Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: «Эўропу і Ўкраіну павінна хваляваць пытаньне, як разлучыць „сіямскіх блізьнятаў“ — Пуціна з Лукашэнкам»


Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк

Лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі Беларускі народны фронт і кіраўнік ініцыятывы «Вольная Беларусь» заклікаў заходнія краіны і Ўкраіну зьмяніць тактыку адносна ўладаў Беларусі і беларускага народу.

На сайце Нацыянальнага сакратарыяту «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк выклаў сваё меркаваньне пра цяперашні стан справаў у Беларусі і вакол яе. На ягоную думку, цяпер узаемасувязь маюць тры пытаньні: «эканамічныя санкцыі супраць народа Беларусі, уведзеныя эўра-прагматыкамі, вызваленьне палітвязьняў у Беларусі, а таксама недапушчэньне ўцягваньня Беларусі ў ваенныя дзеяньні супраць Украіны».

Ён мяркуе, што зыходзіць трэба з інтарэсаў беларускага народа і дзяржавы Беларусі.

«Павінна быць спыненая дыскрымінацыя беларусаў, што ўцяклі ад рэпрэсіяў рэжыму за мяжу ў Эўропу. Дыскрымінацыя беларусаў на Захадзе ёсьць актам несправядлівасьці і парушэньнем правоў чалавека, пра якія так любяць казаць некаторыя ў Эўразьвязе. Эканамічныя санкцыі зрабілі горш народу Беларусі, але не пахіснулі рэжым Лукашэнкі, толькі больш загналі яго ў залежнасьць ад Пуціна і выклікалі расейскую акупацыю Беларусі. Вось што натварылі антыбеларускія эканамічныя санкцыі».

Пазьняк лічыць, што палітвязьняў рэжыму Лукашэнкі варта лічыць палоннымі, захопленымі ў час акупацыі Беларусі. І іх неаходна вызваляць. Ён прапанаваў абмен палітвязьняў на зьняцьце санкцый.

«Абмяняць беларускіх палонных можна на зьнятыя санкцыі. Прытым Захад мог бы прыняць беларускіх палітвязьняў на сваёй тэрыторыі, бо рэжым іх зьнішчыць. Абгрунтаваньне гэтага дзеяньня такое: галоўнае — чалавек. Чалавек вышэй за ўсялякія санкцыі, тым больш, калі гэтая санкцыя супраць чалавека. Нагадаю, што Ізраіль абменьваў тысячу палонных арабскіх тэрарыстаў на аднаго палоннага ізраільскага жаўнера. І гэта правільна, калі цаніць жыцьцё сваіх людзей».

Таксама Пазьняк выказаўся і пра ўкраінскі бок, які сваімі абразамі можа штурхаць беларусаў да падтрымкі Расеі.

«Сытуацыя акупацыі і рэпрэсій у Беларусі і адначасна сытуацыя вайны ва Ўкраіне вымагае ад украінцаў не зьневажаць беларусаў, не штурхаць беларусаў сваёй лаянкай да расейцаў, а наадварот, — адрываць іх ад Расеі, падтрымліваць беларускае непрыняцьце вайны, прыцягваць іх да падтрымкі і спачуваньня ўкраінцам. Для ваеннай дыпляматыі і з боку Эўропы, і з боку Ўкраіны мусіла б абходзіць пытаньне, як разлучыць „сіямскіх блізьнятаў“ — Пуціна з Лукашэнкам, — як адарваць Лукашэнку ад Пуціна, сутыкнуць іх, тым больш, што Лукашэнка бачыць, што Расея вайны ня выйграе».

Пазьняк адзначыў, што ў Эўропе ёсьць палітычныя сілы, гатовыя «ўсю Беларусь загнаць у Расею». Такая палітыка, на яго думку, памылковая і дыскрымінацыйная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG