Лінкі ўнівэрсальнага доступу

TikTok заблякаваў сетку ботаў з Расеі за прапаганду вайны з Украінай


Кітайская кампанія TikTok заблякавала найбуйнейшую сетку расейскіх ботаў, якія распаўсюджвалі прапаганду пра вайну Расеі з Украінай сярод эўрапейскіх карыстальнікаў.

На справаздачу сацсеткі для Эўразьвязу зьвярнула ўвагу агенцтва Bloomberg.

TikTok сьцьвярджае, што боты былі створаныя ў Расеі, але маскаваліся пад эўрапейскіх карыстальнікаў. Яны публікавалі прарасейскі кантэнт пра вайну на нямецкай, ангельскай і італьянскай мовах з выкарыстаньнем праграмаў сынтэзу маўленьня.

Усяго заблякавана каля 1700 акаўнтаў, у якіх налічвалася 133 тысячы падпісчыкаў. Сетка праіснавала зь ліпеня па верасень мінулага году. Хто стаіць за яе стварэньнем, не ўдакладняецца.

TikTok таксама заблякавала 18 акаўнтаў з Грузіі, якія выдавалі сябе за агенцтвы навін і распаўсюджвалі на расейскай мове паведамленьні ў падтрымку расейскіх дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны. Кантэнт прызначаўся для казахстанскай, беларускай і ўкраінскай аўдыторый.

Днямі зьнешнепалітычная служба ЭЗ апублікавала даклад пра дэзынфармацыю і маніпуляцыю фактамі ў сусьветнай інфармацыйнай прасторы ў 2022 годзе. У дакладзе Расея названа галоўнай краінай-дэзынфарматарам году. На думку ведамства, вайна Расеі з Украінай стала галоўнай тэмай інфармацыйных нападаў, прычым у 60 выпадках са 100 іх мэтай было апраўданьне расейскага ўварваньня.

Другой мэтай інфармацыйных атак, якія паходзяць з Расеі, стала дыскрэдытацыя Эўрапейскага Зьвязу і краін, якія ў яго ўваходзяць.

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль паведаміў, што Эўропа мае намер бліжэйшым часам стварыць цэнтар аналізу і абмену інфармацыяй, які будзе супрацьстаяць прапагандзе.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG