Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-памочнік Пуціна прызнаў, што, распрацоўваючы Менскія пагадненьні, не разьлічваў на іх выкананьне

Уладзімір Суркоў
Уладзімір Суркоў

Былы памочнік прэзыдэнта Расеі, які адказваў за ўзаемадзеяньне з Украінай і курыраваў сэпаратыстаў Данбасу, Уладзіслаў Суркоў заявіў, што, працуючы над Менскімі пагадненьнямі па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне, не зыходзіў з таго, што яны павінны быць выкананы.

Пытаньне аб Менскіх пагадненьнях задаў Суркову палітоляг Аляксей Часнакоў, які раней нярэдка публікаваў меркаваньні Суркова па тых ці іншых пытаньнях. Суркоў на пытаньне адказаў коратка: «Не».

На тры іншыя пытаньні Часнакова Суркоў адказаў «Так». Станоўчыя адказы ён даў на пытаньні аб тым, ці задаволены ён тым, як зьмяніліся межы Расеі (маецца на ўвазе не прызнаная міжнароднай супольнасьцю анэксія чатырох абласьцей Украіны), ці лічыць ён эфэктыўнымі дзеяньні расейскай арміі і ці нармалізуюцца ў агляднай будучыні адносіны Расеі і Захаду.

Суркоў, у мінулым намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта РФ па ўнутранай палітыцы, быў памочнікам Уладзіміра Пуціна з 2013 году. У гэтай якасьці ён удзельнічаў і ў перамовах у Менску ў 2015 годзе, калі былі падпісаныя так і не рэалізаваныя пагадненьні аб урэгуляваньні канфлікту ў Данбасе, таксама ўдзельнічаў у Кантактнай групе па мірным урэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. У адстаўку Суркоў быў адпраўлены ў лютым 2020 году, з таго часу ён не займае дзяржаўных пасад. За некалькі дзён да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году ён апублікаваў артыкул, у якім ужо ў найбліжэйшай будучыні прадказаў магчымасьць «кантактнай геапалітыкі», пад якой меліся на ўвазе збройныя канфлікты і зьмяненьне межаў дзяржаў сілай. Распачатую вайну ён да апошняга моманту публічна не камэнтаваў.

  • Афіцыйная Масква раней абвінавачвала ўдзельнікаў Менскіх пагадненьняў — Украіну, Нямеччыну і Францыю — у тым, што яны ня мелі намеру выконваць гэтыя пагадненьні і, па сутнасьці, падманулі Пуціна. Пры гэтым расейскія прадстаўнікі, уключаючы самога Пуціна, сьцьвярджалі, што былыя лідэры краінаў Захаду, такія як Ангела Мэркель і Барыс Джонсан, самі ў гэтым прызналіся. Яны, аднак, казалі толькі пра тое, што за час, які мінуў з моманту заключэньня пагадненьняў, Украіна змагла стаць мацнейшаю, але не заяўлялі, што расейскі лідэр быў сьвядома ашуканы. Словы Суркова могуць сьведчыць пра тое, што першапачаткова ў посьпех пагадненьняў ня верылі ў самой Маскве.
  • Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў у чацьвер заявіў, што Расея «зыходзіла зь неабходнасьці выканаць Менскія пагадненьні».
  • Камэнтатары таксама зьвярнулі ўвагу на форму адказаў Суркова. Чатыры словы «Так. Так. Не. Так» — гэта формула, па якой прыхільнікі прэзыдэнта Барыса Ельцына заклікалі грамадзян адказваць на пытаньні рэфэрэндуму ў красавіку 1993 году аб даверы прэзыдэнту, яго палітыцы і неабходнасьці датэрміновых выбараў прэзыдэнта і народных дэпутатаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG