройдзе пад поўны кантроль Крамля, то працяг вайны з Украінай, захоп Украіны застаецца ажыцьцяўляльным.

Пра галечу і дэградацыю як вынік захопу

— Гэта азначае паступовую перадачу кантролю, кіраваньня ў самых крытычна важных сфэрах дзяржаўнага кіраваньня. Маю на ўвазе падаткі і мытню. Што гэта можа значыць для звычайнага беларуса? У Беларусі ўжо адчулі павышэньне цэнаў на тытунь і алькаголь, усё, што зьвязана з акцызамі, з ПДВ. Гэта вынік ня дзеяньня санкцый, а аб’яднаньня ў рамках «саюзнай дзяржавы». Усе падаткі і акцызы былі павышаныя да ўзроўню расейскіх. Расея будзе задаваць стандарт.

У дакумэнце напісана пра перанакіраваньне грузавых патокаў з балтыйскіх партоў на расейскія. Гэта будзе азначаць зьніжэньне паступленьняў у беларускі бюджэт, будзе зьніжацца прыбытковая частка бюджэту. Гэта непазьбежна прывядзе да скарачэньня сацыяльных расходаў. Каб Расея ўзяла на сябе забесьпячэньне сацыяльных патрэбаў насельніцтва Беларусі — гэта будзе разглядацца ў самую апошнюю чаргу. Калі вам хочацца абʼяднацца з Расеяй, калі ў вас у галаве «русский мир», хаця б з гэтага пункту гледжаньня паглядзіце. Прыйдуць зьбядненьне і галеча.

Пра сучасную калёнію

— Беларусь проста стане сучаснай калёніяй, якой і была ў пэрыяд Расейскай імпэрыі, калі ўзровень жыцьця насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў XIX стагодзьдзі быў адным з самых нізкіх у эўрапейскай частцы імпэрыі. Пра гэта гісторыкам вельмі добра вядома. Людзям, якія думаюць толькі на ўзроўні лядоўні, трэба патлумачыць, што гэтая інтэграцыя будзе азначаць дэградацыю, зьбядненьне і галечу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG