Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што дзеяньні расейскай арміі, у тым ліку імаверны новы наступ на Кіеў, цалкам залежаць ад жаданьня расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна даказаць свайму народу, што ён доўгатэрміновы гулец, які ніколі не здаецца.
«Мяркую, што плян Пуціна і ягоных людзей, такіх як і Валерый Герасімаў, новы галоўнакамандуючы расейскай арміяй, палягае ў тым, каб атачыць Украіну. І калі ён рыхтуе ўсе гэтыя пляны, ён, напэўна, думае, што яму трэба атакаваць з двух бакоў або трох розных кірункаў. Таму я думаю, што ўкраінцы ня могуць выключаць нападу зь беларускай поўначы на Ўкраіну, каб Кіеў быў аточаны з захаду», — сказаў Матэвуш Маравецкі ў інтэрвію нямецкаму выданьню Bild.
Кіраўнік польскага ўраду таксама мяркуе, што расейскае кіраўніцтва і камандаваньне для ажыцьцяўленьня новага наступу будуць чакаць спрыяльных умоваў надвор’я, паколькі з прычыны мяккай зімы зямля не прыдатная для перамяшчэньня цяжкіх танкаў і артылерыі.
«Таму Пуцін, напэўна, захоча пачакаць, пакуль высахне ўся гразь, балота і ня вельмі падрыхтаваны грунт для наступу... З усёй інфармацыі, якую я маю з Украіны, я ведаю, што будзе яшчэ адзін расейскі наступ, магчыма, у сакавіку-красавіку, і гэта будзе вельмі цяжкі наступ», — дадаў Матэвуш Маравецкі.
«Я думаю, што ён (Пуцін), на жаль, ня толькі поўны нянавісьці да Ўкраіны, але ён хоча яшчэ раз паказаць свайму народу, што ён доўгатэрміновы гулец, які ніколі не здаецца, і ён зноў будзе атакаваць Кіеў. Так, у мяне такія асьцярогі», — патлумачыў ён.
Прэм’ер-міністар Польшчы нагадаў, што кіраўніцтва Расеі мабілізавала шмат новых салдатаў, «каля 200-250 тысяч».
«Нельга забывацца, што рэсурсы Расеі сапраўды вялікія, а кішэні глыбокія. У іх шмат боепрыпасаў, шмат зброі і шмат людзей», — перакананы ён.
Польшча з пачатку вайны перадала Ўзброеным сілам Украіны танкі PT-91 Twardy уласнай вытворчасьці — гэта асноўныя баявыя танкі ўзброеных сілаў краіны. ПТ-91 — мадэрнізаваны варыянт савецкага танка Т-72 з больш магутным рухавіком і сыстэмай кіраваньня агнём.
Гэтая краіна стала адной зь першых, якая заявіла аб намеры перадаць Украіны танкі Leopard.
Украінская выведка неаднаразова заяўляла, што ня бачыць прыкмет падрыхтоўкі новага наступу з тэрыторыі Беларусі. Гэтай думкі прытрымліваецца і амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW). У сваёй апошняй справаздачы экспэрты інстытуту канстатавалі, што Расея пачала інфармацыйную кампанію для падрыхтоўкі новых вайсковых рэйдаў у паўночна-ўсходнія раёны Ўкраіны, але па-ранейшаму лічаць малаімаверным новы наступ расейскага войска зь беларускай тэрыторыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.