Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Washington Post: ЗША дапамагаюць украінцам з каардынацыяй цэляў для HIMARS


Сыстэма залпавага агню «HIMARS». Херсон, студзень 2023
Сыстэма залпавага агню «HIMARS». Херсон, студзень 2023

У Кіеве мяркуюць, што такі падыход павінен пераканаць ЗША, што УСУ можна даверыць і зброю больш далёкага радыюсу дзеяньня.

Украінскія вайскоўцы пры нанясеньні большасьці ўдараў з рэактыўных сыстэм залпавага агню HIMARS абапіраюцца на дадзеныя аб месцазнаходжаньні цэляў, якія перадаюць вайскоўцы ЗША, пра гэта паведамляе The Washington Post са спасылкай на амэрыканскіх і ўкраінскіх чыноўнікаў.

Як заявіў газэце адзін з высокапастаўленых украінскіх чыноўнікаў, такі падыход павінен пераканаць ЗША, што Кіеву можна даверыць і зброю далёкага радыюсу дзеяньня.

Паводле яго, украінскія вайскоўцы вызначаюць цэлі, па якіх хочуць нанесьці ўдар, затым гэтая інфармацыя перадаецца камандаваньню, якое запытвае ў амэрыканскіх вайскоўцаў больш дакладныя каардынаты. Калі каардынаты зь якіх-небудзь прычын не перадаюцца, удары па цэлям не наносяцца, сказаў суразмоўца Washington Post у Кіеве.

Як заявіў выданьню прэс-сакратар Пэнтагону генэрал Патрык Райдэр, ЗША «даўно прызналі, што даюць выведвальныя зьвесткі Ўкраіне», каб дапамагчы ім абараніцца ад расейскай агрэсіі. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што шукаюць цэлі і прымаюць канчатковае рашэньне аб ударах самі ўкраінцы.

ЗША не ўхваляюць цэлі і не ўдзельнічаюць у іх выбары, сказаў прадстаўнік Пэнтагону.

Пры гэтым Вашынгтон не задаволіў просьбы Кіева аб пастаўцы ракет ATACMS з далёкасьцю да 300 кіляметраў. У Белым доме асьцерагаюцца, што ўкраінскія вайскоўцы будуць наносіць удары па цэлях у глыбіні расейскай тэрыторыі, што можа прывесьці да некантраляванай эскаляцыі вайны і ўцягнуць ЗША ў канфлікт.

Кіеў, у сваю чаргу, настойвае, што ня будзе выкарыстоўваць такую зброю для нанясеньня ўдараў па цэлях на тэрыторыі Расеі.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG