Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загінулі ні за што. Нявывучаныя ўрокі афганскай вайны


Разьбітыя савецкія танкі ў Афганістане
Разьбітыя савецкія танкі ў Афганістане

15 лютага 1989 году завяршыўся вывад савецкіх войскаў з Афганістану. Бясслаўна для СССР скончылася вайна, якая цягнулася амаль дзесяцігодзьдзе. 

Вайна СССР у Афганістане пачалася са штурму падразьдзяленьнямі КДБ палаца прэзыдэнта Аміна (у якім загінулі некалькі дзясяткаў чалавек з абодвух бакоў) і ўводу ў Кабул падразьдзяленьняў Віцебскай дэсантнай дывізіі. У Кабуле і ў правінцыях была разьмешчаная 40-я армія, якая разам з некаторымі іншымі вайсковымі часткамі атрымала назву «абмежаванага кантынгэнту».

Прынятае ў Крамлі рашэньне тлумачылася неабходнасьцю дапамогі афганскаму народу ў ягоным, як лічылася, імкненьні «будаваць сацыялізм» (хаця народ гэты сацыялізм будаваць не зьбіраўся, бо ўвогуле пра яго ня чуў).

Як вядома, КПСС афіцыйна не адмовілася ад тэорыі «сусьветнай рэвалюцыі», папулярнай яшчэ пры Леніне. Аднак, адрозна ад пачатку 1920-х, Масква мела адну з самых моцных армій сьвету з сучаснай зброяй, і працяглага супраціву ад маджагедаў зь іхнымі стрэльбамі ўзору XIX стагодзьдзя не чакала.

Рэальнасьць аказалася іншай. Савецкі Саюз захрас у Афганістане надоўга, сутыкнуўшыся да таго ж з астракізмам з боку сусьветнай супольнасьці, эканамічнымі санкцыямі ды байкотам маскоўскай Алімпіяды. Але самае страшнае — чалавечыя ахвяры. Колькасьць палеглых з савецкага боку за дзесяць гадоў вайны, паводле афіцыйных дадзеных, налічвае 15 052 вайскоўцы. Страты ж афганскага народу дакладна не падлічаныя: прынята называць да двух мільёнаў (!) чалавек.

У першыя гады той вайны пра цынкавыя труны ў савецкай прэсе не пісалі. Увогуле, інфармацыю пра падзеі ў Афганістане савецкія ўлады жорстка кантралявалі і дазвалялі мінімум. Ужо ў часы гарбачоўскай перабудовы мае калегі з газэты «Віцебскі рабочы» пагарталі падшыўкі з мэтай даведацца, што пісала газэта ў пачатку 80-х пра тую вайну — і акрамя рэдкіх афіцыйных паведамленьняў ТАСС не знайшлі ні радка. І гэта ў Віцебску, адкуль паляцелі першыя дэсантныя экіпажы яшчэ ў 1979-м і куды ўжо ў першыя тыдні даставілі першыя цынкавыя труны, якія потым развозілі па ўсім Савецкім Саюзе.

Акрамя адзінкавых выступаў дысыдэнтаў, у амаль 300-мільённай краіне гадамі не было ніводнага масавага пратэсту супраць вайны ў Афганістане. Апублікаваныя стэнаграмы паседжаньняў Палітбюро ЦК КПСС, а таксама сьведчаньні тагачасных высокіх кіраўнікоў пераконваюць, што менавіта Гарбачоў першым выказаў ідэю вывесьці войскі з Афганістану. І менавіта гэта ягоны намер (выказаны спачатку не катэгарычна, а ў парадку абмеркаваньня) зьняў забарону на тэму і даў магчымасьць гаварыць пра вайну адкрыта.

Параўнаньне вайны Крамля ў Афганістане і вайны Крамля ва Ўкраіне дазваляе адчуць глыбіню бездані паміж савецкім і цяперашнім расейскім грамадзтвам.

Я не выпадкова прыгадаў атмасфэру першых гадоў вайны — маўчаньне савецкага грамадзтва ва ўмовах жорсткай цэнзуры і поўнай адсутнасьці палітычных свабодаў. Але маўчаньне зусім не азначала прызнаньня: ня памятаю, каб нехта ўхваляў вайну. А прапагандысты ў войску імкнуліся запазьбегчы тлумачэньня, што азначае «интернациональный долг», выкананьне якога лічылася амаль гэткім жа сьвятым абавязкам, як і вайсковы «долг Родине».

Рашэньне ж аб уводзе войскаў, прынятае, як потым высьветлілася, усяго толькі чатырма членамі Палітбюро (Брэжневым, Андропавым, Грамыкам і Ўсьцінавым), напярэдадні распаду СССР ацэньвалася людзьмі не інакш як злачыннае. Нават артадаксальныя камуністы не спрабавалі яго хаця б у мінімальнай ступені апраўдаць.

Зусім іншае мы бачым цяпер. Рашэньне распачаць «спэцыяльную ваенную апэрацыю» Пуцін зацьвярджаў ледзь не ў прамым эфіры, апытваючы, як на допыце, аднаго за другім чальцоў Савету бясьпекі РФ. Усе дзяржаўныя СМІ Расеі (іншых, праўда, практычна не засталося) імгненна, у першы ж дзень пераключыліся на асьвятленьне баявых дзеяньняў. Усе, ад школьнікаў да пэнсіянэраў, імгненна пашырылі ўласны запас вайсковай лексыкі.

Аднак калі ні Брэжнеў, ні ягоныя спадкаемцы і думаць не маглі перамагчы ў афганскай вайне з дапамогай атамнай зброі, дык ад цяперашняга крамлёўскага кіраўніцтва пагрозы прымяненьня ядзерных боегаловак успрымаюцца ўжо як руціна.

Але найбольш уражваюць настроі абсалютнай большасьці расейскага насельніцтва.

Прагнозы тых, хто летась у лютым папярэджваў пра народныя бунты ў Расеі пасьля таго, як пачнуць прыходзіць першыя труны (папярэджаньні, трэба сказаць, цалкам лягічныя), ня спраўдзіліся.

Розныя крыніцы называюць розныя лічбы загіблых расейскіх вайскоўцаў, але ў кожным разе яны сама меней у дзесяць разоў большыя, чым колькасьць палеглых у Афганістане савецкіх вайскоўцаў за дзесяць гадоў вайны.

Тым ня менш большасьць жыхароў Расеі не пратэстуе. Наадварот, кожны з тых 80%, хто, як лічыцца, падтрымлівае Пуціна, ахвотна патлумачыць, чаму трэба захопліваць украінскія землі, зьнішчаць цэлыя гарады, забіваць тысячы людзей і мільёны вымусіць пакінуць родную краіну: бо неабходна вярнуць «веліч Расеі».

І калі лёзунг «пераможнага шэсьця камунізму па плянэце» ў звычайных савецкіх людзей у часы застою выклікаў у лепшым выпадку іронію, дык за «русский мир» жонкі самі выпраўляюць на сьмерць мужоў, а маці — сыноў. Імпэрская ідэя і туга па былой велічы СССР (якой насамрэч не было) аказаліся мацнейшымі за марксісцка-ленінскія догмы.

Беларускае грамадзтва гэтага пазбаўлена. І калі ў нейкай часткі беларусаў засталася пэўная настальгія па часах СССР, яна ніяк не спалучаецца з агрэсіўным імпэрскім імкненьнем наступаць, зьнішчаць, паліць і забіваць.

Беларусь страціла ў Афганістане, паводле афіцыйных зьвестак, больш як 700 чалавек — пераважна хлопцаў ва ўзросьце 18-22 гадоў.

За што яны ваявалі, за якія каштоўнасьці загінулі? За ідэю сацыялізму, якога няма, за краіну пад назвай СССР, якая даўно распалася? Няма адказу.

Што дакладна — не за Беларусь.

На вайне Расеі супраць Украіны Беларусь ня страціла ніводнага свайго вайскоўца.

Пакуль што ня страціла.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG