Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мара падпалкоўніка Лукашэнкі і місія палкоўніка Пуціна. Вайна, якую маглі пачаць толькі тыя, хто сам ніколі не ваяваў


Калі б Пуцін у 80-я служыў не ў КДБ (у Дрэздэнскім доме дружбы), а ваяваў у акопах пад Кандагарам і Гератам і на ўласнай скуры адчуў, што такое сапраўдная вайна, пэўна, ніякага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну не было б.

Звычайнаму чалавеку такое цяжка зразумець, але для апантанага ўладай самаўлюблёнага палітыка найвышэйшае задавальненьне, якое толькі можна ўявіць, — гэта калі ён разам зь яшчэ некалькімі абранымі асобамі гуляе ў палітыку, як у вялікую шахматную гульню на дошцы, дзе замест клетак — межы дзяржаў і абрысы кантынэнтаў, а замест шахматных фігур — лёс цэлых народаў.

Падпалкоўнік у маршальскім мундзіры

Аляксандар Лукашэнка, як ён сам неяк прызнаўся, марыць пра пагоны палкоўніка расейскай арміі. Пуцін яму гэтае вайсковае званьне даўно абяцаў, але абяцаньня ня выканаў. На гэта Лукашэнка публічна наракаў за два тыдні да пачатку вайны, 6 лютага, у інтэрвію расейскаму прапагандысту Салаўёву:

«Я падпалкоўнік па званьні. Я ж не магу сабе генэралісімуса зорку павесіць ці генэральскую. Пуцін — палкоўнік, абяцаў мне палкоўніка прысвоіць, дагэтуль не прысвоіў».

Пытаньне наконт вайсковага званьня Лукашэнкі даволі цьмянае. Службу ў савецкай арміі ён пакінуў у 1982 годзе, займаўшы перад гэтым пасаду намесьніка камандзіра роты па палітчастцы. На фота таго часу на плячах у яго пагоны старшага лейтэнанта. Падпалкоўнікам запасу ён стаў без усялякай вайсковай службы ўжо ў 90-я, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету. Была тады такая практыка: падвышаць вайсковыя званьні «народным абраньнікам».

Зрэшты, з пагонамі і ў мундзіры падпалкоўніка Лукашэнку, здаецца, ніхто і ніколі ня бачыў. Прыкладна зь сярэдзіны нулявых ён пачаў зьяўляцца на парадах і вайсковых манэўрах у генэральскім мундзіры і з генэральскімі пагонамі даволі дзіўнага выгляду: з выявай вышытага герба, але без генэральскай ці маршальскай зоркі. У СССР падобныя пагоны з гербам мелі толькі маршалы Савецкага Саюзу. Ну і адзіны ў гісторыі савецкі генэралісімус — Сталін.

Польскі часопіс Historia пра Лукашэнку: «Савецкі мэсія, які хоча ўваскрасіць СССР».
Польскі часопіс Historia пра Лукашэнку: «Савецкі мэсія, які хоча ўваскрасіць СССР».

З пачаткам вайны Лукашэнка пачаў апранаць вайсковы мундзір часьцей, чым звычайна. Апошні раз — на нарадзе з генэраламі 4 кастрычніка. Як і Сталін, ён аддае перавагу маршальскаму мундзіру без усялякіх ордэнаў і вайсковых значкоў. Праўда, Ёсіф Вісарыёнавіч рабіў невялікае выключэньне: чамусьці насіў залатую Зорку Героя Сацпрацы, якую яму ўручылі ў 1939 годзе.

У артыкуле пра Лукашэнку ў Вікіпэдыі радок «удзел у бітвах», які раней быў пустым, нядаўна папоўніўся надпісам: «Уварваньне ва Ўкраіну». Верагодна, калі б гэтая вайна пайшла паводле тых плянаў, якія складаў Пуцін, Лукашэнка б атрымаў ад яго ня толькі пагоны расейскага палкоўніка, але і маршальскае жазло. Але пакуль самы славуты эпізод вайны з удзелам Лукашэнкі, які шырока разышоўся па сьвеце і стаў мэмам зь мільённымі праглядамі, — гэта сказаная Лукашэнкам на пачатку вайны фраза: «А я сейчас вам покажу, откуда на Беларусь готовилось нападение...» са спробай аргумэнтаваць агрэсію тым, што Ўкраіна нібыта сама зьбіралася атакаваць Беларусь. Гэтым, пэўна, Лукашэнка і ўвойдзе ў гісторыю гэтай вайны.

Уладзімір Пуцін у вайсковай форме
Уладзімір Пуцін у вайсковай форме

Што да вайсковага званьня Пуціна, то ён пакінуў службу ў КДБ у 1991 годзе з пагонамі падпалкоўніка. Званьне палкоўніка яму было прысвоена ў 1999-м, калі ён ужо кіраваў ФСБ. У вайсковым мундзіры пасьля 2000 году ён зрэдзьчасу зьяўляўся (пераважна ў форме марскога афіцэра), але палкоўніцкіх ці генэральскіх пагонаў на ім, здаецца, ніколі ня бачылі. І хоць у тым жа інтэрвію Салаўёву Лукашэнка абяцаў, што неўзабаве «прысвоіць яму генэрала», наўрад ці Пуціна надта вабіць такая пэрспэктыва. Пуцін марыць яўна не пра генэральскі кіцель, а зусім пра іншае.

«Вялікая тройка» ў Ялце

Да чаго ўвогуле можа імкнуцца чалавек, у якога на схіле жыцьця, здавалася б, ёсьць усё, чаго душа пажадае, усе, якія толькі можна ўявіць, даброты, выгоды і задавальненьні?

Пуцін у апошнія гады моцна і глыбока захапіўся імпэрскай гісторыяй. Гэта выразна відаць па ўсіх ягоных публічных выступах і артыкулах апошніх гадоў. Пра лёс «гістарычнай Расеі», пра несправядлівасьці і крыўды, якія напаткалі імпэрыю, ён шмат і ахвотна разважае — у дэталях і падрабязнасьцях, зь веданьнем справы, як пра самае каштоўнае і выдатна вывучанае. Месца ў падручніку гісторыі, уласная гістарычная місія — вось што па-сапраўднаму цікавіць гэтага чалавека на схіле ягонага веку.

І калі напярэдадні ўварваньня 24 лютага ён зь яўным пачуцьцём перавагі і беспакаранасьці, са злавеснымі ноткамі ў голасе пагражаў украінцам:

«Вы хочаце дэкамунізацыю? Ну што ж, нас гэта цалкам задавальняе. Але ня трэба, што называецца, спыняцца на паўдарозе. Мы гатовыя паказаць вам, што значыць для Ўкраіны сапраўдная дэкамунізацыя», — ён таксама гаварыў пра гісторыю.

«Дэкамунізаваць Украіну» ў ягоным уяўленьні — гэта адрэзаць ад Украіны ўсе тыя шматлікія тэрыторыі, якія яна атрымала ад камуністычных правадыроў, быўшы ў складзе СССР.

У савецкім падручніку гісторыі ХХ стагодзьдзя, па якім у свой час вучыўся і Пуцін, адной з самых яркіх ілюстрацый было фота ўдзельнікаў Ялцінскай канфэрэнцыі 1945 году.

Уінстан Чэрчыль, Франклін Рузвэльт і Ёсіф Сталін на Ялцінскай канфэрэнцыі
Уінстан Чэрчыль, Франклін Рузвэльт і Ёсіф Сталін на Ялцінскай канфэрэнцыі

Памятаеце? Тры гістарычныя асобы, тры ўладары тагачаснага сьвету — Сталін, Чэрчыль і Рузвэльт, самавіта разваліўшыся ў крэслах у Лівадыйскім палацы, вядуць нязмушаную размову, а па сутнасьці — вырашаюць лёс пасьляваеннай плянэты, дзеляць між сабой сфэры ўплыву, на доўгія дзесяцігодзьдзі крэсьляць будучыя дзяржаўныя межы Эўропы, вызначаючы між сабой, каму — Усходняя Прусія, каму — Сылезія, каму — Судэты і Беласточчына. Адметна, што пры Пуціну, адразу пасьля анэксіі Крыму, гэтая сцэна была адлітая ў бронзе і ў выглядзе помніка аўтарства прыўладнага скульптара Зураба Цэрэтэлі пастаўленая ў 2015 годзе ў акупаваным Крыме. Ці выпадкова гэта было зроблена? Сумняваюся.

Помнік удзельнікам антыгітлераўскай кааліцыі ў Ялце, Украіна. Горад апынуўся пад расейскай акупацыяй у 2014 годзе, пасьля чаго і паставілі помнік.
Помнік удзельнікам антыгітлераўскай кааліцыі ў Ялце, Украіна. Горад апынуўся пад расейскай акупацыяй у 2014 годзе, пасьля чаго і паставілі помнік.

Звычайнаму чалавеку такое цяжка зразумець, але для апантанага ўладай палітыка гэта, пэўна, найвышэйшае задавальненьне, якое толькі можна ўявіць: разам зь яшчэ некалькімі абранымі асобамі вызначаць лёс цэлых краін і народаў, гуляць у палітыку, як у вялікую шахматную гульню, дзе замест клетак — межы дзяржаў і абрысы кантынэнтаў. І калі гэта сапраўды глябальная гульня, гульцоў у ёй ня можа быць шмат. Гэта як на тым славутым фатаздымку зь Ялты, дзе гаспадароў сьвету толькі трое.

Хто разам з Пуціным мог бы дзяліць сьвет у 2022 годзе? Вядома, прэзыдэнт Байдэн. Ну мо яшчэ Сі Цзіньпін. Наўрад ці нехта яшчэ. Як вядома, Пуціну «пасьля сьмерці Махатмы Гандзі і пагаварыць няма з кім». (Пасьля ўсяго, што адбылося за апошні год, гэтая даўняя фраза гучыць ня толькі як жарт).

Дарэчы, што да ідэі новага падзелу сьвету. Празрыстыя намёкі Пуціна наконт гэтага, адрасаваныя Захаду, у працэсе вайны з Украінай гучалі неаднаразова. А добра інфармаваны Мядзьведзеў нават апублікаваў мапу парэзанай на кавалкі і падзеленай Украіны — як яе, відавочна, уяўлялі і плянавалі ў Крамлі: большая частка — Расеі, невялікія кавалкі — Польшчы, Вугоршчыне і Румыніі; Украіна — у межах цяперашняй Кіеўскай вобласьці.

Брэжнеў на тле Пуціна — пацыфіст

Вайна з пуцінскага бункера і лукашэнкаўскага палаца выглядае зусім не такой, як з салдацкага акопа ці з камандзірскага бліндажа. Ці нават з акна хаты той няшчаснай маці, якая штодня з раніцы вычэквае паштальёна, які зноў не прынясе ёй ліста ад адзінага сына, забранага на вайну і забітага пры першым жа артналёце.

У брэжнеўскія часы моладзь часта пасьмейвалася над бясконцай «барацьбой за мір ва ўсім сьвеце», якую Леанід Ільліч, а разам зь ім уся магутная савецкая прапагандысцкая машына, няспынна вялі — часам, здавалася, без усялякага густу і меры.

Сёньня за лёзунгі «Не — вайне!» альбо «Я за мір!» вы ў Беларусі і Расеі атрымаеце ў лепшым выпадку 15 дзён арышту, а ў горшым — крымінальную справу «за дыскрэдытацыю Ўзброеных сіл».

Рэшткі савецкай прапаганды ў Беларусі
Рэшткі савецкай прапаганды ў Беларусі

У брэжнеўскім СССР гэтыя лёзунгі ўпрыгожвалі цэнтральныя вуліцы гарадоў. Дзеці ва ўсёй краіне ад Берасьця да Сахаліна сьпявалі: «Пусть всегда будет солнце!»; з усіх «радыёкропак» ледзь ня штодня неслася: «Люди мира, будьте зорче втрое: берегите мир!» і «Хотят ли русские войны? Спросите вы у тишины». Паэты пісалі паэмы кшталту «Мама і нэўтронная бомба», а кампазытары — кантаты «Миру — мир!».

Тая прапаганда была назойлівая, дурнаватая і прымітыўная. Але, азіраючыся на яе з вышыні сёньняшняга часу і досьведу, бачыш яе карані і сэнсы зусім інакш, чым тады. І Брэжнеў, і Хрушчоў (а ў Беларусі — Машэраў, Мазураў, Панамарэнка) — з таго пакаленьня, якое бачыла вайну не з палацаў і не з бэтанаваных бункераў. Так, Леанід Ільліч у позьнія гады выглядаў сьмешным у сваім наіўным захапленьні бліскучымі ўзнагародамі, мундзірамі і званьнямі. Але ў 40-я ён адваяваў «ад званка да званка». Некалькі гадоў правёў у акопах і ня раз глядзеў сьмерці ў вочы, паднімаючы салдат у атаку. У яго было пяць баявых ордэнаў, атрыманых падчас вайны. Ён ведаў, што такое пісаць і адсылаць «пахаронкі» сем’ям загінулых салдат. На ягоных вачах ня раз гінулі блізкія людзі. І, выглядае, ён па-сапраўднаму баяўся вялікай вайны і імкнуўся не дапусьціць яе — як мог і як умеў.

Леанід Брэжнеў у Менску на плошчы Перамогі, 1978 год
Леанід Брэжнеў у Менску на плошчы Перамогі, 1978 год

Прычым гэта было ўласьціва ня толькі савецкім, але і заходнім палітыкам тых пакаленьняў, які зьведалі на ўласным досьведзе жахі вайны. У траўні 1973 году Брэжнеў наведаў з афіцыйным візытам ФРГ, дзе закраналася тэма непарушнасьці пасьляваенных межаў у Эўропе. Тагачасны фэдэральны канцлер Вілі Брант на асьцярогі Брэжнева наконт імкненьня ФРГ далучыць ГДР адказаў наколькі ўхіліста, настолькі ж і прадбачліва: «Вечных межаў не бывае, але ніхто не павінен імкнуцца зьмяніць іх гвалтоўным шляхам». Праз два гады, 1 жніўня 1975 году, Брэжнеў разам зь іншымі сусьветнымі лідэрамі падпіша Хэльсынскія пагадненьні, якія замацуюць непарушнасьць межаў у пасьляваеннай Эўропе.

Тут можна запярэчыць: а як жа вайна ў Афганістане, якая пачалася менавіта пры Брэжневу? Але, па-першае, маштаб тых падзеяў і іхных наступстваў непараўнальныя зь сёньняшняй вайной ва Ўкраіне. А па-другое, ёсьць шмат сьведчаньняў таго, што Брэжнеў і афганскай вайны не хацеў. Вось што ўспамінала ў сваіх мэмуарах Любоў Брэжнева, пляменьніца генэральнага сакратара:

«... Дзядзька мой званіў штодня Дзьмітрыю Ўсьцінаву і, ужываючы агульнапрыняты фальклёр, пытаўся: „Калі ўжо гэтая ... вайна скончыцца?“. Злуючыся і чырванеючы, генэральны сакратар крычаў у трубку: „Дзіма, ты ж мне абяцаў, што гэта ненадоўга. Там жа нашы дзеці гінуць!“».

«Можам паўтарыць!» і «Ніколі больш!»

Тое, што пры Брэжневу і Машэраву ўшаноўвалася і ўкаранялася ў грамадзкую сьвядомасьць як страх перад вайной, як аплакваньне і ўшанаваньне яе ахвяраў, пры Лукашэнку і Пуціну ператварылася ў культ вайны і перамогі, у пампэзныя вайсковыя парады, у бразгат танкавых гусеніц і бляск генэральскіх пагонаў і аксэльбантаў на плячах у людзей, якія вайны ніколі ня бачылі і ў акопах ні дня не сядзелі.

«Можам паўтарыць!» — гэта зь лексыкону Пуціна і Лукашэнкі. У лексыконе Брэжнева і Машэрава было зусім іншае: «Ніколі больш!».

Акцыя «Бессмертный полк» у Пецярбурзе, 2019
Акцыя «Бессмертный полк» у Пецярбурзе, 2019

Увогуле, у таго пакаленьня палітыкаў, якія самі перажылі вайну, выглядае, была іншая ступень адказнасьці перад уласнымі грамадзянамі за захаваньне міру, іншае бачаньне наступстваў сваіх рашэньняў, зьвязаных з ужываньнем вайсковай сілы. Іншымі былі і крытэры прасоўваньня па намэнклятурнай лесьвіцы тых асобаў, якія прэтэндавалі на найвышэйшыя пасады ў дзяржаве. Пры Брэжневу дырэктар саўгаса Лукашэнка наўрад ці падняўся б вышэй за пасаду кіраўніка сельскага раёну, а падпалкоўнік КДБ Пуцін, хутчэй за ўсё, так і скончыў бы прасоўваньне па службовай лесьвіцы ў рэгіянальнай управе КДБ у Ленінградзе. Мутны вір 90-х вынес на паверхню гісторыі мноства рознага выпадковага сьмецьця.

Калі б Пуцін у 80-я служыў не ў КДБ (у дрэздэнскім Доме дружбы), а ваяваў у акопах пад Кандагарам і Гератам і на ўласнай скуры адчуў, што такое сапраўдная вайна, напэўна, сёньня ніякага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну не было б.

Выглядае, што ўласны досьвед акопнай вайны не заменяць ніякія фільмы, ніякія кнігі, ніякія расповеды... У брэжнеўскага пакаленьня палітыкаў такі досьвед быў. У пуцінскага і лукашэнкаўскага — няма. Увогуле, гэта адметны фэномэн. Здавалася б, што новага можна сказаць і зразумець пра трагедыю і бессэнсоўнасьць вайны пасьля таго, што сказалі і напісалі Рэмарк, Хэмінгуэй, Быкаў, Астаф’еў? А аказваецца, што чужыя словы мала што значаць.

Антываенная акцыя ля расейскай амбасады ў Кішынёве, кастрычнік 2022
Антываенная акцыя ля расейскай амбасады ў Кішынёве, кастрычнік 2022

…У 1942-м страшэнна пакалечаны на вайне 20-гадовы кіеўскі паэт Сямён Гудзэнка напісаў пранізьлівыя радкі пра ўласны акопны досьвед:

Бой был короткий.
А потом
глушили водку ледяную,
и выковыривал ножом
из-под ногтей я
кровь чужую.

Дык вось, аказваецца, прачытаць ці пачуць ад кагосьці іншага — мала. Трэба самому адчуць: як гэта — выкалупваць штыком з-пад пазногцяў чужую кроў, спрабуючы заглушыць гарэлкай толькі што перажытыя падчас штыкавой атакі страх, адчай і агіду, каб пасьля ўсяго гэтага ўзьненавідзець і вайну, і тых, хто да яе заклікае і хто яе распальвае.

…Яркі таленавіты паэт Сямён Гудзэнка памёр ад франтавых ран і кантузій у страшных пакутах у 1953-м. Яму было 30 гадоў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG