Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фантазіі Лукашэнкі. Саўдзельнік агрэсіі зноў хоча быць міратворцам


Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі. Менск, 16 лютага 2023
Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі. Менск, 16 лютага 2023

Як бы Лукашэнка ні выпраменьваў упэўненасьць, але жыць за жалезнай заслонай няўтульна, некамфортна. Супярэчнасьць паміж вобразам дасьведчанага палітыка сусьветнага маштабу і статусам міжнароднага ізгоя павялічваецца. І становіцца ўсё больш відавочнай.

Сьцісла:

  • Сустрэчу з замежнымі журналістамі Лукашэнка назваў «накладкай».
  • Лукашэнка паўтарыў усе тыя наратывы, якія спрабаваў праводзіць увесь год з пачатку вайны.
  • Міратворчая рыторыка была вельмі выразная.
  • Лукашэнка імкнуўся прэзэнтаваць сябе як сусьветнага гульца, палітыка вялікага міжнароднага маштабу.
  • Гэта была спроба рэінкарнаваць вобраз міратворца, донара бясьпекі ў зусім іншых умовах.

Сустрэча з замежнымі журналістамі, якую зладзіў Лукашэнка 16 лютага, у пэўным сэнсе незвычайная і трохі дзіўная. Яна, як паведамляе БелТА, «незаплянаваная, у графіку зьявілася спантанна». Маўляў, Лукашэнка адгукнуўся на просьбы замежных гасьцей, якія прыехалі: пагадзіўся на размову. Бо раптам у Менску зьявілася «магутная „армія“, асабліва замежных журналістаў».

Чаго яны раптам тут зьявіліся ў вялікай колькасьці (зь дзевяці краін)? Проста так узялі і прыехалі, без запрашэньня?

Лукашэнка сам адказвае: «Адкрыта вам скажу: атрымалася нейкая накладка». Вось, аказваецца ў чым справа. Далікатным словам «накладка» ён маскіруе тое бязладзьдзе, якое сёньня існуе ў ягоным атачэньні пры арганізацыі такіх сустрэч.

А справа ў тым, што на 14 лютага была заплянаваная так званая «Вялікая размова» Лукашэнкі з прадстаўнікамі СМІ. Дзеля гэтага і былі загадзя запрошаныя журналісты з розных краін. А потым нечакана гэтую «Вялікую размову» чамусьці адмянілі. Выкажу гіпотэзу, што Лукашэнка хацеў дачакацца перамоваў з Пуціным, выведаць абстаноўку, пляны расейскага прэзыдэнта, і ўжо потым сустракацца з журналістамі.

Таму прэсавую канфэрэнцыю 14 лютага адмянілі, а папярэдзіць замежных журналістаў ці то забыліся, ці было позна: яны ўжо вылецелі ці купілі квіткі. Атрымалася няёмка. Прадстаўнікі СМІ дзевяці краін прыехалі, а ніякай «Вялікай размовы» няма: гаспадары перадумалі. Як у той украінскай песьні: «Я прыйшоў — цябе няма, падманула, падвяла». Вось і давялося сьпехам, спантанна ладзіць нейкі інфармацыйны муляж, сурагат, нязграбную пародыю. Мерапрыемства назвалі ня прэсавай канфэрэнцыяй, а «сустрэчай з прадстаўнікамі замежных і беларускіх СМІ». Яно не адмяняе правядзеньня анансаванай раней «Вялікай размовы» з Лукашэнкам. Упершыню за шмат гадоў не было жывой трансьляцыі. Карацей, арганізатары заблыталіся самі і заблыталі журналістаў. Замест вялікага піяру адбылося выпусканьне інфармацыйнай пары.

Што да зьместу адказаў Лукашэнкі на пытаньні, то ён паўтарыў усе тыя наратывы, якія спрабаваў праводзіць увесь апошні год з пачатку вайны. Паводле яго, гэта Ўкраіна рыхтавала напад на Беларусь, сама справакавала вайну; Захад хоча разьдзяліць Украіну; Захад, найперш ЗША, ня хоча міру; Захад марыць уцягнуць Беларусь у вайну, але не атрымаецца, бо мы за мір. Гэтая міратворчая рыторыка была вельмі выразная.

Прагучалі ня тое што новыя, але больш выразныя акцэнты. Напрыклад, даўно ўжо Лукашэнка не выказваў такой упэўненасьці, што «Расея ніколі не прайграе вайну», бо «ў жыцьці не было і ня будзе, каб ядзерная дзяржава» прайграла вайну. (У дужках заўважым, што гэта ня так. Напрыклад, у Афганістане дзьве ядзерныя дзяржавы фактычна прайгралі вайну і вымушаныя былі сысьці адтуль.) Незразумела, што навеяла такі аптымізм: ці то новы наступ Расеі на Данбасе, ці то працяг расейскай мабілізацыі.

А яшчэ Лукашэнка заклікаў весьці перамовы аб міры не зь Зяленскім, а з украінскімі вайскоўцамі. Тут нічога эксклюзіўнага: калісьці на пачатку вайны такую ідэю вылучаў Пуцін. Але цікавае абгрунтаваньне, чаму Ўкраіна павінна здацца і пагадзіцца на анэксію Расеяй захопленых тэрыторый: «Каму патрэбна такая свабода, калі кладзесься спаць і ня ведаеш, ці прачнесься заўтра раніцай... Сьвет ідзе да таго, што, можа, і ня важна, будзеш ты жыць у Беларусі, Расеі, Украіне ці Амэрыцы... І ня важна, тут ці там мяжа». То бок — глябалізацыя як апраўданьне агрэсіі!

Ну, а потым пачаліся фантазіі. Лукашэнка імкнуўся прэзэнтаваць сябе як сусьветнага гульца, палітыка вялікага міжнароднага маштабу, які адной левай вырашае праблемы ўсяго сьвету. Прапанаваў сустрэчу ў Менску прэзыдэнтаў ЗША, Расеі і Ўкраіны пад сваёй эгідай. Заклікаў да аб’яднаньня Расеі і ЭЗ, каб пазайздросьцілі ЗША і Кітай. Тлумачыў, што вайна ва Ўкраіне — гэта форма канфлікту паміж Захадам і Ўсходам (Расеяй і Кітаем).

То была спроба рэінкарнаваць вобраз міратворца, донара бясьпекі ў зусім іншых умовах. Што было натуральна пасьля Крыму, калі афіцыйны Менск заняў нэўтральную пазыцыю, тое зусім нерэальна цяпер, калі Эўрапарлямэнт заклікае стварыць міжнародны трыбунал для расьсьледаваньня ваенных злачынстваў рэжымаў РФ і Беларусі.

Галоўная выснова палягае ў тым, што як бы там ні было, як бы Лукашэнка ні выпраменьваў упэўненасьць і аптымізм, але жыць за жалезнай заслонай няўтульна, некамфортна. Супярэчнасьць паміж вобразам дасьведчанага палітыка сусьветнага маштабу і статусам міжнароднага ізгоя павялічваецца. І гэта немагчыма схаваць. Таму даводзіцца рэгулярна запрашаць у Менск замежных журналістаў, каб неяк кампэнсаваць гэты комплекс ці разрыў. Альбо, як праставата сфармуляваў калізію сам Лукашэнка, — «накладку».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG