Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай, 12 студзеня 2023 году
На відэазапісе можна пабачыць толькі фундамэнты, якія засталіся ад жылых будынкаў. У пасёлку да вайны жылі каля 500 чалавек.
Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдайапублікаваў відэакадры пасёлку Навасёлаўскае ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласьці.
На гэтым запісе відаць толькі фундамэнты, якія засталіся ад жылых дамоў. У пасёлку да вайны жылі каля паўтысячы чалавек. Гэтую тэрыторыю ўкраінскія войскі вызвалілі летась у канцы сьнежня.
«Пасёлак пусты. Мясцовых жыхароў там няма. У студзені расейскі снайпэр застрэліў апошнюю жыхарку Навасёлаўскага. У населеным пункце не ўцалеў ніводзін будынак, усё патрушчана варожымі снарадамі. Так выглядае „рускі сьвет“», — пракамэнтаваў гэты відэазапіс Сяргей Гайдай.
У тэлевізійным эфіры кіраўнік рэгіёну ня выключыў, што расейцы рыхтуюцца да вялікага наступу на луганскім кірунку.
«Мы бачым, што ўсё больш і больш сьцягваюць рэзэрвы на наш кірунак, фіксуем, што завозяць больш тэхнікі, якую хаваюць у лесапасадках. Пасьля 15 лютага (наступу) можна чакаць у любы час»
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што цяпер асноўныя баявыя дзеяньні адбываюцца ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Адначасова расейцы працягваюць абстрэл прыфрантавых населеных пунктаў.
«Асноўныя намаганьні акупанты канцэнтруюць на вядзеньні наступальных дзеяньняў на куп’янскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і навапаўлаўскім кірунках. Падчас баявых дзеяньняў у раёне гораду Бахмут адзначаецца поўная адсутнасьць каардынацыі і ўзаемадзеяньня сярод вайскоўцаў расейскіх акупацыйных войскаў і наймітаў так званай ПВК «Вагнэр», — адзначылі ў Генштабе.
Незалежнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі няма. Ва ўмовах вайны цяжка апэратыўна спраўджваць апэратыўную інфармацыю і заявы прадстаўнікоў уладаў краін, якія ваююць.